В «Агро-Селище» готовят почву под урожай будущего года

Сельское хозяйство

У панядзелак з раніцы распагодзілася, таму на мехдвары ААТ “Агра-Селішча” было пуста – невялікі тут штат механізатараў, а ўвосень, як вядома з народнай прымаўкі, “работ восем”. Вось і прыходзіцца абмежаваным не толькі людскім, але і тэхнічным рэсурсам манеўраваць, закрываць самыя першачарговыя ўчасткі.

Сустрэлі ля майстэрні толькі Юрыя Юркевіча, які ўжо прыступіў да працы на асноўным месцы – на кацельні УП ЖКГ, аднак у свой выхадны прыехаў у гаспадарку з райцэнтра рыхтаваць камбайн да ўборкі насення канюшыны. “Потым ужо буду ставіць яго на захоўванне”, – кажа Юрый Віктаравіч. – А хлопцы з відным накіраваліся ў поле”.

20 корпусаў плугоў адначасова ўздымалі ржышча за Прудамі – нават і не памятаю, калі ў “Агра-Селішчы” ў апошнія гады было столькі вялікай тэхнікі задзейнічана на ўзворванні. Плошчы значныя, ёсць дзе разгарнуцца, вось і раз’ехаліся тры трактары далёка адзін ад аднаго. За блізкім кустоўем – возера Белае, па якім праходзіць мяжа з Глыбоцкім раёнам. “Забраліся на край зямлі!” – кажу Анатолю Жаваранку (на здымку), якога на МТЗ-3022 з васьмікорпусным абарачальным плугам сустрэў першым. “Далекавата, канечне, але ж не тое, што на нашых клінах круціцца! – разважае Анатоль Мікалаевіч. – Поле роўным здаецца толькі здалёк, а так з узгорка на ўзгорак куляешся”. Па словах механізатара, гэтыя землі, якія раней належылі КУСГП “Кублічы”, у мінулым сезоне засяваў філіял “Маяк-Ушацкі”. А вось салому пасля ўборкі за сабой не прыбралі і не здрабнілі. Таму і накіроўваліся трактары наўскос урослых у траву валкоў, каб не падбівала пакінутая расліннасць плугі, але ўсё роўна раз-пораз даводзілася ўзнімаць і ачышчаць агрэгаты.

На ўзворванні таксама задзейнічана тэхніка, якую зараз рэдка дзе ўбачыш, – савецкі “волат” К-701. Яго сучасныя нашчадкі К-744 маюцца ў некалькіх сельгаспрадпрыемствах раёна, быў вельмі дарэчы новы “Кіравец” і ў “Агра-Селішчы”. Вось толькі належыў Полацкаму камбінату хлебапрадуктаў, які тэхніку забраў. Набыць новы трактар такога класа фінансавай магчымасці няма, таму адшукалі па сходным кошце ў прыватніка у Стаўбцах жоўты старэнькі “аналаг”, і ён выручае зараз – таксама цягне васьмікорпусны плуг. Задзейнічалі раней К-701 і на корманарыхтоўцы – аснасцілі лапатай-адвалам і накіравалі разроўніваць і трамбаваць сілас. Кіруе гэтым трактарам Ілья Загародні, якога на сезонныя работы прыцягнулі з УП ЖКГ.

Трэцяй адзінкай тэхнікі, што абуджала гулам рухавіка малалюднае наваколле за Прудамі, аказаўся МТЗ-1221 Аляксандра Бараўцова з чатырохкорпусным плугам. Механізатар таксама працаваў на корманарыхтоўцы, убіраў кукурузу на КВК-800. Работа гэта яшчэ не скончана, у гаспадарцы на карані заставалася каля 40 гектараў “царыцы палёў”. Але, па словах дырэктара Сяргея Аляксандравіча Плігаўкі, заехаць на ўчасткі кукурузы магчымасці няма – гразне тэхніка, таму пакуль не падсохне, А.Бараўцова адкамандзіравалі на ўзворванне. Наогул з корманарыхтоўкай сёлета “Агра-Селішча” спрацавала няблага: сена нарыхтавана пад поўную патрэбу, сенажу – на чвэрць больш запланаванага, сіласу – больш 70 працэнтаў ад задання, але лічбы яшчэ падрастуць.

Уздымаюць глебу ў “Агра-Селішчы” не на вясну – маюць намер сеяць яшчэ сёлета, да выканання планавых паказчыкаў далёка. “Надвор’е пакуль дазваляе, – кажа С.А.Плігаўка. – Пры нашым дэфіцыце мінеральных угнаенняў стаўка менавіта на азімыя, якія даюць асноўную ўраджайнасць”. У сувязі з гэтым А.Жаваранак збіраўся ў наступны дзень пасля ворыва мяняць плугі на глебаапрацоўчы агрэгат і рыхтаваць плошчы для сеялкі. “Мне не прывыкаць, у нас часта планы мяняюцца нават на працягу аднаго дня, – усміхаецца механізатар. – Накіроўваемся туды, дзе больш патрэбны, і адносімся да гэтага з разуменнем”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *