Хоць прымаўка “Не май месяц” зусім не адпавядае сёлетняй рэчаіснасці і нават травы на пашах няспешна пускаюцца ў рост, у раёне прайшоў семінар, прысвечаны нарыхтоўцы кармоў.
Усё ж касавіца не за гарамі, і спецыялісты гаспадарак сабраліся на базе КУСГП ”Вялікадолецкае”, каб паўтарыць азы вядомай тэхналогіі, пазнаёміцца з перспектыўнымі навінкамі і нарыхтаваць за лета якасны корм для статкаў.
Менавіта на гэтым акцэнтавала ўвагу начальнік райсельгасхарча Ю.М.Ладнова, а таксама ўсе выступоўцы. Бо кармоў летась заклалі больш чым дастаткова, яны засталіся і зараз, толькі ці ўвесь сянаж і сілас адпавядаў вышэйшаму гатунку? Не. Больш таго, хоць улічваюцца па-ранейшаму кармавыя адзінкі на ўмоўную буронку, аднак танаж пры размеркаванні рацыёну сапраўднымі гаспадарамі пералічаецца ў энергію, якую яны могуць даць. Менавіта джоўлі і вывелі на першае месца невядомы для нашых палеткаў фестулоліум. Намеснік начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцаў расказаў, што гэтая багатая пратэінам трава шырока выкарыстоўваецца ў вобласці, незаменна яна для выпасу маладняку, а гаспадаркам Ушаччыны на набыццё насення сёлета выдзелены бюджэтныя сродкі.
За Царкавішчам жа пабачылі прыгожае поле са шчыльным дываном люцэрны – раслінай з шэрагам пераваг перад таксама бабовай канюшынай. Яе можна сушыць – не асыпаецца лістота, а таксама мнагалетнік добра расце на адным месцы на працягу 4 гадоў. Убіраць жа, як і любую іншую траву, варта ў стадыі бутанізацыі, менавіта тады і атрымаецца энергетычны корм. Рэаліі ж у нас такія, што адначасова скасіць у аптымальны перыяд усе палеткі немагчыма. Тады лепш пусціць на сена, чым забіваць траншэі пустымі па пажыўнасці і пустацелымі знутры кармамі, якія з-за наяўнасці паветра разаграваюцца і псуюцца. Аб тэмпературы зялёнкі, тэрмінах, абавязковых кансервантах расказвалі спецыялісты ветстанцыі, якія і будуць правяраць кармы пры закладцы, а праз тры тыдні вызначаць іх класнасць.
Найбольшы інтарэс выклікала кормаўборачная тэхніка, тым больш што ў “Вялікадолецкага” ёсць адзінкавыя ў раёне агрэгаты. Гэта дзевяціметровыя граблі, якія вельмі пасуюцца да такой жа па памеры і ўзросце касілкі, што летась атрымана за бюджэтныя сродкі. Аднак выкарыстоўваць іх можна і на дробнаконтурных палетках, бо граблі “складаюцца” ад 9 да 1 метра. Былі і кантрольныя пытанні: “На якую даўжыню шынкуюцца расліны?”, “Праз колькі дзён точацца нажы кормаўборачнага агрэгата?”. Яны з падтэкстам, бо правільна адказаць маглі толькі практыкі. Галоўны інжынер гаспадаркі Юрый Стрыжонак, які паказваў рэгуліроўкі і запускаў механізаваную заточку, што прадугледжана разумным КВК, зазначыў, што часцей за ўсё гэтую штодзённую аперацыю даводзіцца рабіць уручную ці спачатку выстройваць на адну лінію нажы.
Люцэрна ўжо расце ў раёне на плошчы 890 гектараў, а сёлета будзе пасеяна разам з адналетнікамі яшчэ на 600.
Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Зянюк раіў правераныя метады ўкрыцця траншэй, каб не псавалася плёнка. Лепш за ўсё выкарыстоўваць спецыяльны трывалы матэрыял. Дарэчы, пры добрай трамбоўцы, кансервацыі і герметычным укрыцці кармы не губляюць сваіх вартасцяў два гады. А вопыт засушлівага пазалеташняга сезона корманарыхтоўкі пацвердзіў, што варта пакідаць запас. Вясной жа 2023-га гаспадаркі як заўсёды прадалі лішкі, а потым пачалася анамальная спякота.
Вольга Караленка.