Открытки для любимых мам, выставки и концерт. В районном центре культуры прошло праздничное мероприятие ко Дню матери

Общество

У гонар матуль гэтымі днямі сказана нямала добрых слоў, гучалі яны ў сераду і ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася мерапрыемства з нагоды Дня маці.

Святочная атмасфера панавала яшчэ да пачатку канцэрта ў фае ўстановы. Так, проста немагчыма было прайсці міма выставы работ з бісеру “Кветкі для мамы”, арганізаванай музеем народнай славы імя У.Лабанка. Многія ўшачане ведаюць, якія цудоўныя вырабы пляце яго супрацоўніца Наталля Генадзьеўна Гардзіёнак, а на выставу ў гэты дзень яна прынесла выключна кветкавую частку калекцыі. Архідэі, ружы, рамонкі і нават кактусы выглядалі арыгінальна і прыгожа. “Надзвычай карпатлівая, але прыемная для мяне работа! Зрэшты, ператвараць бісер у кветкі люблю больш за ўсё, а самы любімы твор – архідэі і хрызантэмы”, – падзялілася майстрыха і кожнаму гатова была расказаць сакрэты пляцення.

Тэматычную выставу пад назвай “Мама, мілая мама” падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі. Для яе яны падабралі творы пра маці, розную карысную інфармацыю для жанчын.

“Я напішу, што мая мама самая прыгожая, а мая – самая добрая! Трэба сяброў паклікаць, каб яны таксама мам павіншавалі! – падпісваючы паштоўкі, абмяркоўвалі Аміна Байрамава і Паліна Дрозд. Так, на гэтым тыдні па ўсёй краіне праходзіць традыцыйная прафсаюзная акцыя “Павіншуем маму разам!” Райкам прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму падрыхтаваў спецыяльныя віншавальныя паштоўкі, якія кожны жадаючы мог падпісаць і падарыць маме. Найбольшую актыўнасць перад пачаткам канцэрту праяўлялі малодшыя школьнікі, якія не шкадавалі шчырых пажаданняў для любімых матуль.

Сотні цёплых слоў гучалі і са сцэны, вельмі кранальнымі былі многія нумары, і гледачы не шкадавалі апладысментаў. Стваралі ж святочны настрой для ўшачан выхаванцы і выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў, работнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *