Когда огнетушитель не помощник. Как выполняют правила безопасности на стройплощадках, мы узнали во время совместного рейда с МЧС

Cлужба-101

Як выконваюць правілы пажарнай бяспекі жыхары раёна, выратавальнікі пастаянна правяраюць падчас рэйдаў у жылфондзе. Але ўдзяляецца ўвага і іншым аб’ектам. Днямі мы адправіліся ў сумесны рэйд з прадстаўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях на будаўнічыя пляцоўкі гарпасёлка.

– За прыкладамі надзвычайных здарэнняў на такіх аб’ектах далёка хадзіць не трэба. У Полацку ў канцы мінулага года на будаўнічай пляцоўцы ў мікрараёне “Аэрадром” адбыўся пажар ў вагоне-бытоўцы, што належыў наваполацкаму трэсту №16. У падсобным памяшканні будаўнікі пакінулі ўключаны паяльнік. Высветлілася, што да абучэння і інструктажаў у трэсце адносіліся фармальна. Падобных выпадкаў, калі бытоўкі гарэлі з-за няправільнай эксплуатацыі электраабсталявання, печаў ці па прычыне курэння, у краіне хапае, – расказвае на шляху першы намеснік начальніка Ушацкага РАНС М.А.Арлоў.

Першым пад нашу ўвагу трапіў будучы гандлёвы цэнтр на вуліцы Савецкай, які плануецца здаць у эксплуатацыю ў маі. На тэрыторыі два вагоны-бытоўкі, якія зараз не ацяпляюцца, але электрапрыборамі рабочыя ў іх актыўна карыстаюцца. “Пакажыце, дзе захоўваюцца вогнетушыцелі?” – пытаецца Міхаіл Аляксандравіч. Будаўнікі ўзрадавана зазначаюць: “Ён у нас заўсёды на бачным месцы – каля ўваходу і запраўлены!” Аднак, як імі ў выпадку ўзгарання будуць карыстацца работнікі, сказаць складана: на ўсіх чатырох, якія давялося ўбачыць, адсутнічаюць раструбы. “Каб ліквідаваць узгаранне, трэба сарваць пломбу, выдзернуць чаку, накіраваць раструб на ачаг узгарання і націснуць на рычаг. І вы павінны разумець, што вогнетушыцелі патрэбны не правяраючым, а вам, каб дапамагчы на ранняй стадыі пажару”, – нагадаў М.А.Арлоў. Выяўлена на аб’екце і яшчэ адно парушэнне: работнікі дазваляюць сабе курыць па-за спецыяльна адведзенымі месцамі. Між тым, у вобласці больш 70 працэнтаў загінуўшых на пажарах сталі ахвярамі агню менавіта з-за непатушанай цыгарэты. Выратавальнікі нагадалі пра гэта не толькі на прыгаданай пляцоўцы, а і іншых. Актыўна вядуцца будаўнічыя работы ў музеі, тут няма вагонаў-бытовак – для сваіх мэт работнікі выкарыстоўваюць плошчы ўстановы. У гандлёвы аб’ект хутка ператворыцца будаўнічая пляцоўка на Ленінскай, з тэрыторыі ўжо ўбраны бытоўкі, але падчас папярэдняй праверкі супрацоў­нікі МНС выявілі парушэнні ў эксплуатацыі прыбораў ацяплення. Выпраўляюць працаўнікі зараз непасрэдна ў магазіне і іншыя недахопы, звязаныя з бяспекай.

Ужо не выкарыстоўваюцца вагоны-бытоўкі на дзіцячай школе мастацтваў, але пакуль яны яшчэ “ўпрыгожваюць” прылягаючую тэрыторыю. Аналагічная карціна і на вуліцы Віцебскай каля нядаўна ўведзенага ў эксплуатацыю 40-кватэрнага жылога дома.

Інструктажы па правілах пажарнай бяспекі падчас рэйду атрымалі больш двух дзясяткаў чалавек – прафілактычныя размовы лішнімі не бываюць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *