Испытывают и лёд, и судьбу. Много ли рыбаков на первом льду, мы узнали во время совместного рейда с представителями МЧС и ОСВОД

Общество

Навіна аб патанулым на мінулым тыдні жыхары гарпасёлка, здаецца, нікога не пакінула раўнадушным. А таму адпраўляючыся ў пятніцу ў сумесны рэйд з прадстаўнікамі МНС і раённага таварыства выратавання на водах на ўшацкія азёры, спадзявалася, што аматары рыбнай лоўлі зрабілі для сябе правільныя вывады. Аднак яшчэ на пад’ездзе да першага вадаёма мая надзея нікога не ўбачыць трэснула, як першы лёд…

Нават углядацца не прыйшлося ў Матырынскае возера, каб заўважыць людзей, ды і немалая колькасць машын сведчыла, што іх тут шмат. Не прыйшлося доўга шукаць і падыходаў да возера: добра вытаптаная праз кустоўе і трыснёг сцежка падказвала, што рыбачаць тут ужо не адзін дзень. Перш чым ступіць на вадаём, апранаем выратавальныя камізэлькі. “Быў бы вось такі на нашым загінулым земляку, яго шанцы выжыць значна павялічыліся б, – з сумам зазначае старшыня раённага таварыства выратавання на водах Э.Г.Верташонак. – Нават калі вы на 100 працэнтаў упэўнены, што лёд вас вытрымае, нялішнім будзе перастрахавацца. Нездарма ў народзе камізэльку называюць паплаўком – пры трапленні ў ваду яна вас выштурхне і не дасць патануць”. Ступіўшы пару метраў, у высвідраваных лунках правяраем таўшчыню лёду – 10 сантыметраў. Як вядома, бяспечнай лічыцца адзнака ў 7, таму вытрымліваючы дыстанцыю, накіроўваемся да рыбакоў. Уважліва ўглядваюся ў колер лёду, блакітны – самы трывалы, з адценнямі шэрага, матава-белага або жоўтага – ненадзейны. Шматлікія лункі, цёмныя плямы на белым фоне, расколіны на лёдзе, хоць і замерзлыя, даверу не ўнушаюць. З кожным крокам сэрца замірае, а ў галаве ўзнікае малюнак, як правальваюся. Што рабіць у такім выпадку? “Самае галоўнае – не панікаваць, – кажа намеснік начальніка райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.М.Уліновіч. – Пакуль паміж слаямі адзення застаецца паветра, вы зможаце трымацца на плыву. Каб выбрацца з палонкі, налягайце грудзьмі на лёд і шырока расстаўце рукі, тым самым вы павялічыце плошчу апоры. Выбраўшыся з вады, уставаць катэгарычна забаронена, бо можна зноў праваліцца. Неабходна адкаціцца далей і паўзком дабірацца да берага. Каб лягчэй было выбрацца з палонкі, раю рыбаловам насіць з сабой востры прадмет – цвікі, адвёртка выдатна ўпіваюцца ў лёд і аблегчаць задачу”.

“Скажыце, а ў вас ёсць сям’я? Вы задумваліся, як родныя будуць пакутаваць, калі з вамі што-небудзь здарыцца? Вам не страшна?” – пытаемся ў рыбалова, які “прызямліўся” ў метрах ста ад берага. “Ну што вы, лёд ужо тоўсты, я ж зусім недалёка ад берага, а там, дзе бачны вымоіны, я не пайду!” – чуем у адказ. Дарэчы, кожны, з кім удалося пагутарыць, упэўнены, што з ім нічога не здарыцца. “Можа, лепш на канапе паляжаць?” – пытаемся ў яшчэ аднаго аматара. “Не, дома не цікава! А тут вось колькі ўжо злавіў за дзень!” – адказвае мужчына, паказваючы на дзясятак акунёў. Цікава, што некаторыя рыбу нават і не любяць есці, а адпраўляюцца на вадаёмы выключна дзеля азарту.

На Салонцы прама на сярэдзіне возера рыбачыў мужчына, а вось лёд там аказаўся ўсяго каля 5 сантыметраў і яшчэ з берага непрыемна трашчаў. “У пачатку сёлетняй вясны на вадаёме пад лёд праваліўся рыбак, на шчасце, яго таварыш змог аказаць яму дапамогу, – прыгадвае А.М.Уліновіч – У такім экстрэмальным выпадку спатрэбіцца палка, рэмень, шаль ці іншы падобны прадмет. Ляжце на лёд і паўзіце да палонкі. Калі пацярпелы ўхопіцца за прадмет, падцягніце яго на паверхню лёду, але не рэзкім рухам. Калі чалавек выберацца з вады, пачынайце разам паўзком перасоўвацца да берага, паводдаль адзін ад аднаго”. Тут варта зазначыць, што не кожнаму даросламу хопіць сіл выбрацца з-пад лёду, што казаць пра дзяцей! Забараніце ім любыя гульні ля вадаёмаў і паблізу іх. У пятніцу ў Чэрыкаўскім раёне пад лёд праваліліся два 15-гадовыя падлеткі, адзін з іх загінуў…

Нямала рыбаловаў было і на папулярным Чарсцвядскім возеры, дзе таўшчыня лёду склала 11 сантыметраў. Але рызыка несумненна ёсць: мароз не паспеў усюды аднолькава і моцна скаваць вадаёмы, сваю каварную справу могуць зрабіць вымоіны ці падводныя ключы, перапады тэмператур, а некаторыя вадаёмы, як напрыклад, Баравёнак ці Чаравэчча практычна не замёрзлі.

З рыбакамі прадстаўнікі службаў правялі прафілактычныя размовы, уручылі памяткі, нагадалі, што ніхто не адмяняў забарону выхаду на лёд, калі на вадаёме ён менш 7 сантыметраў. Аднак, здаецца, спыніць рыбакоў і іх азарт не змогуць ніякія папярэджанні і забароны, пакуль кожны сам не ўсвядоміць, што не варта аддаваць жыццё за пару рыбін і што выхад на лёд можа стаць апошнім.

Між тым, звесткі аб трагедыях не перастаюць папаўняць стужкі навін. Толькі на Віцебшчыне за гэтыя снежаньскія дні ахвярамі тонкага лёду сталі 4 чалавекі. У Расонскім раёне не змог выбрацца 55-гадовы мужчына, а ў Гарадоцкім двое маладых рыбакоў вырашылі перастрахавацца і адправіліся на вадаём на лодцы, аднак яна перавярнулася, выратавацца ўдалося толькі аднаму. А ў гэтыя выхадныя на адным з браслаўскіх азёр апошняй стала рыбалка для 45-гадовага мінчаніна. Кожнага з іх дома чакалі дзеці, жонкі, бацькі…

Вольга КАМАРКОВА.

Факт

  • Паводле інфармацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства выратавання на водах, з пачатку года на вадаёмах Беларусі загінулі 344 чалавекі, 25 з іх – непаўналетнія.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *