На пути к почти нереальному. ФОК «Юность-Ушачи» в летний период вышел на самоокупаемость

Cпорт

Калі Прэзідэнт нашай краіны запытаўся ў генеральнага дырэктара “Мінск-Арэны”, ці магчыма зрабіць яе дзейнасць рэнтабельнай, той адказаў, што толькі ў выпадку адмены ўсіх ільгот для карыстальнікаў. Іншымі словамі, для сацыяльнага аб’екта, які аказвае паслугі дзяржаўным арганізацыям амаль бясплатна, выйсці на мяжу акупнасці практычна нерэальна – у сярэднім па спартыўных збудаваннях краіны (а іх у Беларусі 23 тысячы) гэты паказчык складае каля 50 працэнтаў. На прыгаданай “Мінск-Арэне” ён больш высокі – найперш таму, што тут апроч спартыўных спаборніцтваў праходзяць і канцэрты. У нашым спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” зоркі шоу-бізнесу не выступаюць, тым не менш за 7 месяцаў бягучага года акупнасць аб’екта склала 58,6, а ў летні час перасягнула стапрацэнтны паказчык.

Гэта стала падставай для нашай размовы з дырэктарам Ушацкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргеем Генадзьевічам Кіслым і галоўным спецыялістам сектара спорту і турызму райвыканкама Вадзімам Васільевічам Рубанікам, якія расказалі, як дасягаўся годны вынік, падзяліліся далейшымі планамі ў гэтым напрамку.

Аднаго прымаем – двум адмаўляем

Каля 65 працэнтаў у структуры даходаў нашага спарткомплексу складае плата за пражыванне ў інтэрнаце. У летнія месяцы амаль штодня былі заняты ўсе ложкамесцы: кватаравалі тут сахалінскія і санктпецярбургскія валейбалісты, цвярскія і мінскія плыўцы, упершыню правялі ва Ушачах збор прадстаўнікі сучаснага пяцібор’я – трэніравалі ўсе віды сваёй праграмы акрамя канкуру і жартавалі, што не здзівяцца, калі ў наступны іх прыезд на нашым шматфункцыянальным комплексе з’явіцца і конная база.

Зрэшты, тое, што праз год іх візіт адбудзецца, ніхто не гарантуе: у “Юнацтва-Ушачы” трапляюць далёка не ўсе жадаючыя.

– Гэтым летам, на жаль, былі вымушаны адмовіць у правядзенні дзевяці збораў і тым самым страцілі прыкладна 100 тысяч рублёў, – расказвае Сяргей Генадзьевіч. – Хацелі патрэніравацца ў нас жаночая нацыянальная каманда па вольнай барацьбе, плыўцы з расійскага Тосна, гандбольны клуб “Віцябчанка”. Асабліва шкада, што не змаглі прыняць нацыянальную зборную дзюдаістаў, якія мелі намер размясціцца ва Ушачах у час правядзення ІІ Еўрагульняў і выязджаць у Мінск непасрэдна ў дні паядынкаў. На думку трэнераў, такая аддаленасць магла б зменшыць псіхалагічны ціск і паспрыяць добрым вынікам. Аднак на той момант у нас ужо быў заключаны дагавор з сахалінцамі.

Як бачна, дэфіцыт месцаў у інтэрнаце не дазваляе больш эфектыўна выкарыстоўваць спартыўнае збудаванне. Зборныя і клубы гатовы прывозіць па 60 і больш чалавек, размясціць жа іх няма дзе. Па гэтай прычыне, напрыклад, не прыедуць да нас веласіпедысты з Сестрарэцка, нацыянальная каманда самбістаў, якая хацела правесці ва Ушачах аднаўленчы збор. Дзякуючы актыўнай інфармацыйнай рабоце (а гэта інтэрнэт-рассылкі, рэкламныя банеры, прэзентацыйныя ролікі, асабістыя сувязі і міжрэгіянальныя стасункі – як гэта было, напрыклад, нядаўна падчас дзелавой паездкі ўшацкай дэлегацыі ў Смаленск) наш аб’ект набірае ўсё большую папулярнасць. Спрыяюць поспеху шмат фактараў: невысокія цэны пры якасным абслугоўванні, з’яўленне новых магчымасцей для трэніровак: як мы ведаем, сёлета побач з комплексам з’явілася футбольнае поле са штучным пакрыццём, шматфункцыянальны сілавы комплекс. А зараз уявіце, наколькі вышэйшым мог быць працэнт акупнасці, каб не даводзілася адмаўляць кліентам. Тут дарэчы прыгадаць і яшчэ адзін аспект: спарткомплекс дапамагае раёну выконваць важны мэтавы паказчык сацыяльна-эканамічнага развіцця – экспарт паслуг, які ў былыя гады з розным поспехам “закрываў” санаторый “Лясныя азёры”.

Укладанне на перспектыву

Вырашыць праблему зможа будаўніцтва інтэрната для спартсменаў. І гэтая задума ўжо пачала ажыццяўляцца.

– Зараз вядуцца перадпраектныя работы, у якіх задзейнічаны “Віцебскгіпразем”, праектнае бюро “Квант” і цэнтр маркетынгу, што пачаў распрацоўку бізнесплана, – расказвае В.Рубанік.

Асабіста мне давялося ўжо ўбачыць на фота і прыкладны выгляд інтэрната, які, прынамсі, будзе разлічаны на 60-70 месцаў, – магу засведчыць, што будынак стане ўпрыгожаннем мікрараёна. У гэтай сувязі даводзілася чуць меркаванні, што інтэрнат для спартсменаў – зусім не першачарговая неабходнасць для гарпасёлка, маўляў, ёсць і больш актуальныя патрэбы. Аднак яго будаўніцтва – гэта крок не толькі да акупнасці комплексу і, адпаведна, змяншэння бюджэтнага фінансавання яго дзейнасці. Новы аб’ект – гэта работа для нашых будаўнікоў, будучыя працоўныя месцы для ўшачан, а прыток гасцей – дадатковая выручка для мясцовых аб’ектаў гандлю і харчавання. Гэта ўкладанне на перспектыву, бо, як неаднаразова падкрэсліваў наш дэпутат у парламенце Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка, менавіта на развіццё турызму трэба найперш рабіць стаўку нашаму неспрыяльнаму для сельгасвытворчасці рэгіёну.

Эканоміць нават на “запалках”

Аднак вернемся да тэмы акупнасці спартыўнага аб’екта. На эканамічную эфектыўнасць яго дзейнасці ўплывае і змяншэнне эксплуатацыйных расходаў. Так, напрыклад, прыкметна ўдзешавіла іх тое, што ў красавіку мінулага года кацельня комплексу перайшла на яго баланс: калі ў першы ацяпляльны сезон давялося плаціць камунальнаму прадпрыемству ў сярэднім за месяц каля 30 тысяч рублёў, то зараз трэба разлічвацца толькі за газ, а гэта 10-15 тысяч. Вядома ж, каб атрымаць допуск да работ, кіраўнік і спецыялісты прайшлі навучанне на адпаведных курсах, здалі экзамен.

– Увогуле знаходзімся ў пастаянным пошуку ідэй наконт таго, як удзешавіць эксплуатацыю, – адзначае С.Кіслы. – Зараз, напрыклад, выношваем планы па замене асвятляльнага вулічнага абсталявання на больш энергазберагальнае.

Сацыяльная нагрузка ўзрасце

Як ужо прыгадвалася, спартыўны комплекс з’яўляецца сацыяльным аб’ектам. У ім праводзяць трэніроўкі выхаванцы Ушацкай ДЮСШ – гэтымі днямі новы навучальны год пачалі каля 190 юных спартсменаў. Адметна, што летась на пяці яе аддзяленнях займаліся спортам 26 працэнтаў навучэнцаў агульнаадукацыйных школ – гэта прыкметна больш планавых 18,6 працэнта і вышэй, чым у сярэднім па краіне.

Актыўна задзейнічае пляцоўкі комплексу і раённы фізкультурна-спартыўны клуб. Толькі летась праведзена 68 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел больш 3300 чалавек. 23,6 працэнта ўшачан актыўна займаюцца фізкультурай і спортам (па краіне гэты паказчык крыху меншы).

Варта адзначыць, што з пачатку 2020 года сацыяльная нагрузка на спартыўны аб’ект узрасце: з 1 студзеня ўступіць у сілу Указ Прэзідэнта №295, падпісаны 5 жніўня.

– На цяперашні час мы не маем права аказваць паслугі бясплатна, без кампенсацыі камунальных расходаў. Пасля ж уступлення ў сілу дакумента ўстанова адукацыі зможа заключыць з намі дагавор на бязвыплатную арэнду і бясплатна праводзіць у комплексе ўрокі фізкультуры, – тлумачыць новаўвядзенне С.Кіслы.

Відавочна, што на комплекс лягуць новыя расходы, затое павялічыцца яго загружанасць – а гэты паказчык можна лічыць найважнейшым для ацэнкі паспяховасці функцыянавання любога спартыўнага аб’екта. Зрэшты, палепшыць яго можам і мы з вамі – калі будзем больш актыўна карыстацца спартыўнымі дабротамі, з якімі ўшачанам, што і казаць, моцна пашчасціла.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *