Без маски выгонят с автобуса и не обслужат в магазине? Нужны ли они в школе? Разбираемся в нюансах масочного режима

Здравоохранение

З 13 лістапада на Ушаччыне ўведзены масачны рэжым. Цяпер ва ўсіх грамадскіх месцах у абавязковым парадку трэба выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы органаў дыхання. Што будзе, калі праігнараваць гэтае патрабаванне? Ці хопіць на ўсіх масак? На гэтыя і іншыя пытанні мы шукалі адказы ў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Паўла Аляксандравіча САЎЧАНКІ:

– Гаворкі пра вуліцу не ідзе. У масках людзі павінны быць на сваіх рабочых месцах, а таксама пры наведванні гандлёвых кропак, аптэк, устаноў аховы здароўя, культуры, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адміністрацыйных будынкаў, аддзяленняў банкаў, сувязі, пошты, у грамадскім транспарце і на іншых аб’ектах, дзе цяжка ці немагчыма забяспечыць сацыяльнае дыстанцыраванне. Такі рэжым будзе дзейнічаць да стабілізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі.

Чалавека без маскі не пусцяць у магазін ці выганяць з аўтобуса?

– Такі механізм не прадугледжаны. Аднак у гандлёвай кропцы яму могуць адмовіць у абслугоўванні. Асобна скажу пра аб’екты грамадскага харчавання. Зняць маску ў іх можна толькі за сталом – падчас прыёму ежы.

– Дзецям у школах і садках таксама трэба быць у масках?

– Па жаданні бацькоў. А вось настаўнікі, выхавацелі, іншыя работнікі без гэтага сродку не абыдуцца. Як, дарэчы, і мамы, таты, якія прывялі малых ва ўстанову.

Там, дзе не выконваецца масачны рэжым, адказнасць панясуць кіраўнікі?

– Так. Яны абавязаны настойліва рэкамендаваць работнікам і наведвальнікам выкарыстоўваць сродкі індывідуальнай аховы, у прыватнасці, маскі. Адпаведныя аб’явы ўжо змешчаны ў большасці арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна. Калі ж гэта ўлічана не будзе, ёсць рызыка згодна з артыкулам 16.8 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь быць прыцягнутым да адказнасці ў выглядзе штрафу: індывідуальнаму прадпрымальніку – да 200 базавых велічынь, юрыдычнай асобе – да 500. Адміністрацыйная адказнасць для простых грамадзян, якія ігнаруюць нашэнне масак, пакуль не прадугледжана. Аднак гэтае пытанне разглядаецца.

– Масак хопіць на ўсіх?

– Так. У аптэчнай сетцы раёна ў дастатковай колькасці (з пастаянным папаўненнем) маюцца сродкі індывідуальнай аховы, лекі, антысептыкі і дэзінфектары. Гэтае пытанне строга кантралюецца ў адпаведнасці з Комплексным планам мерапрыемстваў па папярэджанні распаўсюджання інфекцыі COVID-19 у г.п.Ушачы і Ушацкім раёне ў перыяд уздыму захваральнасці вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі. Дарэчы, дакумент прадугледжвае яшчэ адну важную пазіцыю – ранішні “фільтр” да работнікаў. Гэта таксама зона адказнасці кіраўнікоў. Яны не павінны дапусціць у памяшканне людзей з сімптомамі вострых рэспіраторных інфекцый, да ліку якіх адносіцца COVID-19. Важна своечасова адхіліць ад работы і вучобы чалавека нават пры першых праявах захворвання, накіраваць яго ў лячэбную ўстанову для ацэнкі стану здароўя або дадому з наступным зваротам да ўрача.

– Ці ёсць карысць ад масак?

– Мы не ведаем, хто з намі знаходзіцца ў тых жа магазінах, грамадскім транспарце – хворы чалавек ці здаровы. У любым выпадку маскі затрымліваюць кроплі аэразолю, які выдзяляе арганізм, таму адмаўляць эфект ад іх нашэння нельга. Важна, каб гэты ахоўны сродак закрываў і рот, і нос адначасова. Выдатна, калі разам з нашэннем маскі вы будзеце выкарыстоўваць і гумовыя пальчаткі.

Нагадаю, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя рэкамендуе нашэнне масак у рэгіёнах, дзе ёсць факты каранавіруса. Ушаччына ж працягвае трымаць нярадаснае лідарства ў Віцебскай вобласці па колькасці хворых на тысячу насельніцтва.

– Сітуацыя паддаецца кантролю?

– Так. У раёне хапае і ложкавага фонду, і неабходных лекаў. Каля 80 працэнтаў хворых на COVID-19 па-ранейшаму пераносяць хваробу ў бессімптомнай ці лёгкай формах, знаходзяцца на ўмовах самаізаляцыі дома. Але ж кожнаму з нас неабходна больш адказна падыходзіць да свайго здароўя. І маска ў гэтым пытанні – добры памочнік.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *