147 ушачан застраховались от коронавируса в «Белгосстрахе»

Здравоохранение

На сённяшні дзень 147 ушачан заключылі дагаворы на страхаванне ад небяспечных хвароб (у тым ліку ад каранавіруса). З іх 116 – фізічныя асобы і 41 – юрыдычныя. Сваіх работнікаў застрахавалі, напрыклад, “Ніксілбуд”, “Прамбудлід”, прафсаюзныя арганізацыі сельгаспрадпрыемстваў, а таксама непасрэдна “Белдзярстраха”. За выплатамі ўжо звярнулася 13 чалавек, або 8,3 працэнта ад застрахаваных. Выплаты пакуль не рабіліся.

– Гэта вялікі паказчык, – удакладняе начальнік аддзела аказання страхавых паслуг па Ушацкім раёне Тамара Васільеўна Зімніцкая. – Паколькі інкубацыйны перыяд складае два тыдні, змяніліся ўмовы страхавання. Напрыклад, калі раней дагавор уступаў у сілу пасля 2 дзён з даты падпісання, то зараз толькі праз 5. Не атрымаецца застрахавацца тым людзям, якія ўжо хварэюць, знаходзяцца на каранціне ці ізаляцыі. На жаль, вымушаны будзем адмовіць і катэгорыі з зоны рызыкі: вадзіцелям, педагогам, гандлёвым работнікам, медыкам, калі яны на працягу трох тыдняў да гэтага звярталіся ў бальніцу з сімптомамі прастуды.

Нагадаем, што дагавор заключаецца тэрмінам на год, а страхавы ўзнос складае адзін працэнт ад страхавой сумы. Яе памер – не меней 2 тысяч рублёў, калі ад небяспечных захворванняў сваіх работнікаў страхуе юрыдычная асоба, і ад 3 тысяч рублёў – калі фізічная. Адбыліся змены і па ўмовах выплат з застрахаванай асобай. Раней у выпадку захворвання каранавірусам пры часовай страце працаздольнасці да 21 дня прадугледжваліся выплаты ў памеры 15 працэнтаў ад страхавой сумы: адпаведна 300 і 450 рублёў. Зараз, калі хвароба працякае ў лёгкай форме і вы лечыцеся не ў стацыянары, а дома, то выплаты складуць толькі 5 працэнтаў ад сумы страхоўкі, ці адпаведна 100 ці 150 рублёў. Гэта датычыцца новых полісаў, тыя ж ушачане, што застрахаваліся да 16 лістапада, атрымаюць выплаты згодна ранейшым умовам.

Пры знаходжанні на бальнічным звыш 21 каляндарнага дня вы атрымаеце 20 працэнтаў ад сумы: мінімум 400 рублёў, калі страхавала арганізацыя, і 600 – калі дагавор заключылі самі.

– У любым выпадку страхавыя выплаты значна перавышаюць узнос: нават мінімальная сума (150 рублёў) большая ў пяць разоў, – удакладніла Т.Зімніцкая.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *