Без малого 40 лет посвятила сфере культуры Инна Климова

Культура

“З якіх часоў лічыць першы выхад на сцэну? – перапытваецца Іна Сяргееўна Клімава. – Добра памятаю першую песню “Марына”, якую мы, тры сястры, спявалі пад бацькаў акампанемент для настаўніцы Вольгі Трафімаўны Жалейкі, якая праз нашы Шніткі вярталася дадому з Красоўшчыны. У пачатковых класах Ленінскай школы нас рыхтавала да мерапрыемстваў Надзея Васільеўна Лісічонак. Пастаянна выступалі на выязных канцэртах з музычнай школай. Ну а пасля Віцебскага культасветвучылішча 5 студзеня 1982 года стала загадчыцай Пралетарскага клуба, менш чым праз год – метадыстам РМЦ. І вось хутка 39 гадоў, як пастаянна на сцэне”.

Іншага выбару ў Іны Пацэйкі, можна лічыць, і не было. Спявалі і валодалі музычнымі інструментамі ў яе сям’і ўсе. “Калі твой дзед спяваў, лямпачкі мільгацелі”, – казала пра Марка Яфрэмавіча Пацэйку бабуля Іны. Майстраваў скрыпкі, цымбалы і дзядуля па матчынай лініі Іван Сямёнавіч Таргавец. Так што выбар быў толькі паміж вучылішчамі – музычным ці культасвет. Народнае аддзяленне апошняга і скончыла, у той час і спадабалася спяваць.

У Іны Сяргееўны моцнае прыгожае сапрана. Міжволі “адчыняю рот”, калі яна пачынае цягнуць “Ай, рана, на Івана”. Ніякі мікрафон не патрэбны. Падабаецца яе выкананне не толькі мне. З абласнога эстраднага конкурсу ў 1993 годзе яна вярнулася з дыпломам за ІІІ месца. Але як салістку яе, на жаль, рэдка ўбачыш на сцэне. “Задавальняе плён сваёй работы – развіваць творчыя здольнасці іншых, а не дэманстраваць свае, так нас вучылі. Таму выдатна памятаю свой першы падрыхтаваны хор – Дубраўскага СДК, з 1984 года – настаўнікаў і клуб “Ветэран”. Ведаеце, я не люблю самадзейнасці, хоць усё жыццё ёй і займаюся, – выдае нечакана Іна Сяргееўна і тлумачыць – яна таксама павінна быць прафесійнай, у гэтым наша задача. Не імкнуся быць падобнай на некага, хаця многае ўзяла ад сваіх настаўнікаў і калег”.

На першым месцы І.Клімава называе Любоў Рыгораўну Кулак, мастацкага кіраўніка хору ветэранаў з 1984 па 2001 год. Педантычна патрабавальная, яна скрупулёзна адносілася не толькі да рэпертуару. Падзел партый, расстаноўку, нават сяброўскія зносіны – усё ўлічвае Іна Сяргееўна, калі працуе са складанай узроставай катэгорыяй.

“У раённым метадычным цэнтры я курыравала народную творчасць, усю мастацкую самадзейнасць: вызначыць танальнасць, паставіць партыі, удзел у рэпетыцыях… пастаянна ў раз’ездах, паколькі творчыя калектывы існавалі практычна ў кожным вясковым клубе. Хачу адзначыць, наколькі проста было працаваць з самаадданымі людзьмі. Універсал Мікалай Аляксандравіч Гуськоў з Дубраўкі. Раіса Васільеўна Пабойнева з Кубліч і Надзея Уладзіміраўна Азаронак з Касароў у культуры апынуліся выпадкова, але вельмі трапна. Унікальны збор мясцовых вышыванак, фальклорныя калектывы, дзіцячыя гурткі. Калі ў 2001-2002 гадах праходзіў рэспубліканскі праект ”Фальклор і дзеці” – мы выставілі 94 танцавальныя пары, з вобласці былі адабраны прадстаўнікі толькі двух раёнаў. Мясцовыя танцы па крупінках адрадзілі: побытавыя, абрадавыя… Толькі адзін прыклад: ужо на пенсіі была Марыя Іванаўна Малахава, аднак у сябе дома сабрала аднавяскоўцаў, знаёмых, і мы на відэа запісалі ”Усвейскую кадрыль”. Потым зрабілі нотны стан, развучвалі кожнае ”калена” – так называецца асобная тэматычная частка танца. Якія арганізатарскія, чытацкія даныя ў Вольгі Уладзіміраўны Логінавай з Ільюшынскага СДК. Стварыла выдатны танцавальны і вакальны калектыў, з ёй наогул часта перасякаліся, нядаўна разам удзельнічалі ў конкурсе да 110-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі, дзе атрымалі дыплом і пахвалу: “Вам трэба выступаць на прафесійнай сцэне”. Дарэчы, у мінулым Вольга Уладзіміраўна ўдзельнічала ў знакамітым ансамблі танца “Лявоніха”, і адзіная, хто на вёсцы меў вышэйшую профільную адукацыю. А якое прыроднае пачуццё гумару ў Наталлі Андрэеўны Рудзёнак, былога дырэктара Матырынскага клуба, якая многа зрабіла па аднаўленні валачобных абрадаў і наогул фальклору. У аграгарадку Глыбачка быў сапраўдны культурны цэнтр, які ўзначальваў Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, а Зоя Бычкова з сельскім насельніцтвам пачынала ствараць хор у акадэмічнай манеры. Прафесіяналамі лічу сваю сяброўку Людмілу Аляксандраўну Пашуту з Сарочына, Галіну Васільеўну Судак з Жар, Сяргея Уладзіміравіч Мядзведзева з Арэхаўна. На жаль, назаву далёка не ўсіх”.

А колькі кур’ёзных выпадкаў на рахунку “культурных людзей”. Страху перад сцэнай Іна не адчувала ніколі. Смяецца, што баялася толькі памыліцца ў выбары мікрафона – раптам не спрацуе, што здаралася. А вось сапсаваныя нумары былі. “Памятаю, у Завячэллі наш акампаніятар выйшаў з завязанай бабачкай на баяне. Смеху я не стрымала, выбегла са сцэны – дзіцё яшчэ была. Аднойчы так паглыбілася ў сябе, што пераключылася на іншую мелодыю і нават не заўважыла гэтага. Упэўнена закончыла нумар, і толькі па здзіўленых позірках Сяргея Васільевіча Парашкіна, які акампаніраваў, гледачы маглі адчуць падвох. Было, што і зала хіхікала, а я не разумела: мы толькі атрымалі новыя касцюмы, калі ж спяваю, заўсёды жэстыкулюю, а неадарваная, ладная па памерах этыкетка даўгой сукенкі то ўздымалася над сцэнай, то шлёпалася аб яе”.

Сярод першых калег Іны Пацэйкі былі Соф’я Тарасеня, Ганна Краўчонак. Дзякуючы апошняй, з Вілейшчыны, якая ўзначальвала аўтаклуб, мясцовая Іна ведае ўсе вёскі раёна, а таксама фермы. Як успрымалі іх трыа з Васілём Дзянісавым пад акампанемент Ю.А.Канстанцінава жывёлаводы! Прафесійны баяніст, Юрый Аляксандравіч быў незаменным і ў хоры ветэранаў, і на ўсіх раённых мерапрыемствах. У складзе ансамбля “На азёрах” – з саставу прафесіяналаў пад кіраўніцтвам Таццяны Лапёнак, яны рыхтаваліся да абароны звання народнага, ды захварэў Мікалай Тадэвушавіч Віткоўскі.

Шмат розных успамінаў назапашана за гэтыя амаль 40 гадоў. Розных, бо Іна Сяргееўна не раз падкрэслівала, што ў яе складаны, няўступлівы характар, прама адстойвае сваю пазіцыю. Аднак усё гэта – працоўныя моманты, а з калегамі мае добрыя стасункі і зараз.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *