В Ушачской районной спартакиаде среди трудовых коллективов царила дружественная атмосфера

Cпорт

“Сваім вынікам, у прынцыпе, задаволена, ну а тыя дзесяць адцісканняў, якіх не хапіла да леташняга рэкорду, спішам на яшчэ няпоўнае аднаўленне пасля каранавіруса!”, – з абаяльнай усмешкай дзялілася ўражаннямі пераможца сёлетняй раённай спартакіяды ў жаночай гімнастыцы Ірына Цітова. Зрэшты, падобную рэмарку аб неаптымальнай форме падчас спаборніцтваў, што праходзілі ў суботу на спарткомплексе, давялося чуць ад шэрагу ўдзельнікаў. Пэўным чынам эпідэмічны фактар адбіўся і на масавасці спартакіяды, заяўкі на ўдзел у якой падалі толькі 7 каманд. Але тыя, хто выйшаў на старт, пацвердзілі сваю непахісную прыхільнасць да спорту.

Фінальны паядынак паміж А.Агіевічам і М.Коршунам.

Ну а што датычыцца прыгаданай вышэй прадстаўніцы каманды Ушацкай школы, то нават з гэтай форай да яе грасмайстарскага выніку ў 70 адцісканняў саперніцы не падабраліся. Прызавыя месцы ў гэтым відзе ў Вольгі Рубанік з ЦРБ і Ганны Кандрацкай з райвыканкама. У моцнага полу лепшым у падцягванні стаў Павел Паршонак (Ушацкая СШ), другім – Андрэй Падвойскі з лясгаса, трэцім – Аляксей Маскаленка з “Маяка-Ушацкага”. Па агульным выніку на п’едэстал у гімнастыцы ўзышлі школа, райбальніца і лясгас.

Упартай была барацьба на блакітных дарожках басейна. Школьны дуэт Андрэя Жаваранка і Юліі Красілевіч усяго на пару секунд апярэдзіў камунгасаўцаў Андрэя Сідзюка і Вольгу Жданаву. Ну а Сяргей Ціханёнак і Вікторыя Уліновіч з райвыканкама літаральна вырвалі “бронзу” ў дарожнікаў. На пытанне, што дапамагло на роўных змагацца з добра падрыхтаванымі настаўнікамі фізкультуры, кіраўнік камунальнага прадпрыемства зазначыў, што прафесійна плаваннем ніколі не займаўся, але калі прыехаў ва Ушачы, пачаў штовечар хадзіць у басейн. Ну а яго напарніца заўважыла, што плаўчыхай сябе не лічыць, але аддала на дарожцы ўсе сілы дзеля роднага калектыву.

Эстафету перадае ДРБУ-105.

Як заўсёды відовішчна праходзілі мужчынскія сілавыя віды. Гіравікі высвятлялі мацнейшых у трох катэгорыях. У вазе да 70 кілаграмаў вызначыліся Аляксей Жыткоў (“Маяк-Ушацкі”), Дзмітрый Баратынскі (райвыканкам) і Уладзімір Качко (школа). У атлетаў да 90 кг не было роўных Канстанціну Краснову з ЖКГ, які здолеў узняць снарад 100 разоў, другім стаў С.Ціханёнак, трэцім – Ігар Ардынскі з лясгаса. Ну а ў самай цяжкой вазе фаварыцкі статус пацвердзіў кіраўнік раёна Уладзімір Аўдошка, які ўзняў гіру 111 разоў. Кампанію яму на п’едэстале склалі Віталь Булаўка з ЦРБ і Аляксей Апёнак з лясгаса. Выніковыя ж пазіцыі вызначыліся па суме месцаў у катэгорыях: перамаглі волаты з райвыканкама, другімі сталі настаўнікі, трэцімі – камунгасаўцы.

Шмат эмоцый падарылі дыгатлонныя паядынкі, дзе падабраўся даволі роўны склад. Быў дастойны п’едэстала, але спыніўся ў кроку ад яго малады маяковец Яўген Кулянок. Вельмі дастойна выглядаў уладальнік “бронзы” Ілья Бірукоў з ЦРБ. Ну а фінал паміж лясгасаўцам Максімам Коршунам і дарожнікам Андрэем Агіевічам, які па рэгламенце разыгрываўся да дзвюх перамог, стаў сапраўдным трылерам і завяршыўся з лікам 2-1 на карысць першага. “Навука майго трэнера па армрэстлінгу Ігара Уладзіміравіча Клімашэўскага не забываецца. Ды і цяпер стараюся падтрымліваць форму”, – адзначыў Максім.

Адціскаецца І.Цітова.

Настаўнікі Валерый Гугін і Юлія Красілевіч першынствавалі ў настольным тэнісе, кампанію ім на п’едэстале склалі лясгасаўцы Андрэй Дзмітрыеў і Наталля Селявёнак, а таксама Вадзім Ляоненка і Кацярына Глебка з ЖКГ. Выбіўшы ў стральбе 46 ачкоў, лепшым снайперам спартакіяды стала настаўніца Таццяна Плікат, “срэбра” “Маяку-Ушацкаму” прынёс малады інжынер Аляксандр Шарыпа, а Дзмітрый Цімафееў паклаў “бронзу” ў скарбонку райвыканкама. Прадстаўнік гэтай зборнай Ігар Шышко быў самым трапным у дартсе, “срэбра” і “бронза” адпаведна ў Віталя Клімашэўскага (школа) і Аляксея Апёнка (лясгас). Амаль такім жа чынам выглядаў і п’едэстал па выніках турніру шашыстаў, з той толькі розніцай, што “бронза” тут дасталася Генадзю Жалейку з каманды аграрыяў.

Завяршальным і самым маладым па складзе ўдзельнікаў відам спартакіяды вось ужо другі год становіцца лёгкаатлетычная эстафета, якая праходзіла ў гульнявой зале комплексу. Каманды складаліся з двух мужчын і адной жанчыны. Самымі хуткімі сталі настаўнікі Уладзімір Хамёнак, Павел Паршонак і Святлана Краснова. “Да апошняга не ведала, ці змагу выйсці на старт, бо яшчэ не цалкам аднавілася пасля хваробы. Але ж з дзяцінства люблю бег і вельмі хацела дапамагчы нашай камандзе!” – не хавала радасных эмоцый дзяўчына. Добрую хуткасць паказала ўжо праверанае на леташніх стартах трыа з ЖКГ у складзе К.Краснова, Уладзіміра Лесіна і Вольгі Шчэрбік, трэцімі аказаліся лясгасаўцы А.Падвойскі, Н.Селявёнак і Дзяніс Шастакоў. Дэбютанты спартакіяды з райвыканкама Мікіта Хвошч, Кацярына і Дзмітрый Новікавы вольны час любяць праводзіць на комплексе, што і дазволіла ім фінішаваць у чацвёрцы. “Я хаджу на пілатэс, брат захапляецца футболам, так што мы ў добрай форме!” – адзначыла Каця.

Ну а завяршылася спартыўнае свята ўрачыстым узнагароджаннем. У агульным заліку лепшай стала каманда Ушацкай СШ, другое месца ў дружыны райвыканкама, трэцяе ў зборнай лясгаса. Ну а прайграўшых, як бы банальна гэта ні гучала, на спартыўным свяце ўшацкіх працаўнікоў, канечне, не было.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Традыцыйны прыз ад раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымаў самы малады ўдзельнік спаборніцтваў – 19-гадовы маяковец Аляксей Маскаленка. Хлопец першы год працуе ў гаспадарцы вадзіцелем, а на спартакіядзе спаборнічаў у падцягванні. Вартаўнік гэтай жа арганізацыі Мікалай Сафронавіч Анашкевіч стаў уладальнікам прыза для самага ўзроставага спартсмена: у 71 год ён абараняў гонар каманды ў настольным тэнісе.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *