В КУСХП «Глыбочаны» заканчивают сев озимых культур

Сельское хозяйство

У КУСГП “Глыбачаны” за кароткі час давялося наведацца двойчы.

Пры першым візіце застаць механізатараў на полі не ўдалося, практычна ўсе яны разам дырэктарам гаспадаркі Аляксеем Віктаравічам Ладновым былі на мехдвары, які нагадваў рамонтную майстэрню пад адкрытым небам – новай тэхнікі не паступала даўно, хіба што два камбайны выдзяляюцца на іх фоне свежай заводскай фарбай. Вось толькі сёлета іх не выкарыстоўвалі – збожжаўборачныя агрэгаты выедуць на палі ўжо ў наступным годзе. А работнікі гаспадаркі ў гэты час стараюцца забяспечыць ім будучы фронт работ – вядуць сяўбу азімых зерневых.

На мінулым тыдні нават імжа не стала перашкодай, засяваліся палеткі ўздоўж гравійкі на Усвіцу. І толькі калі падрыхтаваную глебу прыкметна прамачыла, Андрэй Літвін (на здымку) скончыў працу. Было гэта ўжо на пачатку пятай гадзіны вечара, таму механізатар фактычна адпрацаваў стандартную “васьмёрку” ў табелі, ды зразумела, што на пасяўной працоўны дзень працягваецца амаль увесь светлавы.

– Стаміўся, што і казаць, усе рукі адбіў, – расказвае Андрэй Пятровіч, перад ад’ездам на мехдвор у чарговы раз ачышчаючы элементы шасціметровага пасяўнога агрэгата. – Гліна наліпае, сашнікі падбіваюцца. Можна было б яшчэ крыху пасеяць, насенне ў бункеры засталося, але якасці не будзе. Хочацца ж зрабіць як след, тым больш сею эліту жыта.

Інакш працаваць Андрэй Пятровіч проста не ўмее. А ўлічваючы дэфіцыт у гаспадарцы кадраў і тэхнікі, яна літаральна “на разрыў”, прычым і ў прамым сэнсе слова – станіна ў АПП-6 ужо звараная двойчы. Трактару МТЗ-3022, як і пасяўному агрэгату, 10 год. Рэсурс даўно выпрацаваны, тэхніку можна спісваць, але адноўленая пасля чарговай паломкі ўмелымі рукамі гаспадара, яна працягвае выходзіць у поле, бо падмяніць яе няма чым. Не ў навіну А.Літвіну і змена дзейнасці нават на працягу аднаго дня – бывала, што спачатку рыхтуе сабе глебу, а потым і сее.

На сяўбе на мінулым тыдні былі задзейнічаны і яшчэ адны прадстаўнікі старой праверанай “гвардыі” – Аляксандр і Мікалай Ляхі (на здымку). Першы працаваў са старэнькай сеялкай СЗ, якую ўдалося аднавіць, другі падвозіў зерне ў бункерным загрузчыку. Да слова, МТЗ-1221 М.Ляха таксама па тэрміне службы можна было б двойчы спісаць, выглядае ж трактар не горш жалезных каней, якія маладзей яго ў тры разы.

Плошчы пад азімую сяўбу ў “Глыбачанах” вялікія, і без дапамогі тут ніяк – той жа А.Літвін казаў, што справу замаруджвае недахоп тэхнікі на ўзворванні і апрацоўцы. Гэта пацвердзіў і дырэктар А.В.Ладноў: “З плугамі, культыватарамі і дыскамі нам дапамагае Полацкая інтэграцыйная структура: практычна кожны дзень працуе па дзве адзінкі. Па магчымасці задзейнічаем усе свае сілы, але самастойна, канечне, не справіліся б”.

На пачатак бягучага тыдня ў “Глыбачанах” было пасеяна 680 гектараў азімых: 550 пшаніцы і 130 жыта, з якога 36 – гібрыднае. Запрацаваныя плошчы меншыя, чым у філіяле “Маяк-Ушацкі” (1050), але прыкладна на ўзроўні з такімі буйнымі гаспадаркамі, як КУСГП “Вялікадолецкае” і ААТ “Ільюшынскі”, дзе было пасеяна адпаведна 705 і 660 гектараў. Насенне ў “Глыбачанах” маецца, сяўба вядзецца толькі кандыцыйным і пратраўленым. Магчыма, што ўсё яно і не спатрэбіцца, бо дасягнуць запланаваных аб’ёмаў наўрад ці атрымаецца, тэрміны зыходзяць.

Пры ўсіх кадравых і фінансавых цяжкасцях гаспадарка адной з першых справілася з уборкай, праўда, таксама з дапамогай інтэграцыйнай структуры. Па словах старшыні сельвыканкама Віктара Віктаравіча Шаршнёва, знайшлі агульную мову з новым кіраўніком і ў справе абмалоту прысядзібных участкаў, дзякуючы чаму ў Глыбачанскім сельсавеце сёлета з гэтым праблем не ўзнікла.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *