Ещё один арт-объект появился в Ушачах: возле нового здания детской школы искусств установили рояль!

Калейдоскоп

Чарговы арт-аб’ект з’явіўся напачатку верасня ў гарпасёлку. У рамках праекта “Мая радзіма – Ушаччына” супрацоўнікі ўстаноў культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённая арганізацыя Беларускага фонду міру прэзентавалі новай дзіцячай школе мастацтваў прыгожы раяль, які заняў пачэснае месца ля ўваходу ў будынак.

– Адкрыццё музычнай школы – падзея знакавая, таму і падарунак для яе работнікаў, юных выхаванцаў хацелася зрабіць асаблівым, – расказвае дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Валянціна Уладзіміраўна Літвін. – Не адзін дзень вывучалі ў інтэрнэце розныя варыянты, калі ж убачылі раяль, зразумелі: “Тое, што трэба!” Час прыспешваў, таму давялося ў сціслыя тэрміны сабраць неабходную суму грошай, а гэта 1,5 тысячы рублёў, знайсці фірму, гатовую ператварыць нашу задуму ў рэальнасць менш чым за месяц. Усё гэта, на шчасце, атрымалася – 1 верасня, як і планавалі, арт-аб’ект быў ва Ушачах.

Гэтая малая архітэктурная форма не баіцца вады і снегу. Ды і зрушыць яе з месца няпроста – каб прывезці раяль з Віцебска, дзе ён быў выраблены, спатрэбіліся сілы чацвярых мужчын. Ніякага дадатковага мацавання спецыяльна не прадугледжвалі – будзе магчымасць у любы момант пераставіць музычны інструмент у больш прыдатнае да падзеі месца.

– Дзіцячую школу мастацтваў наведваюць абедзве мае ўнучкі, таму перыядычна даводзіцца тут бываць, – падзялілася з намі ўшачанка Алена Міхаль. – Шчыра парадавалася таму, што ля новага будынка ўстановы з’явілася такая прыгажосць, выкананая ў “сугуччы” з іншымі арт-абектамі райцэнтра: дрэвам з выявай святога Лаўрэна ў скверы ля Ушацкай школы, дзяўчынкай з флейтай і прыгожай гітарай ля цэнтра культуры і народнай творчасці. Ужо на падыходзе зараджаешся асаблівым творчым настроем.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *