Заинтересованность и случай позволили электромонтёру Валерию Сабину обеспечивать надёжную охрану зданий

Общество

У героя нашага аповеду – спецыялізацыя вузкага профілю: на сённяшні дзень ва Ушачах са сродкамі ахоўна-пажарнай сігналізацыі працуе ўсяго двое электраманцёраў. І такая “ўнікальнасць” В.У.Сабіну па душы: на працягу амаль дзевяці гадоў спяшаецца ён у аддзяленне па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы, каб забяспечыць спраўнасць абсталявання, а значыць не дапусціць у дамы землякоў і адміністрацыйныя будынкі зламыснікаў.

Юнакі часта цікавяцца электрыкай. З дзяцінства быў такі інтарэс і ва ўраджэнца вёскі Цялічына. Назіраючы за тым, як спрытна “чаруе” дома над устаноўкай і рамонтам электраабсталявання бацька (дарэчы, Уладзімір Мікалаевіч працуе ва ўшацкім энергазбыце з моманту стварэння службы), Валерый атрымліваў карысныя навыкі, якія не баяўся прымяняць на практыцы. Яго веласіпед, а пазней мапед былі ў мясцовасці самымі прыкметнымі – з мноствам арыгінальных светлавых прыбораў, якія хлопец падключаў самастойна.

– Пасля заканчэння Плінскай школы месца для паступлення выбраў амаль выпадкова, – расказвае В.Сабін. – У Віцебск па справах збіраўся мой брат – і я накіраваўся з ім, папрасіўшы заадно заехаць у Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж, дзе знайшоў спецыяльнасць “энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці”.


Звязваць свой лёс з аграрнай галіной Валерый не хацеў, таму выбраў платную форму навучання. Гэта дазволіла пасля заканчэння каледжа і службы ў арміі самастойна вызначацца з працоўным месцам – і яго В.Сабін знайшоў у аддзяленні Дэпартамента аховы ва Ушачах.

– Галоўнае ў рабоце электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі – дакладна ведаць, як працуе сістэма, рабіць усё, каб яна не давала збояў, – кажа малады чалавек. – Калі ўзнікаюць непаладкі, трэба хутка вызначыць няспраўнасць і яе ліквідаваць.

У штодзённым маршруце спецыяліста шостага разрада – па 4-5 аб’ектаў. Хутка арыентуецца ён у вялікай колькасці ўстановак у будынку раённага суда, правярае іх стан у магазінах райспажыўтаварыства, рэдакцыі… Выязджае В.Сабін і на “спрацоўкі”, прычым, не толькі ў будныя дні, але і ў выпадку дзяжурства – у святочныя.

Сёння тэхніка актыўна развіваецца, з’яўляюцца новыя сродкі ахоўна-пажарнай сігналізацыі, таму трэба пастаянна вучыцца. У В.Сабіна праблем з гэтым не ўзнікае – любіць пачытаць адмысловую літаратуру, пашукаць у інтэрнэце інфармацыю, якая можа спатрэбіцца ў прафесійнай дзейнасці.

– Спецыяльнасць у мяне надзвычай цікавая, падабаюцца таксама зносіны з людзьмі на аб’ектах, – кажа Валерый. – А яшчэ ў аддзяленні калектыў выдатны: усе прафесіяналы сваёй справы! Калі ўзнікаюць нейкія пытанні, заўсёды дапамагаем адзін аднаму, падказваем. Працаваць у такіх умовах – адно задавальненне!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *