Бывшая воспитанница Ушачской ДЮСШ Кристина Зуева завоевала «бронзу» молодёжного первенства мира по самбо

Cпорт

У элітнай суполцы ўшацкіх спартсменаў сусветнага рангу папаўненне: былая выхаванка нашай ДЮСШ, а зараз студэнтка Белдзяржуніверсітэта фізічнай культуры Крысціна Зуева ўзнялася на бронзавую прыступку п’едэстала маладзёжнага першынства свету па самба!

На спаборніцтвы, якія праходзілі на мінулым тыдні ў сербскім горадзе Нові Сад, сабраліся больш 400 барцоў з 35 краін. У рамках турніру вызначалі лепшых прадстаўнікоў маладзёжных, юніёрскіх і дарослых нацыянальных каманд. Трэба сказаць, што эпідэмічная сітуацыя істотна скарэкціравала сёлетні спартыўны каляндар. Так, у красавіку было адменена маладзёжнае першынство Еўропы, да якога сур’ёзна рыхтавалася Крысціна. Пад пытаннем было і правядзенне дарослага Чэмпіянату свету: меркавалася, што ён пройдзе ў Туркменістане, аднак з-за адмовы арганізатараў спаборніцтвы перанеслі ў Сербію, далучыўшы ў праграму і маладзёжны турнір.

Праходзіў чэмпіянат пры павышаных мерах бяспекі. “Мы знаходзіліся амаль у поўнай ізаляцыі, гледачоў на трыбунах не было, а на арэне стварылі своеасаблівы “пузыр”, у якім спартсмены рыхтаваліся да паядынкаў і выступалі, – расказвае Крысціна пра свае дэбютныя замежныя спаборніцтвы. – Строгі кантроль за захаваннем санітарных нормаў быў і ў атэлі, перамяшчаліся толькі на спецыяльных аўтобусах, забаранялася выходзіць у горад, таму паглядзець славутасці не ўдалося. Але, канечне, мы былі вельмі задаволены, што чэмпіянат усё ж адбыўся”.

Ну а турнірны шлях для нашай зямлячкі пачаўся з прыгожай схваткі з балгарскай самбісткай: Крысціна кінула яе з каленяў праз спіну, а потым у партэры правяла балявы прыём на локаць. А вось у паядынку за выхад у фінал ёй супрацьстаяла моцная расійская самбістка, якой беларуска саступіла па балах – як сама кажа, з-за нястачы вопыту і майстэрства. Аднак і выніковае трэцяе месца, безумоўна, выдатны рэзультат для дэбютанткі!

“Усё вельмі спадабалася, шкада толькі, что побач не было трэнера, які б падтрымаў, даў параду. Зрэшты, настаўнікі, родныя і сябры перажывалі за мяне на радзіме – глядзелі прамую трансляцыю спаборніцтваў. Ведаю, што назірала за паядынкамі праз інтэрнэт і мой першы трэнер Вера Васільеўна Кіліна, без якой гэтага медаля проста б не было”, – адзначае бронзавая прызёрка. А яшчэ дадае, што вынікамі Чэмпіянату свету задаволена не цалкам – але не ўсё адразу, ёсць да чаго імкнуцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • Чэмпіянат у Сербіі стаў паспяховым для беларускіх самбістаў. Спартсмены нацыянальнай зборнай заваявалі на ім тры “золата”, па пяць срэбраных і бронзавых медалёў і занялі другое агульнакаманднае месца, саступіўшы толькі галоўным фаварытам – расіянам. Ну а “бронза” Крысціны папоўніла скарбонку дасягненняў юніёрскай каманды, за якую выступалі спартсмены да 21 года, – на рахунку маладых беларусаў 10 медалёў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *