Великодолецкие школьники заняли призовые места на областном этапе «Снежного снайпера»

Cпорт

Мы ўжо прызвычаіліся да факту, што вялікадолецкія школьнікі стабільна радуюць нас узнагародамі прэстыжных біятлонных стартаў. Не стаў выключэннем і абласны этап спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які завяршыўся нядаўна ў Віцебску.

На трасы дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву выйшлі больш 120 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 16 год, у ліку якіх было 14 юных біятланістаў нашага раёна. Касцяк ушацкай каманды традыцыйна склалі вялікадальчане, мелі ў ёй сваё прадстаўніцтва таксама Ушацкая, Глыбачанская і Ільюшынская школы. Юныя спартсмены пераадольвалі дыстанцыю ад 1,8 да 3 кіламетраў (у залежнасці ад узросту) з двума агнявымі рубяжамі.

Не толькі ўменні, але і характар праявіў на лыжні ўдзельнік малодшай групы Мікіта Жаваранак. Не надта ўдалую стартавую пазіцыю (хлопчыку давялося выбірацца ў галаву пелетона з трэцяга раду), а таксама страту палкі на адным з участкаў, з-за чаго было згублена каля 30 секунд, наш біятланіст кампенсаваў выдатным ходам і стральбой “на нуль”. У выніку ад пераможцы Мікіту аддзялілі толькі 2 секунды. Але і “срэбра” – цудоўны вынік для дэбютанта!

А вось Жэня Сямяхіна хоць і спаборнічае ў сярэдняй узроставай групе, але ўжо з’яўляецца старажылам каманды – за яе плячамі ёсць вопыт выступлення на раўбіцкай трасе. Сёлета ў Віцебску для дзяўчыны ўсё склалася ідэальна: 10 закрытых мішэняў і ўпэўнены рух па лыжні дазволілі апярэдзіць бліжэйшую праследавацельніцу на 16 секунд і атрымаць цалкам заслужанае “золата”. Вельмі высокая канкурэнцыя была ў старэйшай групе, аднак Уладзіслаў Асіпёнак здолеў патрапіць у чацвёрку лепшых: разам з прыгаданымі вышэй сябрамі па камандзе ён увайшоў у склад зборнай, якая прадставіць Віцебскую вобласць на фінальным этапе. Увогуле ж усе ўшацкія біятланісты цалкам выклаліся на трасе – гэта дазволіла зборнай раёна заняць высокае пятае месца сярод 25 каманд, якія бралі ўдзел у абласным этапе.

Учора Мікіта, Жэня і Улад прайшлі абавязковае для ўсіх фіналістаў тэсціраванне на каранавірус, а ў панядзелак, калі ўсё будзе добра, яны разам са сваім настаўнікам адправяцца ў Раўбічы, дзе правядуць трэніровачны збор і напрыканцы тыдня выйдуць на фінальны старт “Снежнага снайпера”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Меркаванне

  • Вось які каментарый даў па выніках віцебскіх стартаў выкладчык фізічнай культуры і спорту Вялікадолецкай школы Уладзімір Мікалаевіч Лапіцкі: “Шчыра кажучы, і я, і мае выхаванцы рады ўжо таму факту, што “Снежны снайпер” сёлета зноў у праграме спартыўнага сезона. Як вядома, леташняя зіма стала настолькі бясснежнай, што спаборніцтвы былі адменены. Існавала такая пагроза і сёлета – толькі ўжо з-за каранавірусу. Прынамсі, эпідэмічная сітуацыя прыкметна скомкала праграму падрыхтоўкі да гэтых стартаў і цалкам свой патэнцыял нам рэалізаваць не ўдалося. Тым не менш, выступленне на абласным этапе лічу ўдалым і вельмі рады, што фінал зноў не абыдзецца без нашага ўдзелу”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *