Ушачанин купил на остановке в Сорочино 8 грамм марихуаны. Хроника происшествий в районе

Происшествия

Выкрадаць – не камяні цягаць

Адзін з апошніх сваіх візітаў у Залужэнне жыхар Наваполацка запомніць надоўга. Пра тое, што за паўгода (менавіта столькі яго не было на дачы) тут нехта “пагаспадарыў”, сведчылі адсутнасць металічнай агароджы і сарваны навясны замок на доме. Агляд маёмасці ўказаў, што з будынка зніклі газавая пліта, два металічныя ложкі, прасціны, коўдры, падушкі агульным коштам 668 рублёў. Злодзеямі аказаліся беспрацоўныя мясцовыя жыхары 1990-га і 2000-га гадоў нараджэння. У адносінах іх узбуджана крымінальная справа, частка выкрадзенага вернута гаспадару.

Не па-суседску

Пакуль пенсіянерка з вёскі Касары спакойна гасцявала ў родных, у яе кватэры пабываў злодзей. Выставіўшы аконнае шкло, той пранік у памяшканне, адкуль вынес электрарухавік ад пральнай машыны, акустычную калонку, радыёпрыёмнік і іншую маёмасць на агульную суму каля 30 рублёў.

Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Ушацкага РАУС устаноўлена асоба выкрадальніка. Ім аказаўся мясцовы хлопец, навучэнец аднаго з каледжаў Віцебшчыны. У адносінах юнака ўзбуджана крымінальная справа, прычым, ужо не першая ў яго біяграфіі.

* * *

Гэтак жа не па-суседску паступіў беспрацоўны жыхар вёскі Любжына 1982 года нараджэння. Пакуль мясцовы пенсіянер, знаходзячыся ў блізкіх у Наваполацку, прыходзіў у сябе пасля пажару дома, той “абследаваў” яго двор. Акцэнт зламыснік зрабіў на метал, што знаходзіўся ў свабодным доступе: плугі, тры аўтамабільныя масты, кампрэсар ад халадзільніка і 40 кілаграмаў лому алюмінію на агульную суму 675 рублёў.

Відэа з “пярчынкай”

яшчэ ў 2013-м размясціў у сваім акаунце ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” ўшачанін 1981 года нараджэння. Відаць, ужо і сам забыўся пра гэта, таму быў шчыра здзіўлены, што трапіў за распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў у поле зроку праваахоўнікаў.

Справа пахне металам

Двое жыхароў Ліпаўца 1971-га і 1977-га гадоў нараджэння задаволілі сваю крымінальную цікавасць, правёўшы “рэвізію” ў чужым двары. У свайго аднавяскоўца зламыснікі выкралі металічную бочку, пяць металічных труб, акучнік, культыватар і барану агульным коштам 220 рублёў. Такі скарб яны хутка збылі, але ж радасці ад “аперацыі” ніякай: у адносінах мужчын узбуджана крымінальная справа, ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

З двайным пранікненнем

Не шукаў лёгкага шляху, каб годна пажывіцца, гаспадарлівы і, па ўсім відаць, галодны жыхар вёскі Старынка 1964 года нараджэння. Завітаўшы ў двор аднавяскоўцаў, мужчына залез спачатку ў гаспадарчую пабудову, а ўжо там выпіліў у сцяне невялікі праём, праз які пранік у гараж. У гэтых памяшканнях злодзей пажывіўся двума акумулятарамі, наборамі гаечных ключоў і адвёртак, сякерай, дзвюма шліфмашынкамі, а таксама 10 слоікамі з мёдам і 4 – з тушонкай. Урон, які панеслі гаспадары, склаў 610 рублёў. Па ўзгаданым факце ўзбуджана крымінальная справа, частка выкрадзенага вернута гаспадару.

“Важкія” грамы

8 грамаў – здавалася б, дробязь. Аднак такой вагі марыхуаны, якую невядомы злодзей прадаў у сакавіку на прыпынку грамадскага транспарту ў Сарочыне жыхару нашага раёна, было дастаткова для ўзбуджэння крымінальнай справы. Навошта набываў наркотык, ушачанін 1989 года нараджэння адказаць не змог. Між тым, пра такую “здзелку” ён сам паведаміў у міліцыю.

Б’е – значыць кахае…

Так думала жыхарка вёскі Градзянец, якая пэўны час цярпела здзекі, знявагу з боку свайго сужыцеля 1974 года нараджэння. Той, дарэчы, ужо меў судзімасць па факце катавання. Пасля ж чарговай “разборкі”, калі мужчына моцна схапіў яе за шыю, агучваючы намер расквітацца, грамадзянка звярнулася ў міліцыю. У адносінах хатняга тырана ўзбуджана чарговая крымінальная справа, на гэты раз – за пагрозу забойствам.

Няпрошаныя госці

Са жніўня 2019-га па сакавік 2020-га невядомы злодзей правёў “рэвізію” ў дачным доме жыхара сталіцы ў вёсцы Загор’е. “Госця”, які трапіў у памяшканне, узламаўшы навясны замок, зацікавілі бензатрымер, электрачайнік і рыбацкія боты на агульную суму 165 рублёў.

* * *

Устанаўліваецца асоба няпрошанага госця, які скарыстаўся свабодным доступам да тэхнікі лясгаса, што была пакінута на ноч з 28 па 29 сакавіка ля вёскі Завячэлле, і зняў з яе два акумулятары. Урон, які ў выніку крадзяжу панесла прадпрыемства, склаў звыш 580 рублёў.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *