Второй волны пока нет! О том, как обстоят дела с распространением коронавируса, поинтересовались у ушачских медиков

Здравоохранение

Адзін з распаўсюджаных зараз фэйкаў – чарговы ўсплеск захваральнасці на COVID-19 у краіне і нашым раёне, у прыватнасці. Пра тое, ці ёсць падставы для хвалявання, мы папрасілі расказаць намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ушацкай райбальніцы А.В.ПАНШЫНА:

– Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавіруснай інфекцыі ў нас адносна спакойная. Так, у раёне ёсць адзінкавыя факты пацверджанага COVID-19, аднак пра другую хвалю гаворкі дакладна не ідзе! Хачу падкрэсліць, што цяжкіх пацыентаў няма – ва ўсіх захворванне працякае ў лёгкай ці ўвогуле бессімптомнай форме. Большасць інфіцыраваных знаходзяцца на ўмовах самаізаляцыі дома, на стацыянарным жа лячэнні ў інфекцыйным аддзяленні ЦРБ – толькі тыя, хто не мае магчымасці ізалявацца ці існуюць дадатковыя паталогіі, якія патрабуюць назірання медыкаў.

Па словах А.В.Паншына, сітуацыя з распаўсюджаннем каранавірусу пастаянна кантралюецца. Як і раней, актыўна праводзіцца работа па выяўленні фактаў COVID-19 (варта нагадаць, што прайсці адмысловае экспрэс-тэсціраванне ў ЦРБ на платнай аснове могуць усе жадаючыя), кантактаў першага і другога ўзроўняў. Усім пацыентам у поўным аб’ёме медыкі гатовы аказаць неабходную дапамогу.

– У любым выпадку не варта расслабляцца! – звяртаецца да землякоў Аляксандр Віктаравіч. – Мінімізуйце наведанне месцаў масавага знаходжання людзей. Усюды – у магазінах, аптэках, банках – захоўвайце дыстанцыю ў 1,5-2 метра. Не забывайцеся рэгулярна мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць антысептычныя спіртаўтрымліваючыя сродкі. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, у якіх маюцца прастудныя сімптомы. Калі ж такія з’явяцца ў вас, звяртайцеся ў “хуткую дапамогу” па нумары 103 ці ў рэгістратуру – 5-21-57.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *