Как работают сотрудники «скорой» в нынешнее время, читайте в нашем материале

Здравоохранение Общество

Работнікі аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі героямі сябе не лічаць. Пагутарыць з журналістамі пагаджаюцца неахвотна, маўляў, проста робяць сваю справу. Як цяпер працуе “хуткая”, дзе дэзінфіцыруюцца машыны і ці на кожны выклік апранаецца поўная ахоўная амуніцыя? За адказамі на гэтыя пытанні мы накіраваліся ва Ушацкую цэнтральную раённую
бальніцу.

У штатным рэжыме

У аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі адносна спакойна. З чарговага выкліку вярнулася брыгада ў складзе Вольгі Мікалаеўны Пятніцы (на здымку) і Ягора Іванавіча Шайтара. “Нічога экстраардынарнага, у бабулі проста ўзняўся ціск, – кажа малады фельчар. – У падобных выпадках нам дастаткова апрануць шапачку, медыцынскую маску, пальчаткі. І ўсё ж, улічваючы ўзрост пацыенткі, для дадатковай перасцярогі выкарысталі ахоўны касцюм з бахіламі, экран для твару”. Другая брыгада, а гэта Наталля Аляксееўна Судак і Сяргей Мікалаевіч Касяк, гэтак пакуль не “ўкамплектоўвалася”: за некалькі гадзін дзяжурства нагоды не было.

Як расказала старшы фельчар Марына Генадзьеўна Харэвіч, аддзяленне працуе ў штатным рэжыме. Графік работнікаў – 10 фельчараў і 8 вадзіцеляў – практычна не змяніўся, колькасць брыгад на лініі таксама ранейшая. Ды і ў цэлым доля “каранавірусных” выклікаў зусім невялікая.

Усё неабходнае – пад рукой

Як толькі на нумар “103” паступае выклік, медработнік удакладняе неабходную інфармацыю: што непакоіць, калі ўзніклі сімптомы, ці быў чалавек за мяжой, ці кантактаваў з людзьмі, якія маюць рэспіраторныя захворванні. Некалькі хвілін – і брыгада ў дарозе. У асаблівых умовах даводзіцца быць максімальна асцярожнымі, таму і фельчар, і вадзіцель апрануты ў адмысловыя касцюмы. У машыне заўсёды ёсць дадатковыя камплекты для пераапранання, паколькі з аднаго выкліку, без заезду на базу, брыгаду могуць накіраваць па другім адрасе.

Пад рукой у фельчара – усё неабходнае: медыкаменты, ЭКГ, дэфібрылятар, кіслародны інгалятар, планшэт для сувязі з бальніцай… Сярод “навінак” – пульсаксіметр, які дазваляе на доме змерыць пацыенту ўзровень кіслароду ў крыві.

Захварэць прасцей у грамадскіх месцах

Пасля заканчэння змены і кожнага выкліку, звязанага з рэспіраторным захворваннем, машына “хуткай” праходзіць дэзінфекцыю: спецыяльным растворам апрацоўваюцца ручкі, іншыя паверхні. Калі гаворка ідзе пра пацверджаны дыягназ COVID-19, перавозку кантактаў першага ўзроўню ці пацыентаў з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю, транспарт накіроўваецца на спецпляцоўку, дзе з пульверызатара апырскваецца з усіх бакоў, а пасля грунтоўна дэзінфікуецца ўнутры.

У гэты час работнікі брыгады ў асобна выдзеленым памяшканні, дзе ёсць адмысловыя замочкі, ультрафіялетавыя лямпы і іншае, здымаюць ахоўную форму, дэзынфіцыруюць яе, а затым утылізуюць. Старшым па змене выдаецца наступны камплект адзення.

Падобныя меры бяспекі для работнікаў “хуткай” на выпадак інфекцыйных захворванняў існавалі заўсёды. І як толькі ў краіне быў зарэгістраваны першы выпадак каранавіруса, для іх склалі падрабязныя рэкамендацыі: па транспарціроўцы, зборы анамнэзу, мерах бяспекі, недапушчэнні распаўсюджання COVID-19. Самі ж медыкі ў адзін голас запэўніваюць: няма ў гэтых выкліках для іх нічога страшнага, у касцюмах ахова амаль стапрацэнтная – захварэць куды лягчэй у грамадскіх месцах.

“Мы гатовы да любога сцэнарыя – работа ў экстраннай службе абавязвае! – кажа М.Г.Харэвіч. – І ўсё ж спадзяюся, што хутка здымем “касцюмы касманаўтаў”, паколькі неабходнасць у іх выкарыстанні адпадзе, і будзем працаваць у звычайным рэжыме”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *