В Ушачах прошли районные соревнования по настольному теннису

Cпорт

Хто стане пераможцам камандных раённых спаборніцтваў па настольным тэнісе, прадказаць не маглі нават суддзі. І тым больш ніхто не рызыкнуў бы рабіць стаўкі. Калі б фаварыты вызначаліся сярод індывідуалаў, то ўсё было б проста. Як і летась, вылучаліся Аляксандр Мамон са зборнай каманды раённага аддзела ўнутраных спраў і Следчага камітэта, Сяргей Давыдаў з цэнтра дзяцей і моладзі, Крысціна Карзянок з аддзела па надзвычайных сітуацыях. А паколькі мужчыны і жанчыны сустракаліся з кожным сапернікам у сваёй падгрупе, то каманды часта атрымлівалі аднолькавую колькасць ачкоў. Тады ўсё вырашалі міксты – гульня ў змешанай пары. Так, да апошніх секунд захоўвалася інтрыга паміж камандамі “сілавікоў”: А.Мамон і Юлія Гаўрылюк вырывалі кожнае ачко, усё ж саступіўшы выратавальнікам з агульным лікам 1:2 (як індывідуальныя сустрэчы, так і міксты гулялі да дзвюх перамог). Непрадказальным гэты паядынак стаў і таму, што вельмі “падрос” за год Сяргей Собаль з МНС, хоць і прайграў у індывідуальнай сустрэчы А.Мамону, аднак падняўся да яго ўзроўню. Хочацца адзначыць і Ганну Бабянок, якая была другім іграком каманды цэнтра дзяцей і моладзі, што і заваявала “бронзу”, абыйшоўшы тэнісістаў з Арэхаўскай школы. Назваў чацвёрку каманд, што выйшлі ў фінал, усяго ж на турніры іх удзельнічала сем, акрамя названых – раён газазабеспячэння, сектар спорту і турызму, а таксама цэнтр культуры і народнай творчасці.

На жаль, спаборніцтвы аказаліся не такімі масавымі, як летась, і якімі маглі быць – гэтым відам спорту займаюцца прадстаўнікі практычна кожнай арганізацыі, ды і ўмовы былі спрошчанымі – выставіць толькі два ігракі (мужчыну і жанчыну). Аднак прыемна, што з’яўляюцца новыя прыхільнікі ракеткі – да гэтага “не свяціўся”, напрыклад, Яўген Зуеў з цэнтра культуры. І хоць каранавірус не дазваляў сёлета праводзіць масавыя турніры, хачу нагадаць, што павышаць свой узровень, наведваючы тэнісны зал спарткомплексу, можна. І такім чынам рыхтавацца і здзіўляць на чарговых сустрэчах.

А.ЖЫТКОЎ, дырэктар фізкультурна-спартыўнага клуба.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *