Механизаторы «Маяка-Ушачского» всегда на лидерских позициях

Сельское хозяйство

Лідарства на корманарыхтоўцы механізатараў філіяла “Маяк-Ушацкі” ўспрымаецца як будзённасць, улічваючы аб’ёмы сенажу і сіласу, якія неабходны гаспадарцы з самым вялікім пагалоўем буйной рагатай жывёлы – трэба карміць два комплексы, ды і адрамантаваная матырынская ферма ажыла. Зразумела, што на “зялёным жніве” задзейнічана значная колькасць людзей, але сярод іншых дырэктар прадпрыемства Антон Юльянавіч Анецька вылучае машыністаў корманарыхтовачных агрэгатаў Пятра Караткевіча і Уладзіміра Вашчанку, а таксама трактарыста Сяргея Шчэрбіка: “У тым, што сёлета мы ў параўнанні з мінулым годам нарыхтавалі значна больш сенажу і наогул плюсуем па кармах, яны былі на галоўных ролях”.

Пацвярджаюць гэта і вынікі раённага спаборніцтва, у якім прыгаданыя механізатары ўвайшлі ў лік пераможцаў і ўчора на свяце ўшанавання працаўнікоў сяла ўзнімаліся на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі. З імі давялося сустрэцца напярэдадні. П.Караткевіча, напрыклад, застаў на базе былога саўгаса “Ушацкі”, дзе ён запраўляў КЗР-10. Навіне аб тым, што ён узначаліў рэйтынг лепшых механізатараў на корманарыхтоўчых агрэгатах, Пётр Феліксавіч не надта і здзівіўся: “З 20 мая як выехаў “зялёнку” ўбіраць, так і зараз працягваю. Кукуруза вось сёлета не надта ўрадзіла, а так лічбы яшчэ большыя былі б!”. Асноўныя гады механізатарскага стажу, які пачаўся ў далёкім 1982-м, П.Караткевіч напрацаваў у роднай селішчанскай гаспадарцы. “Пачынаў яшчэ да арміі, – прыгадвае механізатар. – На якой толькі тэхніцы не даводзілася ездзіць… Аднойчы за мной было замацавана ажно пяць адзінак – два трактары, пагрузчык, КЗР і КВК-800: дзе патрэбней было, туды і накіроўвалі. На КЗР з трохмятровай нямецкай сеялкай – адзін з любімых відаў работ, ды і тэхніка магутная, простая ў кіраванні, з гідраходам. Засыпаў 4 мяхі рапсу – і працуй увесь дзень. На селішчанскіх дробнаконтурных ніўках з вялікім агрэгатам не разгарнешся, а з трохмятровым – самы раз. Засеяў неяк ля Белюкоўшчыны закуток паміж купінамі кустоўя і атрымаў потым “вымову” ад камбайнераў – жняярка не праходзіла, каб убраць тую палоску, уручную прыйшлося выкошваць”.

І хоць ва У.Вашчанкі і С.Шчэрбіка нават сумарны стаж удвая меншы, чым у П.Караткевіча, хлопцы ўжо з’яўляюцца сапраўднымі прафесіяналамі, аддаўшы механізатарскай справе па дзясятку гадоў. Уладзімір, як і многія іншыя ўраджэнцы глыбачанскага краю, правы атрымліваў у Ульскім прафтэхвучылішчы, працаваў на малой радзіме, потым у “Кіраўскім” пад Віцебскам, у “Маяку-Ушацкім” – лічы што з моманту стварэння, чацвёрты год. Як і Сяргей, які “набіваў руку” яшчэ ў “Райаграсэрвісе”. Кіруюць яны магутнымі энерганасычанымі трактарамі, вясной, напрыклад, абодвух сустракаў на ворыве. На сезон жа корманарыхтоўкі У.Вашчанка перасаджваецца на КВК-800, а С.Шчэрбік на “Кіраўцы” адвозіць зялёную масу – толькі гэты волат цягне вялізны прычэп ПС-60. “Ля Завячэлля сёлета вельмі добрая канюшына была, – расказвае Уладзімір. – За дзень аднойчы 380 тон здрабніў, у Сяргееў прычэп тон пад 25 уціскалі. Каб атрымаць допуск на КВК-800, ездзіў на курсы на “Гомсельмаш”, хаця, канечне, у асноўным усяму вучышся на практыцы. Пасяўным агрэгатам авалодаў ужо тут, у “Маяку-Ушацкім”, вось “дзякуючы” Сяргею, які не прызнаўся, што раней ужо працаваў на сяўбе…”

Так, у іх ёсць і не вельмі любімыя віды работ, але пры неабходнасці гэтыя сціплыя і нешматслоўныя мужчыны выканаюць любы – адказна і дасканала, што не раз даказвалі. Пакаленню П.Караткевіча ў гаспадарцы ёсць дастойная змена, якая ў свае трыццаць ужо з’яўляецца “маякамі” для больш вопытных “маякоўцаў”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *