Вакцинированные от COVID-19 ушачане поделились впечатлениями

Здравоохранение

На Ушаччыне працягваецца вакцынацыя ад COVID-19. Плануецца, што ўжо ў маі зрабіць прышчэпку змогуць усе жадаючыя. Пакуль жа вы думаеце, ісці ў бальніцу з гэтай мэтай ці ўсё ж пачакаць, мы папрасілі ўжо правакцынаваных жыхароў раёна (нагадаем: пакуль імунізацыі падлягаюць работнікі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і сацслужбы) падзяліцца сваімі меркаваннямі і “ўражаннямі” ад працэдуры.

Анжаліка Анатольеўна Міранкова, галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ:

– Я стала першай, хто зрабіў прышчэпку ад каранавіруса ва Ушацкім раёне. Было гэта 12 лютага, як толькі ў бальніцу паступіў прэпарат “Спутнік V” расійскай вытворчасці. У правільнасці гэтага дзеяння ніколькі не сумнявалася: вакцынацыя – самы надзейны спосаб абараніць сябе ад небяспечнага інфекцыйнага захворвання, увесь цывілізаваны свет актыўна ім карыстаецца.

Прыемна, што мае калегі з разуменнем аднесліся да прапановы правакцынавацца ў ліку першых. У той жа дзень зрабілі прышчэпку прадстаўнікі адміністрацыі бальніцы, а пазней і іншы персанал. На сённяшні дзень праімунізавана каля 50 працэнтаў работнікаў. Дарэчы, гэта вельмі высокі паказчык на ўзроўні вобласці. Плануем у бліжэйшы час павысіць яго да 75 працэнтаў. Жадаючыя прышчапіцца па-ранейшаму ёсць – тыя 135 доз, якія паступілі ў бальніцу ў мінулую пятніцу, разышліся за некалькі дзён. Зараз чакаем чарговага завозу.

Асобна скажу пра адчуванні. Пасля ўвядзення абодвух кампанентаў вакцыны (нагадаю, што прамежак паміж імі складае 21 дзень) адчувала сябе нармальна, адзінае – у месцы ўколу з’явілася пачырваненне, якое праз дзень знікла. Гэтага, а таксама невялікага павышэння тэмпературы цела, непрацяглай слабасці баяцца не трэба. Сур’ёзных жа пабочных эфектаў ні ў каго з правакцынаваных не назіралася.

Алеся Уладзіміраўна Хвашчэўская, дырэктар ­ТЦСАН Ушацкага раёна:

– На самым старце вакцынацыі ад каранавіруснай інфекцыі двойчы праводзілі для работнікаў нашай службы адмысловыя сходы, на якіх прадстаўнікі райбальніцы, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі даступна расказвалі пра важнасць і асаблівасці імунізацыі. “Першаадкрывальнікам” ужо ўведзена па два кампаненты вакцыны, масава ж прышчапляцца сацработнікі пачалі на бягучым тыдні, зараз у гэтым спісе – без малога тры дзясяткі чалавек. Каля дзесяці хочуць трапіць у іх кагорту, аднак пакуль не змаглі зрабіць гэтага з-за рэспіраторнай віруснай інфекцыі ці высокага артэрыяльнага ціску.

Наталля Аляксандраўна Коршун, спецыяліст па сацыяльнай рабоце ТЦСАН:

– Пачатку імунізацыі чакала. Паколькі пастаянна даводзіцца кантактаваць з вялікай колькасцю людзей – пажылымі, якія адносяцца да асноўнай групы рызыкі, а таксама тымі, якія вядуць амаральны лад жыцця, а значыць уяўляюць павышаную небяспеку ад іх заразіцца, вырашыла засцерагчы такім чынам ад інфекцыі сябе і сваё акружэнне. Пільна сачыла за звесткамі пра распрацоўку вакцыны, яе паступленне ў Беларусь. Калі ж магчымасць зрабіць прышчэпку ўрэшце з’явілася, паспяшалася ў бальніцу. З сацработнікам Фёдарам Іванавічам Хацкевічам правакцынаваліся ў ліку першых сярод прадстаўнікоў сацслужбы. Ніякіх праблем пасля ўколу не было, а вось на душы стала больш спакойна.

Таіса Ігараўна Церашкавец, настаўнік Глыбачанскай школы:

– Прапанову прыняць удзел у вакцынацыі ад COVID-19 наш калектыў ахвотна падтрымаў. Наколькі мне вядома, прышчэпку зрабіў ужо кожны трэці работнік установы. У іх ліку – і мы з мужам Арцёмам, настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. У нашай сям’і пытання, вакцынавацца ці не, нават не стаяла. Паколькі штодня кантактуем з вучнямі, іх бацькамі, іншымі педагогамі, стаць крыніцай заражэння проста не маем права. Ды і ўласнае здароўе, здароўе блізкіх цэнім і беражом. Спадзяюся, што прышчэпка дапаможа нам не “пазнаёміцца” з каранавірусам.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *