КУСХП «Великодолецкое» имеет большой потенциал в животноводческой сфере

Сельское хозяйство

На пашы за вёскай Старына, дзе нагульвае малако адзін з двух гуртоў фермы “Цыганок” КУСГП “Вялікадолецкае”, апоўдні 2 жніўня не тое што працаваць, а і проста знаходзіцца было раўназначна подзвігу – слупок тэрмометра ледзь не ўпершыню за лета перасягнуў 30-градусную адзнаку, а роі сляпнёў і іншага гнусу прагна атакоўвалі любую трапіўшую ў іх поле зроку ахвяру.

Капрызна вялі сябе і каровы: да даільных апаратаў іх, як кажуць, і калачом нельга было заманіць. Тым больш што гэтага “калача”, а дакладней, камбікорму, у кармушках і не было. Як патлумачыў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Іван Піліпавіч Дарошчанка, абсалютна ўсе вольныя сродкі, у тым ліку і “малочныя”, пайшлі на стратэгічную мэту – прывядзенне ў боегатоўнасць збожжаўборачнай тэхнікі, вось і давялося каровам перайсці на “дыету”, пакуль не паступіць у засекі першае ўласнае зерне. Але ж усе тлумачэнні адміністрацыі рагулям – трын-трава, а таму паўдзённую дойку яны імкнуліся ператварыць у нейкае падабенства карыды, і “матадорам”-жывёлаводам даводзілася персанальна заганяць кожную буйна-буяную галаву ў адсек для даення. Самастойна накіравалася туды хіба што адна карова па мянушцы Варвара. “Яна ў нас самая дысцыплінаваная, з лідарскім характарам – заўсёды першая на дойцы!” – з усмешкай тлумачыць аператар машыннага даення Яўгенія Алексяёнак. “Дык з Вас прыклад бярэ!” – жартую ў адказ.

Хоць у цяжкіх умовах працуюць жывёлаводы, але добрага настрою стараюцца не губляць. Практычна ўсе тутэйшыя даяркі – з вялікім вопытам. Тая ж Яўгенія Мікалаеўна ў жывёлагадоўлі з 80-га года, магла б ужо быць на заслужаным адпачынку, але пакуль працягвае дапамагаць роднай гаспадарцы. Не адзін дзясятак год стажу ў галіне маюць Валянціна Васільеўна Хамічонак, Алена Васільеўна Бажанава і Валянціна Сяргееўна Касяк. Ёсць на каго раўняцца і ў стараннасці, і ў адказнасці падменнай даярцы Кацярыне Калітуха. Дапамагае абслугоўваць даільную ўстаноўку, адвозіць малако трактарыст Мікалай Пятровіч Казлоўскі, які аддаў сельгаспрадпрыемству 40 год жыцця. Стараюцца спраўна выконваюць свае абавязкі пастухі Сяргей Клачок і Іван Дарашкевіч.

“Паўдзённая дойка ў нас зараз пастаянна вельмі складана праходзіць. Мы нават пыталіся ў кіраўніцтва, ці не лепш было б часова даіць гурт толькі раніцай ды ўвечары”, – рас­казваюць аператары. Але ж адступаць ад тэхналогіі ў гаспадарцы не сталі, тым больш што, па словах галоўнага заатэхніка Тамары Генадзьеўны Карчэўскай, зараз у “Вялікадолецкім” шмат расцёлаў (51 галава ў ліпені), масава расцельваюцца ўведзеныя ў асноўны статак цялушкі. Канечне, часова абяднеўшы рацыён адбіўся на паказчыках, аб чым сведчыла і аператыўная зводка на 2 жніўня. Валавая вытворчасць малака па гаспадарцы за папярэднія суткі склала 8052 літры, а ўдой на карову – 10,5 літра, тады як год таму ў гэты дзень паказчыкі былі 8988 і 11,9 адпаведна. Такі мінус жывёлаводаў не радуе, але ў “Вялікадолецкім” упэўнены, што гэты спад хутка будзе пераадолены. Тым больш што статус лідараў па вытворчасці малака ў раёне ў іх пакуль ніхто не адабраў. Вось і па выніках паўгоддзя “Цыганок” з’яўляецца лепшай МТФ, а на верхніх радках табліцы спаборніцтва аператараў машыннага даення прозвішчы амаль усіх даярак гэтай фермы. Чацвёрты і пяты радкі па валавай вытворчасці ў дзвюх іншых МТФ гаспадаркі – “Міхалкаўшчына” і “Новае Жыццё”. “Вялікадолецкае” можа занесці сабе ў актыў і паказчык таварнасці малака – па выніках мінулага месяца ён быў лепшым у раёне – каля 90 працэнтаў.

Вядома ж, не выпускаюць тут з-пад увагі і пытанне якасці прадукцыі. У гэтым паказчыку гаспадарка саступае толькі “Дземенцу”, які трымае з пачатку года стапрацэнтны вынік па здачы малака “экстрай”. У “Вялікадолецкім” пакуль здараюцца выпадкі продажу часткі прадукцыі вышэйшым гатункам: у першы дзень жніўня, напрыклад, да “экстры” не дацягнула 19 працэнтаў малака, а гэта, канечне, фінансавыя страты. Мяркуйце самі, зараз кошт за літр “экстры” – 54 капейкі без падатку на дабавачную вартасць, за вышэйшы – 43, і няхітрыя падлікі паказваюць, што за адзін дзень гаспадарка, здаўшы 1360 кілаграмаў вышэйшым гатункам, недаатрымала каля 150 рублёў. Можна, канечне, сказаць, што значна складаней дабіцца выдатнай якасці на трох фермах з агульным статкам 767 дойных кароў у параўнанні са 150 галовамі адзінай МТФ “Дземенца”. Але ж такія адгаворкі – не для вялікадальчан.

Зрэшты, прыклад работы ў плане захавання якасці прадукцыі падаюць тыя ж жывёлаводы “Цыганка”. Давялося назіраць, як старанна мыла ёмістасць для малака дзяжурная Яўгенія Алексяёнак, якой беласнежнай была тканіна для працэджвання, як рупліва праціралі даяркі вымя кожнай каровы. Вельмі пільна сочаць жанчыны і за станам здароўя сваіх падапечных, адразу сігналізуючы пра іх недамаганне. Тройчы на тыдзень прыязджаюць на пашу работнікі ветстанцыі, каб правесці лячэбныя мерапрыемствы і прафілактычныя прышчэпкі. Гэтыя меры даюць плён, але, на жаль, не ўсе жывёлаводы іншых ферм сельгаспрадпрыемства захоўваюць тэхналагічныя патрабаванні, здараюцца і парушэнні дысцыпліны, што і прыводзіць да немаксімальных вынікаў.

Пры ўсім гэтым ёсць упэўненасць, што гаспадарка, якая мае вялікі патэнцыял у жывёлагадоўлі, не знізіць планку і па-ранейшаму застанецца флагманам галіны ў раёне.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *