На картофельном поле в «Кубличах»

Общество

Вырошчваннем бульбы ў раёне ўжо традыцыйна займаюцца дзве гаспадаркі – КУСГП “Кублічы” і СВК “Агра-Селішча”. Трэці тыдзень на бульбяных палетках кіпіць работа на ўборцы другога хлеба, які выкапаны больш чым з паловы ўсіх плошчаў. “Кублічам” неабходна сабраць ураджай з плошчы ў 75 гектараў. З раніцы і да самага вечара на полі мнагалюдна. Дапамогу гаспадарцы аказваюць навучэнцы Полацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа і школьнікі.

Сёлетні год стаў сапраўдным выпрабаваннем для тых, хто вырошчвае бульбу. У “Кублічах” дрэнна захаваўся свой пасадачны матэрыял, а таму вясной трэба было клапаціцца пра насенне, якое завозілі з іншых абласцей. А летам не надта радавала надвор’е і штомесяц уносіла свае карэктывы ў планы па вырошчванні не толькі бульбы, але і іншых культур. Таму і не дзіўна, што не на ўсіх палях аднолькава ўрадзіў другі хлеб. Хоць усё выконвалася па даўно знаёмай тэхналогіі, хваліцца кубліцкім бульбаводам асабліва няма чым. Калі толькі пачыналі капаць бульбу, ураджайнасць была вышэй, чым у суседнім СВК “Агра-Селішча” і складала больш 100 цэнтнераў з гектара. Цяпер жа яна знізілася амаль удвая.

На полі за вёскай Пруды бульба не ўрадзіла, адпаведна і энтузіязм да работы ў студэнтаў быў не такі, як тыдзень таму. Капалкі ледзьве паспявалі разганяць барозны, так хутка ўслед ім ішлі школьнікі і студэнты. У першы тыдзень і па 150 вядзёр набіралі, цяпер, канечне, менш, аднак усё роўна стараюцца, бо ўсе ехалі на сельгасработы з мэтай зарабіць. Дарэчы, палова студэнтаў у Кублічы трапіла ўжо ў другі раз. У мінулым годзе таксама працавалі на ўшацкіх палетках.

– Калі даведаліся, што зноў едзем у Кублічы, то ўзрадаваліся, бо ў мінулым годзе нам тут спадабалася, – наперабой дзеляцца ўражаннямі навучэнцы, – за праведзены разам час на сельгасработах вельмі здружыліся.

Хоць яшчэ не ўвесь ураджай сабраны, аднак у “Кублічах” ужо клапоцяцца пра збыт вырашчанай прадукцыі, а яна пераважна сартоў беларускай селекцыі. І ўжо зараз неабходна думаць пра насенне, каб захаваць патрэбную колькасць пасадачнага матэрыялу, і вясной не затрачваць сродкі і сілы на яго закупку.

В.ПОЛАЗАВА.

На здымку:

навучэнцы каледжа да работы гатовы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *