В Ушачской школе прошёл районный этап фестиваля межкультурных коммуникаций

Культура

Пасля вымушанага леташняга перапынку “вярнуўся ў строй” адзін з самых папулярных абласных праектаў – фестываль міжкультурных камунікацый. У суботу на яго раённы этап, што праходзіў ва Ушацкай школе, сабраліся вучні, для якіх замежная мова – у ліку любімых прадметаў.

Прэзентацыя газеты ільюшынскіх вучняў.

Даволі прадстаўнічай аказалася ў гэты раз намінацыя “Прэзентацыя газеты” – магчыма таму, што тэма “Іх карані – у Беларусі” давала прастору для цікавых сюжэтаў. Вялікадолецкія школьнікі, напрыклад, зрабілі стаўку на патрыятычны аспект і распавялі пра славутых ушачан. Іншыя канкурсанты звярнуліся да замежных зорак, якія звязаны з Беларуссю. Цэлы месяц пад кіраўніцтвам настаўніцы Л.Шарыпы рыхтавалі выступленне старшакласнікі з Ільюшынскай школы Ніна Сімановіч, Таццяна Мядзянік, Кірыл Шыпко і Юрый Жарнасек. “Знайшлі столькі цікавых фактаў! – дзяліліся яны ўражаннямі. – Аказалася, напрыклад, што мама і тата тэлевядучага Лары Кінга – ураджэнцы Мінска і Пінска, бацькі братоў Уорнераў – з Браслаўшчыны, у Мінску жылі продкі Харысана Форда, у Магілёве – Майкла Дугласа, у Пінску карані мадэльера Ральфа Ларэна і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Саймана Кузняца, які разлічыў цыклы спаду і пад’ёму эканомікі. Увогуле ў працэсе работы над газетай усвядомілі, наколькі беларуская зямля багатая талентамі!”

Ну а здольнасці ўдзельнікаў названай намінацыі былі ацэнены журы наступным чынам: трэцяе месца ў творчага калектыву з Глыбачанскай школы ў складзе Таццяны Кірпічонак, Ксеніі Церашкавец, Анастасіі Сяліцкай і Аляксандры Сіскевіч (настаўнік – Т.Церашкавец), другое – у ільюшынцаў, а лепшай прызнана прэзентацыя Ангеліны Мядзведзевай з Ушацкай СШ (Т.Гардзіёнак).

Удзельніцы «Фабрыкі зорак» з Глыбачанскай школы.

Не менш цікавай аказалася намінацыя “Я – гід”, удзельнікі якой прэзентавалі падарожжы сваёй мары. Вядома ж, выступленне арэхаўскай чацвёртакласніцы Дамінікі Бародзіч адрознівалася па ўзроўні ад прамоў будучых выпускнікоў, аднак вучаніца Я.Пацэйкі вельмі старалася: каб убачыць славутасці, неабавязкова ехаць за мяжу – справядліва палічыла дзяўчынка, сама склала тэкст і распавяла пра беларускую сталіцу. Калі б быў спецыяльны прыз за прыемны тэмбр голасу, то яго б, напэўна, аддалі глыбачанскаму гіду Лізавеце Казловай, якая цікава расказала пра нямецкія гарады і дала падставу сваёй настаўніцы Т.Церашкавец парадавацца дыплому ІІІ ступені. Бойка і з гумарам “рэкламаваў” маршрут па еўрапейскіх краінах прадстаўнік Ушацкай школы Марат Клачок – у вучня Г.Данілёнак другое месца. Ну а лепшым гідам стала Паліна Сазонава з гэтай жа ўстановы (настаўнік – Т.Плікат), якая распавяла не пра ўяўнае, а пра рэчаіснае падарожжа. Некалькі год таму яна разам з сям’ёй пабывала ў Парыжы і расказала пра гэта настолькі захапляльна, што атрымала ад журы “білет” у новае падарожжа – у Віцебск на заключны этап фестывалю.

Відэаролік з фрагментамі некаторых фестывальных выступленняў можна паглядзець на YouTube-канале “Патрыёта”.

Накіруецца туды і пераможца ў намінацыі “Фабрыка зорак” ушачанін Ягор Обух. Вучню Д.Шарына давялося вытрымаць жорсткую канкурэнцыю – літаральна кожны з сямі ўдзельнікаў намінацыі заслугоўваў прызавых месцаў, атрымалі ж іх Варвара Ларчанка (настаўнік – Т.Плікат) і Надзея Раманоўская (І.Маслоўская).

“Ну, нічога, у наступным годзе зноў сябе паспрабуем, толькі падрыхтуемся яшчэ лепш!” – пакідаючы залу, казалі школьнікі. У гэтым, прынамсі, і заключаецца галоўная ідэя фестывалю: матываваць да вывучэння замежных моў, без ведання якіх немагчыма стаць паспяховым у сучасным свеце.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *