Сильное звено «Славянского Велеса». Филиал «Ушачский» активно развивается, модернизируется и держит марку передового предприятия

Экономика и малый бизнес

Калі завітаеш у філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” у Старым Сяле, адразу складваецца ўражанне, што трапіў на буйны завод у вялікім горадзе: стаянка застаўлена аўтамабілямі, усё гудзе, унутр прайсці можна толькі па спецыяльным чыпе, у вытворчых памяшканнях і на тэрыторыі ўстаноўлена сістэма відэаназірання, а работнікі карыстаюцца рацыямі і радыёсувяззю. Былы ветсанутыльзавод сёння проста не пазнаць, на працягу ўжо 13 гадоў прадпрыемства развіваецца, мадэрнізуецца і трымае марку перадавога.

Без прастояў і выхадных

Летам 2007-га завод, стаўшы ўласнасцю закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт”, пасля рамонту і падрыхтоўчых работ выпусціў першую партыю прадукцыі – абагачальнік кармавы бялкова-тлушчавы, які выкарыстоўваецца ў якасці дабавак да камбікармоў розных відаў. У цяперашні час увесь вытворчы працэс адладжаны як гадзіннік. Штодня з ажыўленай полацка-мінскай трасы ў бок Старога Сяла заварочваюць грузавыя машыны з сыравінай. Тэхналагічныя адходы ад забою птушкі і свіней з прадпрыемстваў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” і холдынгу “Славянскі Вялес” дастаўляюцца ў спецыяльных кантэйнерах і паступаюць у цэх для перапрацоўкі, дзе ўстаноўлены магутныя катлы. На выхадзе ж атрымліваецца прадукцыя, якую многія называюць мясакоснай мукой. Паралельна з кармавым абагачальнікам тут выпускаюць яшчэ і тэхнічны тлушч, для якога выкарыстоўваецца спецыяльны прэс. Неабходнасць у ім узнікла некалькі гадоў таму, калі ў большых аб’ёмах пачалі перапрацоўваць адходы ад забою свіней.

– Прадпрыемства і прадукцыю ў нейкім сэнсе можна лічыць унікальнымі, і з упэўненасцю сказаць, што наш філіял з’яўляецца неабходным звяном у агульным вытворчым ланцугу ўсяго таварыства. Гадоў 15 таму падобныя дабаўкі для вырабу камбікармоў закупляліся нават за мяжой, – адзначае дырэктар філіяла Андрэй Генадзьевіч Башун.

Рабочы працэс тут не спыняецца ні ноччу, ні ў выхадныя. Кожныя суткі на працу заступае змена з 9 чалавек, у якой па два апаратчыкі і аператары кацельні, прэсаўшчык і 4 загрузчыкі сыравіны. А на спецыяльным стэндзе ў холе адлюстроўваецца ўся інфармацыя аб выпушчанай трыма зменамі прадукцыі.

Нельга не адзначыць той факт, што філіял не мае запазычанасці за спажытыя энергарэсурсы, па падатках, зборах і іншых плацяжах у бюджэт.

Ездзяць з Лепеля і Ушач

За 8 месяцаў бягучага года філіял “Ушацкі” выпусціў 2332 тоны прадукцыі. Прычым, кожны год аб’ёмы толькі «падрастаюць». Калі раней выпускалі не больш 250 тон у месяц, то сёлета не ніжэй 270, а за два апошнія летнія месяцы, напрыклад, 312 і 302 тоны адпаведна. Прадукцыя накіроўваецца на філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебск­аграпрадукт”, больш вядомы як камбікормавы завод. У час нашага візіту якраз да адгрузкі была гатова чарговая партыя. А перад гэтым яна прайшла папярэдні кантроль якасці ў спецыяльнай лабараторыі, а таксама ветэрынарны з выдачай адпаведнага пасведчання ў райветстанцыі.

– Уся наша прадукцыя якасная, сертыфікаваная і адпавядае дзяржаўным стандартам, – гаворыць лабарант Таццяна Іванаўна Байко, якая і праводзіць адбор проб на кіслотнасць, вільготнасць і іншыя параметры.

На гэты дастойны агульны вынік сёння працуе больш 70 чалавек. Заступаюць на змену не толькі жыхары Старога Сяла і навакольных вёсак, ездзяць сюды нават з Ушач і Лепеля. Трэба сказаць, што парушэнняў працоўнай дысцыпліны і несумленных адносін да справы ў філіяле не даруюць.

Ад кветак да душа-шарко

З кожным годам філіял усё больш набывае новае аблічча. Напрыклад, старыя памяшканні цяпер проста не пазнаць, пасля рамонту яны пераўтварыліся ва ўтульныя пакоі для прыёму ежы і адпачынку, бытоўкі, зручныя раздзявалкі з сучаснымі шафамі. Пасля працоўнай змены работнікі з задавальненнем адпраўляюцца ў душавыя, дзе можна памыцца не толькі пад звыклым “дожджыкам”, а і душам-шарко. Крыху раней адно з незанятых памяшканняў пераўвасобілі пад лазню.

Уражвае і пральня, абсталяваная па ўсіх патрабаваннях. Сюды пасля змены адпраўляецца спецадзенне, якое не толькі вымываецца ў машынах, а і хутка высушваецца дзякуючы цыркуляцыі цёплага паветра.

Зрэшты, дзверы для многіх памяшканняў былі выраблены ўласнымі сіламі – закуплялі матэрыял, а далей мясцовыя майстры браліся за справу. З дрэвам на “ты”, напрыклад, цясляр Сяргей Спірыдзёнак, з лёгкасцю спраўляецца з будаўнічымі момантамі пры неабходнасці вартаўнік Андрэй Броўка, а Віктар Дзегцяроў – прыроджаны токар. Арыгінальная альтанка на вытворчай тэрыторыі таксама зроблена работнікамі. “Ва ўзведзеным сваімі рукамі і адпачыць удвайне прыемна!” – адзначаюць працаўнікі.

Вялікая ўвага ў філіяле ўдзяляецца і добраўпарадкаванню, тэрыторыя каля галоўнага ўваходу з вясны да восені прыцягвае ўвагу разнастайнымі кветкамі.

Прафсаюз у дзеянні

“Наш прафсаюз – самы лепшы!” – смела зазначае старшыня прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства Віктар Васільевіч Кажан і з гэтым нельга не пагадзіцца. Так, кожны член прафсаюза атрымлівае навагодні падарунак, а з улікам дадатковага ад прадпрыемства ён атрымліваецца вельмі важкім. Летась расходы па святкаванні навагодняга агеньчыка ў рэстаране “Ландыш” поўнасцю ўзяў на сябе прафсаюз. Не толькі да Новага года, а і да прафесійнага свята работнікі атрымлівалі і прадуктовыя наборы з прадукцыяй мясакамбінатаў, якія таксама ўваходзяць у холдынг, а ў залік заработнай платы могуць набываць прадукцыю ў “Мясной лаўцы” гарпасёлка.

– Калі хтосьці з членаў захварэў і трапіў у бальніцу, то з прафсаюзных сродкаў яму на картку пералічаецца, няхай і невялікая, падтрымка ў суме 30 рублёў. На льготных умовах можна атрымаць і пуцёўку ў санаторыі, якія ўваходзяць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Але пакуль нашы работнікі не надта актыўна спяшаюцца скарыстацца такой магчымасцю, – прадаўжае пералічаць меры стымулявання і гарантыі В.В.Кажан. – Паколькі няпростая ў нас вытворчасць, то на высокім узроўні знаходзяцца і пытанні аховы працы, усе забяспечаны неабходнымі сродкамі абароны, акрамя гэтага двойчы ў год працаўнікам выдаецца спецадзенне і абутак.

Не забывае прафсаюзны лідар павіншаваць калег са знакавымі падзеямі, юбілеямі і святамі. І яшчэ выношвае мноства планаў, як палепшыць умовы працы і разнастаіць працоўныя будні.

Вольга КАМАРКОВА.

Дарэчы

  • На сённяшні дзень у Беларусі існуе толькі 6 заводаў – па адным у кожнай вобласці, якія займаюцца перапрацоўкай адходаў жывёльнага паходжання і вытворчасцю кармавога бялкова-тлушчавага абагачальніка.

Факт

  • За апошнія 5 гадоў філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” па выніках работы 4 разы заносіўся на раённую Дошку гонару.

На здымках: змена А.Паўлава падрыхтавала чарговую партыю прадукцыі.

А.Броўка, В.Дзегцяроў.

Ля цэнтральнага ўваходу.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *