«Добро с доставкой на дом». Под таким названием прошла акция в отделении дневного пребывания для инвалидов, посвященная Дню Матери

Общество

Быць мамай – не толькі вялікае шчасце, а і штодзённая нялёгкая праца. Але ёсць катэгорыя матуль, якім іх абавязак даецца надзвычайнымі намаганнямі: гэта жанчыны з інваліднасцю. Людзі, якія выцягнулі нешчаслівы білет жыццёвай латарэі, гатовы мужна і цярпліва пераадольваць складанасці, а часам і рызыкаваць пагаршэннем стану здароўя дзеля галоўнага сэнсу жыцця.

І ў большасці выпадкаў мамы з абмежаванымі магчымасцямі, абапіраючыся на дапамогу родных, дастойна спраўляюцца са сваёй роляй. Падстаўляе ім надзейнае плячо і дзяржава. У Дзень маці прадстаўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва правялі годную акцыю: накіраваліся з віншаваннямі і падарункамі да трох ушацкіх матуль, якія з’яўляюцца наведвальнікамі ці падапечнымі аддзяленняў дзённага прабывання для інвалідаў і сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі.

“Прабачце, што не магу запрасіць вас у дом!” – сустрэла гасцей прывабнай усмешкай ушачанка Ася Чапулёнак. Прычына была важкая: якраз гэтай раніцай брыгада камунгасаўцаў абнаўляла ў хаце падлогу. Падзякаваўшы за цёплыя словы і прыняўшы падарункі – сувенір, зроблены рукамі наведвальнікаў гурткоў аддзялення, і салодкі набор, які падрыхтаваў для віноўніц свята гаспадар “Чайнай лаўкі” Аляксандр Лісоўскі, – жанчына падзялілася навінамі пра дачку Віку, якая сёлета пасля заканчэння 9 класаў паступіла ў віцебскі каледж і атрымлівае прафесію цырульніка.

А вось у наступнай мамы Галіны Шаўлюгі дачушка яшчэ зусім маленькая. Жанчына з’яўляецца інвалідам другой групы, не можа яна разлічваць і на дапамогу родных, таму яе і малышку Аліну ўзялі пад патранаж работнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і штодня наведваюць іх у кватэры, якую выдзелілі сям’і ў інтэрнаце ў Градзянцы.

Першую групу інваліднасці па зроку мае яшчэ адна мама Лілія Шахава, але адчувае сябе шчаслівым чалавекам. “Віноўніца” ж гэтага пачуцця якраз днямі адзначыла свой першы дзень нараджэння – маленькая Карына стала “цэнтральнай асобай” утульнага дома ў вёсцы Кублішчына, а гадаваць яе маладой маме дапамагаюць муж і бацькі. Так што ў Лілі маецца нават вольны час. “Хутка зноў буду хадзіць да вас у гурток!” – паведаміла яна супрацоўніку аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Наталлі Генадзьеўне Дабравольскай, якая завітала ў іх дом з віншаваннямі. Як аказалася, практычна невідушчая рукадзельніца захапляецца бісерапляценнем і стварае сапраўдныя шэдэўры!

Жанчыны, у якіх мы пабывалі ў святочны дзень, зусім розныя, але ўсе яны сустракалі гасцей з усмешкай, ахвотна расказвалі пра сваіх дачушак, якія так грэюць душу і ствараюць заслону змрочным думкам.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • “Так уладкаваны свет, што іншы раз матулям даводзіцца адчайна змагацца за сваё шчасце, і нельга заставацца ў баку, калі мы з вамі можам хоць крыху дапамагчы ім у гэтым”, – так патлумачыў А.Лісоўскі свой удзел у якасці спонсара мерапрыемства. Трэба сказаць, што Аляксандр і яго жонка Алеся заўсёды стараюцца падтрымліваць дабрачынныя ініцыятывы, пералічваюць сродкі на лячэнне хворых дзетак. “Дарэчы, у нас жа ёсць выдатная навіна! – з радасцю паведаміў прадпрымальнік. – Якраз напярэдадні Дня маці ўдалося закрыць збор сродкаў для маленькай навапалачанкі Дашы Шапятоўскай. Прыемна, што важкі ўклад у гэта ўнеслі і ўшачане: так, толькі праз спецыяльную скрыню, якую мы ўстанавілі ў “Чайнай лаўцы”, было сабрана каля 100 долараў”.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *