Служить непросто, а ждать — тем более. Этой осенью на срочную службу в Вооружённые Силы Республики Беларусь отправилось 17 ушачан

Образование и молодежь

Уручэнне павестак ва ўрачыстай абстаноўцы стала ў нашым раёне добрай традыцыяй, якая не перарвалася і ў гэты раз. Амаль нязменнай з’яўляецца і праграма Дня прызыўніка, якая пачынаецца з ускладання вянка да помніка загінуўшым воінам і партызанам у скверы райцэнтра і працягваецца ў храме святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры, дзе будучыя вайскоўцы атрымліваюць блаславенне на паспяховую службу.

Ну а навіной сёлетняй імпрэзы стала месца правядзення яе асноўнай часткі, на якой уручаліся павесткі: хлопцы, іх бацькі і госці – прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, грамадскіх арганізацый, сілавых структур – сабраліся ва ўтульнай канцэртнай зале новай дзіцячай школы мастацтваў. Будучыя вайскоўцы пачулі шмат наказаў і пажаданняў. Так, намеснік старшыні райвыканкама Алена Васільеўна Пашковіч нагадала прызыўнікам, што яны – ураджэнцы аднаго з самых гераічных раёнаў, а таму выканаць свой грамадзянскі абавязак павінны дастойна, каб і бацькі, і ўсе землякі маглі імі ганарыцца. Спакойнай службы і ваеннага шчасця зычыў хлопцам начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі. Шчырымі і кранальнымі былі словы намесніка старшыні райвыканкама Валянціны Леанідаўны Хамёнак, якая ў гэты раз выступала не ад кіраўніцтва, а ад імя мам прызыўнікоў: “Памятайце, што чакаць не лягчэй, чым служыць, таму ў кожную вольную хвілінку пішыце і тэлефануйце родным!”. А старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская падкрэсліла, што звяртаецца да юнакоў ад іх бабуль і дзядуляў: “У арміі вы зробіце важны крок да самастойнасці, загартуецеся фізічна і маральна, набудзеце новыя навыкі і верных сяброў”.

Разам з павесткамі хлопцам былі ўручаны памятныя сувеніры і адмысловыя наказы прызыўніку Ушацкага раёна, падрыхтаваныя райкамам БРСМ. Патрыятызм і лірычнасць спалучылі музычныя нумары, якія выканалі культработнікі. Знайшлося тут месца і экспромту: тэкст знакамітай “Восені” групы “ДДТ” спявак Аляксандр Грыневіч дапоўніў практычнымі парадамі будучым вайскоўцам – у прыватнасці, тым, хто будзе служыць у яго роднай 103-й мабільнай брыгадзе паветрана-дэсантных войскаў, парэкамендаваў загадзя вывучыць тэкст песні “Неба славян”, якая спатрэбіцца на страявой падрыхтоўцы, і з вышыні свайго вопыту зазначыў, што ў скачках з парашутам няма нічога страшнага.

Асабліва ўважліва слухаў гэтыя парады будучы дэсантнік Станіслаў Пугачоў, раздзяліць з якім важны момант прыйшлі бацькі. Адметна, што сёлета для іх гэта ўжо другая падобная ўрачыстасць: вясной адправіўся ў армію старэйшы сын Мікіта, які зараз служыць у інжынерных войсках у Магілёве. “На жаль, з-за пандэміі нам не ўдалося пабываць на прысязе, аднак у перадачы “Арсенал” якраз паказалі сюжэт з часці Мікіты. Вядома ж, хвалюемся, але сын паведамляе, што служба праходзіць нармальна”, – расказвае Сяргей Міхайлавіч Пугачоў. Ну а самая вялікая група падтрымкі была на мерапрыемстве ў Яўгена Бойчанкі – мама і дзве сястрычкі. “Мая маці адправіла ў армію шасцярых сыноў, ну а я ў гэтай ролі знаходжуся ўпершыню і вельмі хвалююся”, – не хавала эмоцый Алена Антонаўна. Жэня, як адзіны мужчына ў іх вялікай сям’і, з дзяцінства звыклы да ўсялякай фізічнай працы, паспеў ужо атрымаць пасведчанне вадзіцеля і спецыяльнасць механіка, таму няма сумненняў, што служба ў пагранічных войсках будзе для яго цікавым і плённым этапам жыцця – тым больш што хлопец задумваецца пра кар’еру ваеннага.

Вось такое яно – ушацкае папаўненне беларускай арміі. Землякі зычаць вам, хлопцы, паспяховай службы і, канечне, жадаюць, каб неба славян заставалася мірным.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • Сёлетні восеньскі прызыў ва Ушацкім раёне атрымаўся даволі масавым: на тэрміновую службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь адправілася 17 юнакоў. Пры гэтым іх узроставы дыяпазон быў максімальна шырокім: калі тром хлопцам толькі споўнілася 18, то старэйшы з прызыўнікоў нядаўна адзначыў 27-годдзе.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *