Рисунки оценит… судья! За надписи, рисунки на общественных объектах можно поплатиться штрафом или арестом

Профилактика и безопасность

Насценны жывапіс – вельмі старажытны від творчасці, аднак апошнім часам у Беларусі ён перажывае пэўны “рэнесанс”. Самадзейныя мастакі актыўна заняліся роспісам сцен, дарог і нават смеццевых скрыняў – у нашым райцэнтры мелі месца і такія факты.

Вось толькі жаданне падобным чынам выказаць свае меркаванні кладзецца потым фінансавым цяжарам на арганізацыі, якія адказваюць за гэтыя “арт-аб’екты”. Па словах камунальнікаў, на афарбоўку квадратнага метра сапсаванага надпісамі фасада дома можа спатрэбіцца да 100 рублёў. Гэта не толькі кошт фарбы, а і праца работнікаў, якіх адрываюць ад запланаваных спраў. Не менш выдаткаў нясуць і дарожныя службы. Так, напрыклад, сёлета ўшацкім арганізацыям прыйшлося прыводзіць у належны стан прыпынкі і дарожнае палатно ў Вацлавове, Ільюшыне, Двор Пліне, Матырыне, Строктах. Па словах дырэктара ДРБУ-105 А.У.Пячкоўскага, на прывядзенне ў парадак дарог, знакаў і прыпынкаў спатрэбілася 232 рублі, а гэтыя сродкі можна было б накіраваць на паляпшэнне стану дарог. Адзначыліся “мастакі” і ў райцэнтры, што дадало спраў работнікам УП ЖКГ.

У сувязі з гэтым варта нагадаць, што “мастацкі роспіс” грамадскіх аб’ектаў – занятак зусім не бяскрыўдны. Гэта не проста хуліганская выхадка, за якую могуць пажурыць, а ў горшым выпадку прызначыць штраф (апошні, дарэчы, пры нязначным памеры ўрону складае ад 30 да 50 базавых велічынь). У адпаведнасці з санкцыяй артыкула 341 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, за нанясенне цынічных надпісаў і малюнкаў, пашкоджанне маёмасці ў грамадскіх месцах ці транспарце прадугледжана пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ або штрафу, або арышту. А пры наяўнасці ў дзеяннях прыкмет больш цяжкага злачынства вердыкт суда можа быць яшчэ больш суровым. У выпадку ж, калі за недастойным мастацкім заняткам заўважаны падлетак, які не дасягнуў 14 год, яго бацькі за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей будуць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 9.4 КаАП і аштрафаваны на суму да 10 базавых велічынь.

Н.АВАДНЁВА, намеснік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *