Ушачская ЦРБ начала вакцинацию против гриппа

Здравоохранение

Ушацкая цэнтральная раённая бальніца пачала вакцынацыю супраць грыпу. Ужо завезена 1000 доз прэпарата “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці, у бліжэйшы час плануецца значна большае паступленне. Паколькі імунітэт выпрацоўваецца на працягу некалькі тыдняў, лепей зрабіць прышчэпку ўжо зараз, звярнуўшыся да свайго тэрапеўта ці педыятра.

Сёлета за сродкі рэспубліканскага бюджэту мяркуецца прышчапіць 40 працэнтаў насельніцтва Ушацкага раёна. Гэта найперш пажылыя (пасля 60 гадоў), дзеці дашкольнага ўзросту (пачынаючы з 6 месяцаў) і школьнікі, людзі з аслабленым імунітэтам, хранічнымі захворваннямі сэрца і лёгкіх, цяжарныя жанчыны, работнікі лячэбных, адукацыйных устаноў і інш. Для тых жа грамадзян, хто не ўваходзіць у групу рызыкі, кошт прышчэпкі – 8 руб. 07 кап.

Як нам паведаміла намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Н.В.Дрозд, праз тыдзень ва Ушачы паступяць таксама вакцыны “Ваксігрып” і “Інфлювак”, вырабленыя ў Францыі і Нідэрландах. Прышчапіцца імі можна будзе выключна на платнай аснове, кошт пакуль невядомы.

– Не магу сказаць, што замежныя прэпараты пераўзыходзяць па якасці расійскі аналаг, правераны гадамі і дапрацаваны з улікам распаўсюджання штамаў вірусу, – запэўнівае Наталія Васільеўна. – Але ж выбар у пацыентаў будзе. У любым выпадку раю зрабіць прышчэпку. Нагадаю: “сяброўства” грыпу і каранавірусу (факты апошняга ў раёне працягваюць рэгістравацца) надзвычай небяспечнае!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *