В Ушачском районе стартовала жатва-2020

Сельское хозяйство

Тэхніка – спраўная, настрой – баявы, а залогам поспеху стануць  дысцыпліна і неабыякавы падыход да справы.

Такім быў лейтматыў аднаго з самых важных і адметных для работнікаў сельскай гаспадаркі гадавых святаў – “Зажынак”, якія па даўняй традыцыі праводзіцца на старце масавага жніва. І праходзілі яны сёлета на адметным месцы – ва ўрочышчы ля мемарыяльнага комплексу “Прарыў”, з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанкі.

Уладзімір Паўлавіч зазначыў, што вынікі развіцця сельскагаспадарчай галіны Віцебшчыны сёлета радуюць і ў рэгіёну ёсць прадпасылкі пазбавіцца ад стэрэатыпу “краю рызыкоўнага земляробства”. Толькі трэба якасна і своечасова, выкарыстоўваючы кожную прыдатную хвіліну, убраць ураджай.
Дарэчы, у мінулым годзе менавіта экіпаж з Віцебшчыны, старшага камбайнера Сяргея Грэкава з Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў стаў абсалютным пераможцам у краіне, пераадолеўшы сямітысячны намалот. Зразумела, аб такіх паказчыках нашы камбайнеры нават і не мараць – не тыя плошчы, контурнасць, урадлівасць зямель і тэхнічнае аснашчэнне. Але ў тым, што ўборачную правесці ў аптымальныя тэрміны магчыма, ўпэўнены – абы не перашкаджала надвор’е. Пра гэта казалі галоўныя героі свята, камбайнеры ААТ “Агра-Селішча”. Склад іх нязменны на працягу апошніх гадоў – Генадзь Хадасевіч, Алег Крывёнак і Юрый Юркевіч. Перад пачаткам мерапрыемства яны сціпла гутарылі ля камбайнаў, успаміналі перыпетыі мінулых кампаній. Тры КЗС-1218 “Палессе” адрамантаваны, хаця і не без цяжкасцей, звязаных з недахопам фінансавых сродкаў, – агрэгаты далёка не новыя. Зрэшты, праблемы пераадолены, гатова і зернесушыльная гаспадарка, якая сёлета ў надзейных руках – тут будзе працаваць Дзмітрый Хамёнак, які спецыяльна для гэтага ўзяў водпуск ва Ушацкім участку філіяла КУП “Наваполацкводаканал”.

Да разумення важнасці справы аператыўнай уборкі ўраджаю заклікаў шэфаў намеснік старшыні райсельгасхарчу Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў – кіраўнікі арганізацый і устаноў, якія дэлегуюць сваіх работнікаў на жніво, былі запрошаны на свята разам з дырэктарамі, спецыялістамі і камбайнерамі сельгаспрадпрыемстваў і атрымалі сімвалічныя прэзенты ў выглядзе льняных ручнікоў. А мінулагодні пераможца раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур камбайнер філіяла “Маяк-Ушацкі” Уладзімір Шэдзько павязаў сімвалічны рушнік Г.Хадасевічу, які першым адправіўся адлічваць намалочаныя тоны зерня новага ўраджаю.

Да гэтага ж моманту хлебаробаў віталі У.П.Андрэйчанка, старшыня райвыканкама Уладзімір Геннадзьевіч Аўдошка, які пажадаў, каб падчас уборачнай кампаніі ім спрыяла надвор’е, надзейна працавала тэхніка і ўсе дастойна, з высокімі паказчыкамі завяршылі жніво. З мінулай восені работнікі раслінаводчай галіны сельгаспрадпрыемстваў шчыра працавалі на палетках для таго, каб вырасціць дастойны ўраджай. І хлебная ніва гатова аддзячыць руплівым – збожжа на палях ёсць. Да аграрыяў таксама звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шэўчанка, якая жадала ўсім занятым на жніве безаварыйнай работы, здароўя, высокіх намалотаў і абвясціла ўмовы спаборніцтва сярод удзельнікаў уборачнай.

Урачыстасць пачалася са жніўных песень, якія ўслаўляюць нашу зямлю-карміцельку, у выкананні работнікаў культуры. Благачынны Ушацкага раёна айцец Вячаслаў благаславіў удзельнікаў жніва на плённую працу і асвяціў тэхніку, камбайнераў і ўсіх прысутных, каб Гасподзь дапамог убраць ураджай і парадаваў людзей, апраўдаў іх спадзяванні.

Па традыцыі сярпамі быў зажаты першы сноп, які ўручылі кіраўніку ААТ “Агра-Селішча” Сяргею Аляксандравічу Плігаўку. Ён даў камбайнерам наказ прыступіць да масавай уборкі ўраджаю, пажадаў поспехаў. Раздалася каманда: “Па машынах!” і пад гукі мелодый і апладысменты камбайны адзін за адным рушылі ў поле. Свята завяршылася, і зноў пачаліся няпростыя рабочыя будні аграрыяў. У добры шлях, жніво-2020!

Дзмітрый Раманоўскі.

 

ДАРЭЧЫ

Сёлета ва ўборцы ўраджаю аграрыям будуць дапамагаць работнікі лясгаса, ДРБУ-105, Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, райбальніцы, УП ЖКГ, аддзела па адукацыі, Ушацкага участка філіяла КУП “Наваполацквадаканал”. На камбайны, адвозку зерня і зернесушылкі з арганізацый-шэфаў прыцягваецца 21 чалавек.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *