Век на страже закона. Ушачский РОВД отметил 100-летие со дня образования

Калейдоскоп

18 жніўня 1920 года загадам па Віцебскай губернскай рабоча-сялянскай міліцыі Лепельскага павета быў утвораны ўшацкі райаддзел. Урачыстае мерапрыемства з нагоды яго 100-годдзя прайшло ў мінулую пятніцу ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Павіншаваць сённяшніх і былых супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў Ушацкага райвыканкама прыбылі госці – начальнік упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вячаслававіч Грыб, першы намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, калегі з суседніх раёнаў, прадстаўнікі іншых сілавых ведамстваў.

Шмат добрых слоў гучала са сцэны ў адрас цяперашніх і былых работнікаў. На супрацоўнікаў міліцыі ўскладзены асаблівыя абавязкі па ахове правапарадку і законнасці. На гэтай варце – пакаленні ўшацкіх міліцыянераў. Мінуў цэлы век, напоўнены рознымі падзеямі, але, як адзначыў М.В.Грыб, ушацкі райаддзел заўсёды быў на добрым рахунку, яго супрацоўнікі разам з краінай мужна і дастойна праходзілі выпрабаванні і ваеннага ліхалецця, і часы аднаўлення, і няпростыя гады распаду Савецкага Саюза, станаўлення маладой беларускай дзяржавы. З гонарам нясе службу і сённяшняе пакаленне, таму з нагоды юбілею многія супрацоўнікі РАУС атрымалі ўзнагароды. Так, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь медаля “За бездакорную службу” 3-й ступені ўдастоены намеснік начальніка аддзела Андрэй Іосіфавіч Авіжа. За прафесійную ініцыятыву, высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці нагрудны знак “Выдатнік міліцыі” атрымалі міліцыянеры-вадзіцелі Андрэй Уладзіміравіч Дрозд і Дзмітрый Сямёнавіч Жарнасек, нагрудны знак “За самаадданую службу” І-ай ступені – першы намеснік начальніка РАУС Аляксей Сяргеевіч Полазаў, нагрудны знак “За адзнаку” – старшы оперупаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Аляксандр Аляксандравіч Бандарэнка, начальнік аддзялення дзяржаўтаінспекцыі Мікалай Леанідавіч Гаўрылюк.

Юбілейным медалём “100 год міліцыі Беларусі” ўзнагароджаны начальнік штаба райаддзела Святлана Іванаўна Ціханёнак, старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Дзяніс Міхайлавіч Пчолка, старшы ўпаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Мікалай Віктаравіч Баратынскі. Нагрудны знак адзнакі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама ўпрыгожыць форменнае адзенне оперупаўнаважанага групы крымінальнага вышуку Сяргея Сцяпанавіча Герцыка, Ганаровай граматы абласнога ўпраўлення ўдастоены загадчык групы тылавога забеспячэння Алег Томавіч Пугачоў, грамат – старшы аператыўны дзяжурны Сяргей Генадзьевіч Глінскі, ветэран аддзела Дзмітрый Дзмітрыевіч Жыткі, Падзякі ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама аб’яўлены начальніку ізалятара для часовага ўтрымання асоб, заключаных пад варту, Алегу Леанідавічу Раманоўскаму, участковым інспектарам міліцыі Аляксею Юр’евічу Барадульку, Івану Сяргеевічу Клотчанку, інспектару крымінальна-выканаўчай інспекцыі Станіславу Вячаслававічу Коршуну, міліцыянеру-вадзіцелю Аляксею Уладзіміравічу Мялешку. Шэраг былых супрацоўнікаў атрымалі нагрудныя знакі “100 год Віцебскай міліцыі”. Яны ўручаны ветэранам аддзела Уладзіміру Мікалаевічу Дзямешку, Віктару Уладзіміравічу Гарыслаўку, Але Фёдараўне Кавалёвай, Міхаілу Мікалаевічу Сабіну, Юрыю Леанідавічу Жарнасеку. Шэрагу супрацоўнікаў С.С.Садоўскі ўручыў Ганаровыя граматы і Падзякі ад кіраўніцтва раёна – прозвішчы гэтых узнагароджаных мы друкавалі якраз да юбілею аддзела.

Віншавалі супрацоўнікаў РАУС і калегі з іншых сілавых ведамстваў – на сцэну ўздымаліся начальнік аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь Уладзімір Анатольевіч Чумакоў, які ўручыў удзячнасці Віцебскага абласнога ўпраўлення свайго ведамства старшаму інспектару крымінальна-выканаўчай інспекцыі Віктару Пятровічу Обуху, міліцыянеру-вадзіцелю Івану Іванавічу Падголу, малодшаму ўчастковаму інспектару міліцыі Алегу Алегавічу Гоману. Начальнік Ушацкага РАНС Ілья Віктаравіч Кошкін узнагародзіў граматай Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях старшага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандра Мікалаевіча Дубровіна, старшага інспектара аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі Юлію Сяргееўну Гаўрылюк, памочніка дзяжурнага Сяргея Міхайлавіча Сабіна.

Усе прысутныя ў зале вэтэраны атрымалі падарункі ад Ушацкага РАУС. Яго начальнік Аляксей Іванавіч Іспянькоў выказаў цёплыя словы ўдзячнасці не толькі былым пакаленням міліцыянераў, сённяшнім супрацоўнікам, а і членам іх сямей, якія разам з людзьмі ў пагонах пераносяць цяжар службы, чакаюць дома. Удзельнікі ўрачыстасці хвілінай маўчання ўшанавалі памяць былых работнікаў, якія ўжо пайшлі з жыцця. Час няўмольны, ветэранаў застаецца ўсё менш, але на іх прыкладзе мужнее маладая змена.

– Я памятаю, як многія з вас прыйшлі зусім маладымі ў аддзел, – казаў падчас выступлення былы начальнік РАУС Сяргей Аляксандравіч Алабін. – Зараз вы ўжо вопытныя супрацоўнікі, сапраўдныя прафесіяналы. Заўжды з цікавасцю чытаю ў сродках масавай інфармацыі матэрыялы пра вашы поспехі, сачу за жыццём аддзела. Зазначу – на працягу многіх гадоў ён займаў лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па ўзроўні даверу насельніцтва супрацоўнікам міліцыі – адзін з важнейшых паказчыкаў нашай дзейнасці! І вельмі прыемна, што гэтыя пазіцыі не губляюцца і сёння. Мы ў сваю чаргу вучыліся ў нашых папярэднікаў, якія цалкам аддаваліся справе – былі часы, калі на ўвесь раён налічвалася ўсяго пара ўчастковых, ды і тэхнічная аснашчанасць была далёкай ад сучаснай. Напрыклад, Анатоль Уладзіміравіч Талапілаў на матацыкле К-700 “трымаў” палову раёна, без зброі мог даставіць у аддзел любога парушальніка парадку! І гэта толькі адзін прыклад, а такіх людзей у нашым РАУС заўсёды працавала шмат.

Яшчэ адзін былы начальнік аддзела А.Т.Пугачоў таксама зазначыў, што зараз тэхнічная аснашчанасць ушацкіх міліцыянераў значна ўзрасла, але і зламыснікі ўкараняюць у сваёй дзейнасці новыя метады, ідуць у сферу высокіх тэхналогій і трэба адпавядаць такім выклікам, бо задачы міліцыі за век не змяніліся – забяспечваць законнасць і правапарадак, служыць людзям. “Нагадаю адну фразу з кінафільма, якая стала крылатай: “Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць!”, – прыводзіў вобразнае параўнанне Алег Томавіч. – Яна прымяніма і да нашай службы, бо абараняць Радзіму трэба не толькі ад знешніх пагроз, а і ўнутры – адстойваць законныя інтарэсы і правы грамадзян! І я ўпэўнены, што слаўныя векавыя традыцыі ўшацкай міліцыі сённяшняе пакаленне супрацоўнікаў дастойна прадоўжыць”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *