Костюмчик найдётся для каждого! Чем порадует школьников Ушачский филиал облпотребсоюза

Общество

У мінулым нумары мы знаёмілі нашых чытачоў з коштам канцылярскіх тавараў у розных гандлёвых кропках райцэнтра, а сёння раскажам, як Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства падрыхтаваўся да выбару адзення для школьнікаў.

Добры дзень, школа

Таццяна Аляксандраўна Каўрова, калі завітала ва ўнівермаг за канцтаварамі, крыху засмуцілася: даведалася, што кашулю для сына на рынку набыла амаль у два разы даражэй. Ведала, што тавар не настолькі якасны, але думала зэканоміць, збіраючы ў школу дваіх дзяцей. Аказваецца, Ушацкі філіял Віцебскага спажывецкага таварыства падрыхтаваў для сваіх пакупнікоў да новага навучальнага не адзін сюрпрыз.

“Добры дзень, школа». Так называецца акцыя, якая дае бацькам трохмесячную беспрацэнтную растэрміноўку на набыты тавар для школьніка. Гэта можа быць бялізна, канцтавары, касцюмы. Што заўгодна, але на суму ад 250 рублёў. Прычым, без першапачатковага ўзносу, патрэбна толькі даведка аб даходах з месца работы. І калі гэтая акцыя часовая – пачалася 20 ліпеня і працягнецца да 31 жніўня, – то жыхары Ушацкага раёна прывыклі да пастаяннай – кожны месяц на прамысловую групу тавараў існуе 15-працэнтная зніжка пры пакупцы ад 20 рублёў. Таму і падрыхтоўка да школы ў прадбачлівых бацькоў пачалася намнога раней. Тым больш што тавар у наяўнасці быў заўсёды, а цяпер проста значна пашырыўся асартымент.

Партнёры – вядомыя брэнды

Вядучы таваразнаўца па прамысловых таварах Ушацкага філіяла Наталля Васільеўна Чабатар сваю дачку апранае ва ўнівермагу. Справа прынцыпу. Вось і з новага прывозу адклала сарафан і блузку. «Прымерым, і калі падыдзе, абавязкова возьмем. Апранаю дзіця толькі ў нас, таму што клапачуся пра здароўе, ведаю, што ўсе прадпрыемствы краіны шыюць вырабы строга з патрабаваннямі Санпіна, таму не трэба турбавацца, што форма не будзе дыхаць або раздражняць скуру».

Пастаўшчыкі ж тавару ва Ушацкім філіяле пастаянныя, правераныя гадамі. Гэта вядомыя беларускія брэнды “Світанак”, “Славянка”, “8 сакавіка”, “Калінка”, з якімі напрацаваны партнёрскія адносіны. Напрыклад, ні па адной пазіцыі школьнага асартыменту вытворцы не патрабуюць папярэдняй аплаты, а тэрмін разлікаў складае 120 каляндарных дзён. Хоць у гэтым годзе гандлёвыя кропкі сутыкнуліся з некаторымі цяжкасцямі.

– Нашы пакупнікі, якія вывучаюць каталог прадукцыі па сайтах вытворцаў, заўважылі, што нават у ліпені не было асартыменту, – тлумачыць Наталля Васільеўна. – Швейнікі ў пандэмію перапрафіліраваліся на выпуск масак, касцюмаў і зусім нядаўна аднавілі школьны тавар. Мяркую, што па гэтай жа прычыне не працуе пакуль і звыклая на працягу многіх гадоў вельмі зручнай для нас схемы пастаўкі тавару. Раней мы маглі вярнуць незапатрабаваныя мадэлі і смела заказвалі ўвесь рад. Цяпер падаем заяўкі пераважна на больш танныя. Ёсць спадніцы па 14 рублёў, сарафаны ўсяго за 17, штаны па 26. Усё дзелавога стылю, аднатонныя або клетка, ну а блузай можна ажывіць камплект. Яны, як бачыце, прыгожыя, гіпюравыя, з вышыўкай, але дарагія. Значна танней можна падабраць кашулю для хлопчыка. Фірма «Nadex» дала нам на іх 45-працэнтную зніжку і цяпер яны амаль напалову танней старых завозаў: калі раней былі ад 23 рублёў, то цяпер 13, 14 і вышэй. А якасць выдатная, колеравая гама і памеры – на любы густ і ўзрост.

Класіка не старэе

У час майго візіту прадаўцы займаліся падборам моднай дзелавой формы на бойкую другакласніцу Іліну Фоміч (на здымку). «Спадніца зусім кароткай стала, – дзяўчынка паказвала, наколькі вырасла за лета і, вядома, радавалася абноўцы. Хоць дзеці, што хутка растуць, прымушаюць бацькоў купляць вопратку танней і абмяжоўваюць выбар прадаўцоў.

Багата і касцюмаў для хлопчыкаў. А паколькі класіка не старэе, то і купіць іх, трывалыя, уцепленыя, можна ўсяго за 60 рублёў. Гэта завозы мінулага года. Такі тавар, як гальштукі, шкарпэткі, калготкі, спартыўныя касцюмы, штаны, у наяўнасці ў краме заўсёды, а прыстойна апрануцца можна і з мадэляў мінулых сезонаў. Праблемай выбар школьнай формы становіцца, толькі калі ваша дзіця «нестандартнае». Хоць прадугледжаны варыянт і для «алоўкаў”, і «пышак» – са Жлобінскай швейнай фабрыкі прывезлі адзенне са спецыяльнымі гузікамі, гумкамі, якія падганяюць «талію» вырабу пад стандарты дзіцяці. Дарэчы, і я не выйшла з магазіна без пакупкі. Была вельмі рада баваўнянай кашулі пад джынс усяго за 22 рублі. Сын ужо не школьнік – але яму спадабалася, што толькі пацвярджала: выбар на любы густ, любыя памеры і па вельмі прыемным кошце.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *