Председатель областного Совета депутатов Владимир Терентьев встретился с ушачскими школьниками и медиками

Общество

“Перыядычна даводзіцца бываць ва Ушачах. І заўсёды адкрываю тут для сябе штосьці адметнае, чым не можа пахваліцца ні адзін іншы куточак вобласці і нават краіны. Сёння такім адкрыццём для мяне сталі людзі – тыя, хто не шкадуючы сябе, аддана працуе на карысць радзімы і землякоў; тыя, хто ў зусім юным узросце бачыць перад сабой годны шлях і мэтанакіравана ідзе па ім”, – так ахарактарызаваў сваю нядаўнюю рабочую паездку ў наш раён старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў. Садзейнічалі ж гэтаму сустрэчы, якія Уладзімір Уладзіміравіч правёў з медперсаналам цэнтральнай райбальніцы і вучнямі Ушацкай школы.

– У перыяд пандэміі COVID-19 на вашых плячах – увесь цяжар барацьбы за здароўе пацыентаў, – звяртаючыся да медыкаў, адзначыў У.У.Цярэнцьеў. – Кіраўніцтва вобласці імкнецца падтрымаць вас у такіх няпростых умовах. У перыяд з 1 красавіка па 25 лістапада бягучага года на штомесячныя надбаўкі прадстаўнікам галіны з абласнога бюджэту выдзелена 56 мільёнаў рублёў, яшчэ 17 мільёнаў затрачана на дадатковае ўкамплектаванне ўстаноў аховы здароўя Віцебшчыны.

Ва ўзгаданы дзень таксама не абышлося без прыемных бонусаў. Так, па даручэнні абласной арганізацыі Беларускага Фонду міру Уладзімір Уладзіміравіч уручыў Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі ад грамадскага аб’яднання траім прадстаўніцам райбальніцы: медыцынскім сёстрам тэрапеўтычнага, прыёмнага і інфекцыйнага аддзяленняў Таісе Пятроўне Ясюк, Але Віктараўне Шахноўскай і Сняжане Анатольеўне Рубанік.

Далучылася да віншаванняў і старшыня раённай арганізацыі Фонду міру Таццяна Міхайлаўна Малак. Яна адзначыла, што падтрымка ўшацкіх медыкаў, распачатая падчас першай хвалі каранавіруса (да Дня медыкаў для райбальніцы закуплены два танометры, харчовыя наборы, выдзяляліся грошы на сродкі аховы), будзе працягнута.

Па-сапраўднаму сяброўская атмасфера панавала ў гэты дзень у актавай зале Ушацкай школы. Сустракаючы гасцей – У.У.Цярэнцьева, старшыню райвыканкама Уладзіміра Генадзьевіча Аўдошку, старшыню раённага Савета дэпутатаў Наталлю Мікалаеўну Марковіч, вучні прэзентавалі свае даследчыя, творчыя і іншыя напрацоўкі. Ажыўлена было на пляцоўцы выхаванцаў гурта па робататэхніцы, кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Анатольеўна Шарыпа.

Вітаючы актывістаў школьнага жыцця, членаў Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна трэцяга склікання, Уладзімір Уладзіміравіч расказаў пра сябе, сваю сям’ю і работу. Ён падкрэсліў, што шчыра зайздросціць ушачанам, якія жывуць у экалагічна чыстым рэгіёне, дзе многае робіцца на карысць людзей, у тым ліку дзяцей і моладзі.

– Пры падтрымцы вашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі рэканструяваны яслі-сад №3 у гарпасёлку, пабудаваны новая дзіцячая школа мастацтваў, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дарэчы, такога ўнікальнага аб’екта, як “Юнацтва-
Ушачы”, у вобласці больш няма! – сказаў У.У.Цярэнцьеў. – Хацелася б пачуць ад вас, чаго, магчыма, маладым людзям не хапае. Практыка паказвае, што многія імкнуцца ў гарады…

Сапраўды, у раёне ёсць амаль усё, што “патрабуе душа” – і для работы, і для адпачынку. Прычым, заработная плата, скажам, настаўніка, можа быць нават вышэйшай, чым у горадзе, з-за большай нагрузкі. Прасцей у нас і з кар’ерным ростам, паколькі меншая канкурэнцыя.

Прысутныя адзінаццацікласнікі расказалі пра тое, куды збіраюцца паступаць. І практычна ўсе не выключаюць, што пасля заканчэння ВНУ вернуцца на малую радзіму.

– Добрыя спецыялісты тут заўсёды патрэбныя, а ў тым, што такімі станеце, не сумняваюся, – зазначыў У.У.Цярэнцьеў. – Штогод на абласным і нават рэспубліканскім этапах алімпіяды па вучэбных прадметах гучаць імёны ўшацкіх школьнікаў, а гэта гаворыць пра высокі прафесіяналізм вашых педагогаў, належную ўвагу да сферы адукацыі з боку раённага кіраўніцтва.

Напрыканцы сустрэчы Уладзімір Уладзіміравіч спыніўся на даволі вострай зараз тэме – палітычнай абстаноўцы ў краіне, якая раздзяліла народ на два лагеры. Ён заклікаў моладзь не слухаць інтэрнэтаўскія фэйкі, правільна рэагаваць на выклікі часу, паколькі ад гэтага залежыць наша будучыня.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *