В Ушачском районе каждый 37 житель имеет онкологическое заболевание. Любите себя и заботьтесь о своём здоровье!

Здравоохранение

Мы неаднойчы падымалі гэту трапяткую тэму анкалагічных захворванняў. На гэты раз падстава была прыемнай – анкалагічны кабінет Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы заняў першае месца ў вобласці па выніках работы за мінулы год. З гэтай нагоды – нашы гутаркі з галоўным урачом ЦРБ Сяргеем Анатольевічам Маісеевым і анколагам бальніцы Надзеяй Васільеўнай Карабань.

Выяўленне на ранніх этапах

Надзея Васільеўна навіну аб першым месцы ўспрыняла сціпла, больш таго, сваю заслугу ў гэтым мінімізуе.

– Гэта спецыялісты пярвічнага звяна: тэрапеўты і вузкія спецыялісты ўважліва ставяцца да сваіх пацыентаў, што і дазваляе выяўляць анкалогію на пачатковых стадыях. Менавіта гэты паказчык з’яўляецца асноўным пры падвядзенні вынікаў работы, а яшчэ і працягласць жыцця анкалагічных хворых – у нас гэты паказчык таксама лепш за сярэднеабласны.

Пры прафілактычных аглядах прапаноўваем мужчынам скарыстацца маркёрам па выяўленні злаякаснай пухліны прастаты, жанчынам – яечнікаў. Памятаю, пры адным з першых нашых аналізаў, які паказаў павышаныя паказчыкі, падумалі, што памыліліся – пацыент быў, як гаворыцца, у самым соку. Аднак і паўторны аналіз пацвердзіў анкалогію. Гэта не адзінкавы прыклад, калі проста прафілактычны агляд выяўляе захворванне на першай стадыі. Усе медыкі сістэмы працуюць у цеснай счэпцы. Хоць і лечацца людзі па профілі захворвання, і здаецца, што паспяхова, аднак абавязкова накіроўваюцца праз патрэбны час да анколага – я аналізую, параўноўваю аналізы з папярэднімі. За больш чым два гады працы на пасадзе анколага з’явілася і інтуіцыя, калі адчуваеш, што трэба накіраваць пацыента на дадатковае абследаванне. І абавязкова імкнуся пераканаць чалавека як мага хутчэй паехаць на лячэнне.

І яшчэ адно. У папярэднія гады, калі мы думалі, як палепшыць выяўленне любых захворванняў, наладзілі падваровы абход усімі спецыялістамі медыцынскай службы раёна. Кожны ўрач дайшоў і пазнаёміўся з усімі сваімі пацыентамі. Вось усё гэта і працуе на раннюю дыягностыку, а таксама працягласць жыцця маіх пацыентаў.

Дапамагае і выпадак

– Аднойчы да мяне ў пульманалагічнае аддзяленне бальніцы хуткай дапамогі з запаленнем лёгкіх трапіла аднакласніца. Зразумела, назначылі ёй праходжанне ўсіх неабходных аналізаў, у тым ліку і наведванне гінекалагічнага кабінета, дзе быў узяты мазок.

Запаленне лёгкіх мы вылечылі, а яшчэ яна прайшла курс лячэння ад анкалогіі. Той самы мазок выявіў клеткі злаякаснай пухліны – анкалогію на нулявой стадыі, што дазволіла лёгка вылечыцца, а зараз жыць і працаваць. Калі б тады не захварэла, невядома, што было б зараз з маладой жанчынай.

Гэты прыклад прывёў галоўны ўрач Ушацкай ЦРБ С.А.Маісееў. У кожнага з нас, напэўна, ёсць прыклады з уласнай практыкі, станоўчыя ці адмоўныя. Аднак кожны пагадзіцца – анкалогія на ранняй стадыі – не прыгавор, а вылечваемае захворванне. Таму асноўнае правіла, якога трэба прытрымлівацца кожнаму – сістэматычна абследавацца. Любіць сябе і сачыць за станам свайго здароўя. А ў нас у раённай бальніцы ёсць усе магчымасці ранняй дыягностыкі. Дарэчы, гэтае сцвярджэнне Сяргея Анатольевіча я паставіла пад сумненне, але ён растлумачыў і пераканаў, што гэта так.

Створана база даных

– Нам атрымалася выпрацаваць сістэму. Створана база даных жыхароў Ушаччыны (з мабільнымі ці хатнімі тэлефонамі) і наш анкалагічны кабінет адсочвае тых, хто, напрыклад, два гады не наведваў гінеколага ці не праходзіў флюараграфію, – кажа Н.В.Карабань. – Тэлефануем ім, калі не атрымоўваецца пераканаць саміх, выходзім на дзяцей ці родных, у нашым невялікім раёне дапамагае, канечне, тое, што ўсе адзін аднаго ведаюць і вядзецца па сутнасці індывідуальная работа. Бывае, што чалавек, якога мы пераконвалі з’явіцца да нас, трапляе ў бальніцу па нейкіх экстранных выкліках, спецыялісты абавязкова паведамяць мне. І наадварот, імкнуся прымеркаваць час абследавання з курсам лячэння ў стацыянары па другім захворванні, якое, як правіла, ёсць у пажылых людзей.

Асобна створана база даных групы І Б – гэта людзі, у якіх былі захворванні, што папярэднічаюць раку – дабраякасныя пухліны, язвы і гэтак далей.

І, канечне, дапамагае нам электронная база асобна на людзей, якія стаяць на ўліку ў анколага, у якой вызначана, хто павінен прайсці абследаванне ў сакавіку, хто ў красавіку ці маі. Такіх таксама запрашаем у паліклініку, калі не ідуць самі.

Нядаўна ў раёне працаваў перасоўны мамограф, мэта візіту таксама выяўленне анкалогіі на ранняй стадыі. Ініцыіраваў з’яўленне апаратару наш галоўны ўрач С.А.Маісееў. Набыта ж абсталяванне было ўпраўленнем аховы здароўя вобласці і ўжо акупілася, нягледзячы на тое, што абследаванні робяцца бясплатна. Справа ў тым, што лячэнне на апошніх стадыях намнога даражэй абыходзіцца дзяржаве, чым на ранніх.

Не саромецца ісці да доктара

– Галоўная і першая прыступка па выяўленні анкалогіі – агляд – як самастойны, так і на прыёме ва ўрача, – сцвярджае С.Маісееў. – Па­першае, ніхто не ведае сябе так добра, як сам чалавек. Таму і бачыць змены, калі на целе з’явіўся нейкі вузялок, ушчыльненне, радзімая пляма ці калі беспадстаўна пагоршылася адчуванне. Жанчынам трэба кожны тыдзень правяраць малочныя залозы – на жаль, анкалогія гэтага органа вельмі распаўсюджаная. Урач таксама пры аглядзе ўважліва агледзіць вас, скажа, каго са спецыялістаў неабходна прайсці, пры онканасцярожанасці накіруе да анколага, назначыць аналізы і дадатковае абследаванне. І на гэтым пачатковым этапе нашым людзям трэба перашагнуць непатрэбную сарамлівасць. Трэба даваць абследаваць і прамую кішку, і грудзі, і рот, і палавыя органы. Бо сапраўды крыўдна захварэць на рак прамой кішкі, калі пухліна лёгка дыягнастуецца нават пры аглядзе.

Другі этап – інструментальныя даследаванні: онкамаркёры, ультрагукавая дыягностыка, флюараграфія, зонды, біяхімічны аналіз і іншыя, якія пакажуць паталогію.

Трэці – накіраванне ў спецыялізаваную ўстанову, дзе вызначаць ступень захворвання і назначаць лячэнне. Ушачан абслугоўвае Полацкі анкадыспансер.

Анкалогіі становіцца больш?

Нядаўна натрапіла на страшную статыстыку – Віцебская вобласць лідзіруе па колькасці онкахворых, нягледзячы на тое, што лічыцца самай чыстай. У ёй онкахворым з’яўляецца кожны 34 чалавек. А потым супаставіла гэтую лічбу з яшчэ адной інфармацыяй – галоўны ўрач абласнога онкадыспансера стала лаўрэатам “Чалавек года Віцебшчыны‑2015” усё па тых жа ключавых паказчыках – па раннім выяўленні і працягласці жыцця. Дык анкалогіі становіцца больш ці проста яна лепш выяўляецца.

– Неаспрэчна, што выяўленне стала лепшым, – пераканана Надзея Васільеўна. – У ранейшыя гады нашы продкі проста і не ведалі, што гэта рак. Аднак і захворванняў таксама многа, ёсць і такія, калі пры вылечаным адным органе злаякасныя клеткі з’яўляюцца ў другім. Хвароба каварная і на сённяшні час непераможная на апошніх стадыях захворванняў некаторых органаў. Я не агаварылася, лечыцца і чацвёртая стадыя – чалавек пасля аперацыі і лячэння жыве пяць і больш гадоў. Аднак такія эксперыменты нікому не патрэбны, таму лепш заўважыць хваробу на пачатковых стадыях.

– Калі вы не перакананы, што гэта анкалогія, накіраванні ў спецыялізаваныя цэнтры даяце?

– Канечне, мы ж не спецыялізуемся на лячэнні анкалогіі, а ў цэнтрах займаюцца толькі гэтым. Таму гэта нават наш абавязак. Больш таго, у нас заключаны дагаворы з Полацкім онкадыспансерам, дзе робяць абследаванні тых органаў, на якія ў нас пакуль няма абсталявання: кішэчніка, раз на тыдні накіроўваем на мамаграфію. Так што справа толькі за чалавекам, за яго жаданнем жыць доўга і паўнацэнна.

– Колькі жывуць людзі, якія лячыліся ад анкалогіі?

– З 371 чалавека, якія стаяць на ўліку зараз – 200 жывуць больш пяці гадоў. Гэта лічыцца добрым паказчыкам. Людзі, якія прааперыраваны на першай або другой стадыях, вылечваюцца поўнасцю і жывуць дзесяцігоддзямі. Таму яшчэ раз паўтару, любіце сябе і абследуйцеся кожны год. Так хочацца, каб нашы людзі разумелі, што менавіта яны адказваюць за сваё здароўе.

Раённы – не значыць горшы

– Адпрацаваўшы працяглы час у розных клініках Віцебска, магу з поўнай адказнасцю сказаць, што ўшацкія медыкі былі б запатрабаванымі спецыялістамі ў любой з абласных бальніц. Яны валодаюць патрэбнымі прафесійнымі навыкамі, а свае абавязкі выконваюць добрасумленна, больш таго, ахвяруючы вольным часам і здароўем, – гаворыць галоўны урач С.А.Маісееў. – Я яшчэ раз паўтару, у нас ёсць усе магчымасці выявіць пухліны на пачатковых стадыях, для гэтага ўшачанам трэба проста часцей заходзіць у паліклініку. Прычым заходзіць як падчас хваробы, так і мэтанакіравана, каб абследавацца на анкалогію. Мы робім скрынінг практычна ўсіх частак цела: малочнай залозы і ўнутраных органаў з дапамогай ультрагукавой дыягностыкі, яечнікаў і прастаты з дапамогай маркёраў. Думаю атрымаецца набыць маркёры для выяўлення анкалогіі лёгкіх. З дапамогай зонда можна праверыць страўнік і дванаццаціперсную кішку. Дарэчы – яшчэ адзін прыклад, у Японіі гэтую працэдуру праходзяць раз у год літаральна ўсе пацыенты – хворыя і здаровыя. Спадзяюся, што атрымаецца набыць каланаскоп – апарат для праверкі кішэчніка. Гэтую працэдуру патрэбна праходзіць таксама кожны год, асабліва калі ўзрост перасягнуў 40 гадоў. У нас ёсць магчымасць прыняць чалавека на некалькі дзён стацыянарна і абследаваць поўнасцю, праўда на платнай аснове. Пратаколы па лячэнні хвароб аднолькавыя ва ўсіх клініках. Ну а калі нашы спецыялісты ў нечым сумняваюцца ці неабходна лячэнне ў спецыялізаваных клініках – абавязкова накіроўваем.

Ва Ушацкім раёне анкалагічнае захворванне мае кожны 37 жыхар. У 2014 выяўлена 66 выпадкаў, летась – 74, сярод іх на ранніх стадыях 45 і 50 адпаведна. Гэта 71,4 і 70,4 працэнта ад усіх выяўленых онказахворванняў і самы высокі паказчык па вобласці.

Сярод выяўленай за два гады анкалогіі лідзіруюць захворванні скуры, на другім месцы: лёгкіх і бронхаў.

Прыблізна так выглядае расклад злаякасных пухлін у мужчын планеты

1 – лёгкія

2 – страўнік

3 – печань

4 – прастата

5 – грудзі

6 – тоўстая і прамая кішка

7 – шчытападобная залоза

8 – лімфомы

9 – ныркі

10 – мачавы пузыр

11 – падстраўнікавая залоза

12 – меланома

13 – лейкемія

14 – эндаметрыя

Жанчыны пакутуюць практычна тымі ж, толькі рак малочнай залозы і шыйкі маткі сустракаецца часцей, чым у мужчын рак печані

Падрыхтавала Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымку: С.Маісееў, Н.Карабань.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *