Валентина Клундук в свое 73 успешно осваивает компьютер

Калейдоскоп

Берэтка, абсалютна белая куртка, джынсы ў абцяжку… і ўсмешлівыя вочы над ахоўнай маскай. Яны і далі першую характарыстыку незнаёмага мне чалавека. Гарэзлівае дзяўчо, душа наросхрыст і дабрачка. Пра Валянціну Трафімаўну Клундук мы нядаўна прыгадвалі на старонках газеты. Гэта яна ў свае 73 паспяхова асвойвае камп’ютар. Планшэт зараз – неад’емны яе атрыбут. А тры гады таму адчайна адмахвалася ад падарунка дачкі – маўляў, ніколі не разбяруся.

Незнаёмая тэхніка пужала. Хоць дочкі ды выдатніца ўнучка і паказалі ёй асноўныя кнопкі, устанавілі самыя неабходныя праграмы, упэўненым карыстальнікам Валянціна Трафімаўна адразу не стала. Таму і пачала наведваць дзённае аддзяленне для пажылых людзей, што ў Градзянцы. “Таццяна Анатольеўна Шышко такая добразычлівая, так спакойна, дасціпна тлумачыць, што я перастала баяцца нешта не тое націснуць, а зараз не дачакаюся, калі яна выйдзе з адпачынка, каб зарэгістравацца ў сацсетках і пачаць перапісвацца са знаёмымі”, – усміхаецца жанчына і дадае, што праз “Ютуб” яна любіць слухаць свае любімыя песні і прыпеўкі, а навіны чытае на розных інфармацыйных рэсурсах. Самая ж запатрабаваная яе праграма – скайп. Гэта дзякуючы яму мае штодзённыя зносіны не толькі з Інгай, якая працуе медсястрой у санаторыі “Жамчужына” і жыве ў суседнім Лепельскім раёне, але і з Людмілай, што ў Нью-Ёрку. Ну а паколькі яе пастаянна запрашаюць у ЗША ў госці, Валянціна Трафімаўна актыўна вывучае англійскую мову. Дачка гаворыць выраз, што ён значыць, яна паўтарае. І шмат слоў ужо ведае, патлумачыць і зразумець неабходнае можа. “Ды і памяць трэніруе, – кажа жанчына і чытае мне верш Алены Вінакуравай. – А у меня сегодня солнце на душе. І я хочу им с вами поделиться. Я посылаю лучики тепла всем встречным незнакомым лицам. Я посылаю лучики добра моим друзьям, родным и просто людям. Я вам желаю счастья навсегда, и пусть любовь навеки с вами будет. Вельмі пазітыўны, праўда, вершы таксама Люда дасылае, я іх люблю і мне хацелася б, каб ад іх цяплей стала і чытачам “Патрыёта”.

Гэтыя радкі я б назвала жыццёвым крэда В.Клундук. Яна сама выпраменьвае пазітыў, імкнецца ўсім дапамагчы і мае шмат сяброў нават ва Ушачах, хоць жыве тут нядаўна. Ураджэнка Лепельшчыны правяла там больш шасцідзесяці гадоў, працавала ў калгасе, на будоўлі і большую частку паштальёнам. А яшчэ тры скліканні была вельмі актыўным дэпутатам мясцовага Савета. Не адзін артыкул пра яе напісалі, паважалі і паважаюць людзі. За канкрэтныя справы, за шчырую дапамогу, ды і пачуццё гумару дапамагае, а яна вельмі любіць жартаваць. “У мяне летам зарплата – кожны дзень, – з хітрынкай вымаўляе жанчына і толькі пасля паўзы тлумачыць, – у ягады кожны дзень езджу”. Што яна пакуль не наведвае, дык гэта клуб “Імпульс”, хаця збіраецца ўліцца ў калектыў і самастойна зарадку абавязкова робіць.

Сёння Валянціна Трафімаўна як і ўсе матулі атрымае шмат цёплых слоў ад сваіх любімых дачок. Паспяховых, стварыўшых добрыя ўласныя сем’і. Ад гэтага такой жа шчаслівай адчувае сябе і яна. Няхай і не блізка родныя, але заўсёды побач ад падтрымкі, што дораць адзін аднаму, ад цеплыні, якую вяртаюць маці. Шчаслівая яна і ад таго, што ёй жыць ЦІКАВА. Жанчына гаворыць мне па-англійску “Прыемна было пазнаёміцца”, а ў гарэзлівых вачах зноў загараюцца іскрынкі.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Валентина Клундук в свое 73 успешно осваивает компьютер

  1. Ольга Васильевна.Спасибо Вам огромное,за такую хорошую статью про нашу любимою мамочку! Желаем Вам крепкого здоровья и процветания газете» Патрыет»!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *