Необычные книги для малышей мастерит уроженка Ушаччины Ольга Пашута

Калейдоскоп

Якія бываюць кнігі? Папяровыя ды электронныя – адкажуць, напэўна, нашы чытачы. А вось ураджэнка вёскі Двор Пліна Вольга Пашута абавязкова дадала б у гэты пералік і кнігі тэкстыльныя. Не чулі пра такія? Тады гэты артыкул будзе для вас пазнавальным.

Трэба сказаць, што нагодай для яго паслужыла… неадбыўшаяся сустрэча. Свае ўнікальныя вырабы маладая мама двух маленькіх сыночкаў, якая пражывае зараз на Міншчыне, меркавала прадэманстраваць у Плінскім сельскім клубе і расказаць землякам пра тонкасці гэтага віду рукадзелля падчас адмысловай сустрэчы, задуманай дырэктарам культ­установы Верай Васільеўнай Дрозд. “Каранавірусныя” абмежаванні парушылі планы – аднак мы вырашылі перавесці мерапрыемства ў віртуальны фармат: такім чынам пра захапленне Вольгі даведаецца яшчэ больш людзей. А хтосьці, магчыма, і адкрые для сябе гэты від рукадзелля – зараз у многіх з’явіўся дадатковы вольны час, які дарэчы патраціць на набыццё новых навыкаў.

Самаробныя мяккія кніжкі для маленькіх чытачоў у апошнія некалькі год набылі прыкметную папулярнасць у свеце. Зрэшты, іх аўдыторыю ў прамым сэнсе чытачамі і не назавеш: у адрозненне ад традыцыйных, кнігі з тканіны звычайна не ўтрымліваюць тэкстаў, а інфармацыю нясуць праз змешчаныя на іх старонках аплікацыі з мноствам разнастайных дэталяў. “Каб змайстраваць развіваючую кнігу, неабавязкова быць вопытнай швачкай: неабходны найперш жаданне і фантазія, – расказвае рукадзельніца. – У якасці матэрыялу для старонак і дэталяў лепш за ўсё выкарыстоўваць фетр, для аздаблення могуць спатрэбіцца кавалачкі футра і скуры, гузікі і пацеркі, маланкі і шнуркі, розныя засцёжкі і залепы. З усяго гэтага вы складаеце карцінкі і нашываеце іх на старонкі, якія потым мацуеце паміж сабой”.

Сюжэты могуць быць самымі рознымі. Напрыклад, адна з работ Вольгі, створаная па матывах верша ­С.Маршака “Глупый маленький мышонок”, ілюструе прыгоды капрызнага персанажа, які ніяк не хацеў класціся спаць. Старонкі яшчэ адной кніжкі знаёмяць з насельнікамі вадаёма: прычым малыш можа, напрыклад, “пакарміць” пелікана рыбкай, адкрыўшы ракавінку, знайсці ў ёй малюска – дзякуючы здымным дэталям рэч становіцца інтэрактыўнай. З дапамогай такіх кніжак зусім маленькім дзецям можна тлумачыць паняцці формы і колеру прадметаў, а дашкольнікаў вучыць лічбам і літарам. Правільна падбіраць тэмы, улічваючы адукацыйныя моманты, Вользе дапамагае яе прафесія: дзяўчына мае дзве вышэйшыя адукацыі па спецыяльнасцях філолага і псіхолага. Ну а рукадзеллем захаплялася яшчэ са школьных гадоў, спрабавала вышываць, шмат карысных навыкаў атрымала на ўроках працы ў Плінскай школе, якія вяла Ірына Генадзьеўна Марковіч.

Спачатку маладая мама, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, шыла мяккія кніжкі, цацкі і арганайзеры для сваіх дзяцей, перадавала іх у садок, які наведвае старэйшы сын. Вырабляла таксама кнігі для дзетак, маючых праблемы са зрокам, і дарыла іх спецыялізаванай установе. Убачыўшы, як Вольгу захапіла гэтая справа, муж падарыў ёй сучасную швейную машыну, а нядаўна Вольга аформіла рамесніцтва: цяпер частку вырабаў яна рэалізоўвае пакупнікам – у майстрыхі з’явіўся нават свой брэндавы значок.

“Работа, канечне, карпатлівая, высакаякасную сыравіну і фурнітуру заказваю з-за мяжы, таму кнігі каштуюць нятанна. Аднак попыт на іх маецца, ёсць заказчыкі з еўрапейскіх краін, так што пэўны прыбытак у сямейны бюджэт прыношу”, – адзначае майстрыха. Асабліва ж грэе тое, што па мяккіх старонках вырабаў, у якія яна ўкладае душу, будуць бегаць маленькія дапытлівыя пальчыкі, спасцігаючы вялікі і цікавы навакольны свет.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *