Николай Савченко из филиала «Маяк-Ушачский» — обладатель Грамоты Витебского областного совета агропромышленного союза

Сельское хозяйство

Лепшых жывёлаводаў вобласці ўшаноўвалі на мінулым тыдні ў Віцебску. Хоць сваіх перадавікоў падавалі літаральна ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, на сцэну за ўзнагародай у ліку 85 флагманаў галіны падымаўся толькі аператар з філіяла “Маяк-Ушацкі” Мікалай Аляксандравіч Саўчанка.

Уявіць, наколькі сур’ёзная была канкурэнцыя, дапамогуць лічбы. Кацярына Мікалаеўна Вараб’ёва і Вольга Фёдараўна Бондал з гэтай жа гаспадаркі атрымалі ад каровы 4418 кілаграмаў малака. Гэты ўзорны асабліва ў апошнія часы для нашага раёна паказчык аднак больш чым удвая пераўзыходзяць перадавыя гаспадаркі Прыдзвіння. У “Ларынаўцы” Аршанскага раёна, напрыклад, надаілі 11400 літраў, а ўвогуле па вобласці 41 сельгаспрадпрыемства перасягнула пяцітысячны рубеж. 12,5 парасяці на адну свінаматку атрымалі заатэхнік-селекцыянер Ігар Андрэевіч Малахаў і аператар Аксана Генадзьеўна Макаранка з вытворчага ўчастка “Хадакова” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” – паказчык добры, аднак не рэкордны нават для Ушаччыны. А вось паверыць, што нехта пераўзышоў прывагі ў 990 грамаў Сяргея Уладзіміравіча Долгага з участка “Слабада” прыгаданага вышэй таварыства, вельмі складана.

Вось такія высокія вынікі маюць жывёлаводы Віцебшчыны. Сапраўды, ёсць за што падзякаваць людзям, якія забяспечваюць харчовую бяспеку краіны і нарошчваюць экспарт. Дзеля гэтага і ініцыіраваў чатыры гады таму старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёў ушаноўванне асобна гэтай катэгорыі аграрыяў.

Дарэчы, не першы раз сярод маякоў галіны не толькі дэлегацыя Ушацкага раёна, але і “маякоўцы”. Год таму ўзнагароду атрымлівала Лідзія Мікалаеўна Глінская, прысутнічала на свяце і Галіна Іванаўна Чульба – кіраўнік звяна, у якім працуюць М.А.Саўчанка і Аксана Аляксандраўна Дзіульская. Зразумела, што і 690 грамаў прываг, што атрымалі летась – плён іх агульнай работы. Мікалая Аляксандравіча ж вылучылі з іх трыа не таму, што адзіны мужчына і, зразумела, даводзіцца браць на сябе больш цяжкую работу. Менавіта ў яго самы вялікі стаж у жывёлагадоўлі – 27 гадоў. Да комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы працаваў “кармачом” на Матырынскай ферме. Улічыла кіраўніцтва “Маяка-Ушацкага” і мінулыя заслугі мужчыны, які з’яўляецца ветэранам афганскай вайны. Вельмі сціплы, нешматслоўны працаголік некалькі год таму перайшоў з санітараў на групу па дарошчванні малых цялят. А даглядае гэтае звяно па сутнасці дзве групы – паўтысячы галоў. Мікалай Аляксандравіч атрымаў Грамату Віцебскага абласнога савета аграпрамысловага саюза і каштоўныя падарункі.

Харчовыя наборы ад прафсаюза работнікаў АПК прадэгуставалі і ўсе іншыя жывёлаводы дэлегацыі. Акрамя прыгаданых вышэй работнікаў участка “Хадакова” гэта даглядчык Аляксандр Іванавіч Барылаў і асемянатар Андрэй Уладзіміравіч Літвін з КУСГП “Глыбачаны”. Як і заўсёды для аграрыяў ладзіўся святочны канцэрт.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • У жывёлагадоўлі вобласці працуе каля 14 тысяч чалавек.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *