Байдарке все возрасты покорны! Тонкости водного туризма испытали на себе

Калейдоскоп

Паколькі жыву побач з рэчкай, перыядычна бачыла, як па нашай Ушачы сплаўляліся на лодках кампаніі турыстаў. Спартыўныя і загарэлыя людзі ў яркіх камізэльках весела гаманілі, рытмічна махалі вёсламі і, пераадолеўшы зараснікі чароту, знікалі за паваротам ракі. Я ж з зайздрасцю глядзела ім услед і шкадавала, што, напэўна, ніколі не адчую рамантыку падобных падарожжаў…

Але жыццё непрадказальнае. І гэтым летам мне давялося сесці ў сапраўдную байдарку і пабываць “у шкуры” турыста-водніка. Дарэчы, не толькі ў пераносным, а і лічы што ў прамым сэнсе: аказваецца такім слэнгавым словам бывалыя аматары гэтага віду актыўнага адпачынку называюць мяккую абалонку байдаркі, якая нацягваецца на зборны металічны каркас. Пра гэтыя і іншыя прамудрасці я даведалася ад аксакала паходнай справы Алега Барысавіча Іванова. “Пра водны турызм распавесці немагчыма. Трэба паказваць!” – усміхнуўся ён, калі я агучыла жаданне зрабіць артыкул на гэтую тэму. І тут жа прапанаваў у бліжэйшыя выхадныя адправіцца ў паход. Вядома ж, не ў шматдзённы – па імклівых, бурлівых рэках, а пакуль што ў азнаямляльны, трэніровачны. І вось, набраўшы невялікую рознаўзроставую каманду дылетантаў, мы рушылі ў бок “Лясных азёр”…

І што вы думаеце? На першым жа этапе рэалізацыі праект аказаўся пад пагрозай – літаральна ўсе прыступныя месцы на берагах Вечалля і Должыцы ўжо былі “захоплены” больш шпаркімі турыстамі. На нумарах аўтамабіляў у асноўным лічбы Мінска і сталічнага рэгіёну. Аднак адчувалі мы не прыкрасць, а гордасць – каб трапіць на ўшацкія маляўнічыя азёры, людзі гатовы ехаць за сотні кіламетраў!

Зрэшты, утульную палянку на стромкім беразе мы ўсё ж адшукалі і разбілі лагер з усімі выгодамі: палаткамі, сцягам і нават гамаком. Пасля чаго прыступілі да сакральнай працэдуры – збору байдаркі.

Пра сваю лодку гаспадар можа расказваць бясконца – у якіх толькі водах за мноства год вернай службы ні пабывала гэтае судна. У свой першы байдарачны паход Алег Барысавіч адправіўся ў маладосці, з цягам часу прыцягнуў да гэтага захаплення сям’ю і сяброў, вадзіў па водных маршрутах дзіцячыя турыстычныя групы. Хадзіў па многіх знакамітых вадаёмах: Себежскіх азёрах, латвійскай рацэ Гаўя, Рыжскім узмор’і, жамчужыне Беларусі Бярэзіне. “Байдарачныя паходы – захапленне для моцных целам і духам людзей, – расказвае ён. – Альпіністы і воднікі лічацца галоўнымі экстрэмаламі. Для паходаў вялікай ступені складанасці неабходна спецыяльная падрыхтоўка, дасканалае вывучэнне шляху: на Карэльскіх азёрах, напрыклад, ёсць месца, дзе цячэнне рэзка ідзе пад скалу, крыху расслабішся –­ і не пазбегнуць трагедыі”.

Уздоўж і ўпоперак прайшоў Алег Барысавіч і ўшацкія вадаёмы. Самым спрыяльным для байдаркі возерам называе працяглае Оталава. Адметны “плюс” Крывога – чысціня вады, з якой смела можна гатаваць ежу. Чарсцвядскае, Павульскае, Бярозаўскае і іншыя азёры Ушацкай групы злучаны пратокамі, таму праз іх вандроўцы даволі часта ладзяць свае маршруты. А як займальна распавядаў наш інструктар пра Казлячы востраў, дзе калісьці яны любілі спыняцца на начлег, аднак у апошнія гады птушкі і бабры ў літаральным сэнсе выжылі чалавека з гэтага кавалачка сушы.

Ну а што тычыцца нашага дэбютнага заплыву, то ён адпавядаў першай ступені складанасці. Мы прайшлі інструктаж і амаль адразу навучыліся трымаць рытм і выконваць каманды “рулявога”. І хоць лагодны ветрык у гэты дзень амаль не ўздымаў хвалю, адрэналіну ўсё роўна хапіла: мы выканалі пастаўленую задачу, пераплыўшы на супрацьлеглы бераг. Дадам яшчэ, што малодшаму члену нашай каманды – Паліне Сазонавай, было 14 год, а старэйшаму – яе бабулі Валянціне Іванаўне – за 70, а таму, перафразуючы класіка, мушу сказаць, што байдарцы пакорныя ўсе ўзросты!

Але не толькі водным падарожжам запомнілася вандроўка. Прыгатаваныя на вогнішчы юшка і салянка, вэнджаная рыба і запечанае мяса нават побач не стаялі з будзённымі дамашнімі абедамі.

І, канечне, сапраўдны паход не абыходзіцца без песень пад гітару – Алег Барысавіч, здаецца, можа выканаць абсалютна любую, хаця бясспрэчнымі хітамі нашага вечара былі неўміручыя турыстычныя шлягеры пра “Сонейка лясное” ды “Згіб гітары тонкай”…

Гэты паход стаў самай запамінальнай прыгодай майго лета. І падчас яго я лавіла сябе на думцы, што, як, напэўна, і многія з вас, часта планавала выбрацца на прыроду, ды ўсё адкладала гэта з-за дробязных спраў ці ляноты. А можа проста не хапала штуршка ад энтузіяста, які б патлумачыў, што недаравальна жыць у такім запаведным краі і не карыстацца яго бясцэнным багаццем.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Цікава

  • Байдарка маркі “Таймень 3” у разабраным стане ўмяшчаецца ў невялікі чахол. Каб ператварыць “лега” з 60 дэталяў у каркас лодкі і абцягнуць яго “шкурай”, вопытнаму турысту трэба мінут 40. Змацоўваюцца ж металічныя дэталі не надта шчыльна: пакідаецца невялікі люфт, каб лодка была больш “гібкай” і магла агінаць перашкоды.

Факт

  • На тыя паходы, што ладзяцца ў час вясенняй забароны на лоўлю нерастуючай рыбы і выкарыстанне маламерных суднаў, трэба папярэдне браць дазвол у райвыканкаме – турысты-воднікі адпраўляюцца ў падарожжы, каб любавацца запаведнай прыродай, а ні ў якім разе не шкодзіць ёй.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *