Непредсказуемость Дакара может резко изменить финал ралли-марафона «Дакар-2021»

Cпорт

Пасля таго, як мы расказалі пра ўдзел у экіпажы каманды МАЗ-СПОРТаўта ўраджэнца Ушач Максіма Новікава, яшчэ большая колькасць нашых чытачоў з цікавасцю сочыць за ходам ралі-марафону “Дакар-2021”, які праходзіць гэтымі днямі ў Саудаўскай Аравіі.

Нагадаем, што сёлета Беларусь на прэстыжных спаборніцтвах прадстаўлялі два грузавікі. І ўжо на самым старце гонкі абодва нашы экіпажы заявілі пра свае высокія амбіцыі, заняўшы падчас пралога першае і другое месцы. МАЗ Сяргея Вязовіча небеспадстаўна лічыўся адным з фаварытаў ралі і дастойным канкурэнтам каманды “КАМАЗ-майстар”, прадстаўленай аж чатырма баявымі экіпажамі. Беларускі гоншчык быў настроены даць бой “Сіняй Армадзе” (так называюць камазаўцаў), а рэальнасць планаў пацвердзіла перамога Сяргея на 3-м этапе. А вось для экіпажа Аляксея Вішнеўскага, штурманам якога з’яўляецца наш зямляк, наадварот пачатак гонкі не задаўся: ужо на 1-м этапе сур’ёзная паломка абярнулася амаль паўтарагадзінным адставаннем ад лідараў і 17-м месцам у табліцы…


Зрэшты, Дакар вядомы сваёй непрадказальнасцю: на 4-ым этапе МАЗ Вязовіча нечакана заглух – прапала сувязь паміж рухавіком і каробкай перадач. Увесь дзень беларусы сярод пустыні рамантавалі машыну, ноччу даехалі да фінішу і раніцай выйшлі на старт, аднак скончыць 5-ты этап так і не здолелі – зняліся з гонкі. Такім чынам, экіпаж Вішнеўскага застаўся адзіным нашым прадстаўніком на Дакары і апошняй надзеяй беларускіх балельшчыкаў. Гоншчыкі ведалі, што не маюць права на памылку, таму стараліся акуратна праходзіць этапы, паступова адыгрываючы пазіцыі ў агульным заліку. Так, напрыклад, на 5-м этапе МАЗ спыніўся ў адным кроку ад перамогі, а на 8-м амаль усю гонку ішоў першым, і толькі лопнуўшае за 50 кіламетраў да фінішу кола, на замену якога спатрэбілася некалькі хвілін, дазволіла тром КАМАЗам абагнаць нашых землякоў.

За чатыры этапы да заканчэння марафону экіпаж Вішнеўскага замыкаў шасцёрку лепшых, аднак меў усе шансы ўзняцца яшчэ вышэй і паказаць свой самы высокі вынік на Дакары (раней гэта было восьмае месца). Якую тактыку абярэ пілот і яго каманда? Абысціся без залішняй рызыкі і забяспечыць дастойны рэзультат, або ісці ва-банк і, спадзеючыся на правалы лідараў, замахнуцца на прызавую тройку? Убачым ужо ў бліжэйшыя дні – ралі завершыцца 15 студзеня.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Меркаванне

  • Удалыя дзеянні М.Новікава на працягу ралі адзначаў А.Вішнеўскі. “На 30-м кіламетры было складанае месца ў плане навігацыі. Калі мы пад’ехалі, там “блукаў” КАМАЗ, але мы хутка знайшлі накірунак, куды ехаць. Дзякуй майму штурману Максіму, што ён хутка зрэагаваў, і мы вырваліся ў лідары” – казаў пілот у сваім інтэрвью пасля пятага этапу.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *