«Он для нас как родной» — с радостью говорят пожилые о соцработнике из Ильюшино Василии Литвиновиче

Общество

Калі б у рэдакцыі праводзіўся конкурс на самага вясёлага героя нашых аповедаў, перамога ў ім магла дастацца В.В.Літвіновічу з аграгарадка Ільюшына. Ужо на старце нашага знаёмства мужчына не пераставаў сыпаць жартамі. І ўсё ж мы дакладна ведалі, што за імі – асаблівая глыбіня, спагада. Станоўчыя водгукі пра Васіля Васільевіча не раз чулі ад яго калег – работнікаў ТЦСАН – і падапечных.

Знайсці патрэбны адрас у вёсцы Памялкова, дзе ў агавораны час маглі б застаць сацыяльнага работніка, цяжкасці не склала. Своеасаблівым указальнікам стаў невялічкі трактар, на якім В.В.Літвіновіч аб’язджае пажылых людзей.

– Сёння надта слізка – свой “аўсяны мерсэдэс” пакінуў дома, – усміхаецца мужчына. – Спытаеце: што гэта за транспарт? Конь, які харчуецца аўсом і такі ж надзейны ў дарозе, як прыгаданы аўтамабіль. На ім спрытней да маіх семярых “хлопчыкаў” і “дзяўчынак” з Ільюшына, Рагуцкіх, Гарадца, Звоні, Гуты ездзіць. Раней у штодзённым маршруце былі і іншыя вёскі нашай мясцовасці.

Аграгарадок Ільюшына даўно стаў родным для ўраджэнца Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ён быў вымушаны развітацца з прывычнымі мясцінамі, пасадай памочніка машыніста чыгуначнага транспарту і пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. Атрымаўшы ад мясцовай гаспадаркі дом, працаваў пастухом. Калі ж у 1998-м змог выкупіць нерухомасць, змяніў прафесію і прыйшоў у ТЦСАН Ушацкага раёна.

…Толькі з’явіўся ва ўзгаданы дзень В.В.Літвіновіч на парозе дома Э.С.Карабань, як твар жанчыны расквеціўся.

– Усё жыццё была медыцынскай сястрой і ішла на работу ў паліклініку як на свята, – падзялілася з намі Эма Сяргееўна. – Гэтак жа спяшаецца да нас – пажылых людзей і інвалідаў – Васіль. Ён для нас як родны – не проста прадуктаў з магазіна прынясе, лекі ў райцэнтры купіць, печку пратопіць, смачны абед прыгатуе, раскажа нешта пазітыўнае, пакажа фатаграфіі з асабістага архіву ў тэлефоне, а калі трэба, у бальніцу праводзіць. Наша сяброўства з сацработнікам доўжыцца ўжо сем гадоў.

Такую прыхільнасць заваяваў В.В.Літвіновіч у большасці сваіх падапечных, асабліва – у прадстаўніц прыгожай паловы. Прыгадвае, як у адной з вёсак, каб аблегчыць работу сацработніку, ды і самой крыху размяцца, адна бабуля пратоптвала ўзімку сцяжыну да калодзежа. Такія мілыя зносіны выклікалі зайздрасць у многіх суседак. Доўга не маглі падзяліць Васіля Васільевіча і дзве жыхаркі Гуты – даводзілася ісці на падман і казаць абедзвюм, што прыйшоў менавіта да яе першай.

Падтрымлівае адносіны В.В.Літвіновіч і з былымі сваімі падапечнымі, якіх часова ці назаўжды забралі да сябе блізкія.

– Зараз дзве мае ластаўкі зляцелі. Але нічога, бліжэй да лета павінны вярнуцца, – з цеплынёй кажа ён. – Перыядычна сазвоньваемся, гутарым пра жыццё-быццё.

А расказаць Васілю Васільевічу, сапраўды, ёсць што. З жонкай Эміліяй Міхайлаўнай выхавалі дзвюх дачок і сына, цяпер радуюцца поспехам 6 унукаў. Трымаюць у сям’і вялікую падсобную гаспадарку: каня, карову, парсючкоў, курэй, да нядаўняга часу былі таксама козы, трусы, авечкі. Любіць мужчына і ціхае паляванне – ведае ў тутэйшых лясах усе грыбныя месцы. Дарэчы, у сакрэце іх не трымае – з радасцю паказвае калегам, знаёмым. Такая ў гэтага чалавека натура – дзяліцца ўсім, што ведае і мае, знаходзіць радасць у кожным моманце жыцця.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



1 комментарий по теме “«Он для нас как родной» — с радостью говорят пожилые о соцработнике из Ильюшино Василии Литвиновиче

  1. Как это происходит? Вы заболели, свалились. Пожилые говорят, что это молодые могут лежать и ждать, когда уйдет боль, а мне надо идти. То есть у человека все болит, он не может, но он должен свои 100 метров пройти. Это уже не походы по 10 км, а это тот самый километр, те самые несколько сотен метров, которые вы идете и это приносит радость, потому что вы преодолеваете себя.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *