Плановый приём не отменён, или Как работает поликлиника Ушачской ЦРБ в условиях пандемии?

Здравоохранение

Напачатку снежня многія паліклінікі краіны спынілі планавы прыём пацыентаў. Жыхарам Ушацкага раёна на гэты конт хвалявацца не трэба: своечасова атрымаць дапамогу вузкіх спецыялістаў па-ранейшаму ёсць магчымасць. Удакладніць некаторыя асаблівасці работы райбальніцы ва ўмовах распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі мы папрасілі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.ДРОЗД.

– Каб мінімізаваць кантакты пацыентаў, было вырашана павялічыць інтэрвал паміж іх прыёмам. Адноўлена практыка дастаўкі рэцэптаў на дом – чалавеку не трэба ісці ў паліклініку, дастаткова проста патэлефанаваць свайму ўчастковаму тэрапеўту. Пэўныя карэкціроўкі ўнеслі ў план вядзення цяжарнасці і назірання за пацыентамі, па магчымасці знізіўшы (з улікам усіх індывідуальных фактараў рызыкі развіцця ўскладненняў) неабходнасць наведваць дактароў.

Многія пры з’яўленні недамагання не спяшаюцца ў медустанову, баючыся падхапіць што-небудзь больш сур’ёзнае. Аднак дарэмна! Усе памяшканні райбальніцы тройчы на дзень праходзяць сур’ёзную апрацоўку бактэрыцыднымі лямпамі, у рэжымных кабінетах – такіх, як рэнтгеналагічны – выкарыстоўваюцца экстранныя дэзінфектары. Ужо на ўваходзе ў паліклініку дзяжурны медработнік з дыстанцыйным тэрмометрам змерыць тэмпературу і абавязкова
раздзеліць патокі.

Пацыентаў, якія тэмператураць, урач прымае ў інфекцыйным кабінеце, куды прадугледжаны асобны ўваход (побач з дзіцячым аддзяленнем). Тут жа пры неабходнасці бяруцца аналізы.

Дарэчы, для лабараторных даследаванняў, у тым ліку экспрэс-дыягностыкі COVID-19, у бальніцы маецца дастатковы запас рэагентаў і абсталявання, які рэгулярна абнаўляецца. Сітуацыя маніторыцца і адсочваецца. Створаны мабільныя брыгады з вопытных спецыялістаў па заборы мазкоў і лячэнні пацыентаў з каранавірусам на амбулаторным этапе.

На дамашнім лячэнні знаходзяцца пацыенты з бессімптомным ці лёгкім цячэннем COVID-19. У першым выпадку хворыя могуць разлічваць толькі на 10 дзён “бальнічнага” (адлік вядзецца з моманту забору біялагічнага матэрыялу для аналізу). Таксама на доме застаюцца кантакты першага ўзроўню – тых, хто адносіцца да гэтай катэгорыі, пасля праведзенага расследавання вызначаюць спецыялісты санітарнай службы раёна. Калі ў іх няма прыкмет вірусных захворванняў, пад назіраннем яны будуць знаходзіцца таксама 10 дзён, даследаванне праз мазок ці здачу крыві ім цяпер не прызначаецца.

Працэдуру праходжання медыцынскіх аглядаў і дыягнастычных працэдур, напрыклад, рэнтгенаграфію, ЭКГ ці УГД хворыя на каранавірус праходзяць у спецыяльна адведзены час, у тым ліку абедзенны. Улічваюцца пажаданні гэтых пацыентаў, а таксама магчымасць “адасобіць” іншых наведвальнікаў паліклінікі.

Нагадаю, што людзям з хранічнымі захворваннямі цяпер трэба быць асабліва асцярожнымі. Таксама варта паберагчы пажылых сваякоў, абмежаваць з імі кантакты. Сярод мер прафілактыкі – выкарыстанне масак, пальчатак і дэзсродкаў. У шматлюдных месцах варта захоўваць дыстанцыю ў 1,5-2 метра. Не трэба забываць аб прагулках на свежым паветры, занятках спортам, вітамінах, правільным харчаванні, рэжыме сну і адпачынку. Ні ў якім разе нельга займацца самалячэннем, прыходзіць на работу з прыкметамі рэспіраторнай інфекцыі. Залог паспяховага лячэння – своечасовы зварот за медыцынскай дапамогай.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • У многіх рэгіёнах Віцебскай вобласці зараз назіраецца рост захваральнасці на COVID-19. Ушаччына ў гэтым сэнсе трымае “стабільныя” пазіцыі: як нам расказаў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Павел Аляксандравіч Саўчанка, у сярэднім за дзень у нас рэгіструецца каля пяці новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, прыкладна столькі ж чалавек выздараўлівае. Статыстыка за лістапад паказала, што 65 працэнтаў хворых – гэта людзі працаздольнага ўзросту, 23 – пажылыя, 11 – дзеці. Апошнія, дарэчы, у большасці выпадкаў пераносяць захворванне бессімптомна.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *