В Витебске наградили победителей областного конкурса СМИ. В их числе — редакция газеты «Патрыёт»!

Общество

У Дзень друку і напярэдадні Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў сустрэўся з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі. Звяртаючыся да журналістаў, кіраўнік вобласці адзначыў, што медыйная супольнасць Віцебшчыны крочыць у нагу з часам: аператыўна рэагуе на запыты аўдыторыі, шукае цікавыя формы падачы інфармацыі, выяўляе праблемы і расказвае аб шляхах іх вырашэння. Прыдзвінне з’яўляецца самым чытаючым рэгіёнам у краіне: на 1 тысячу чалавек прыпадае 324 экзэмпляры газет. Да слова, самую высокую шчыльнасць падпіскі маюць “Патрыёт” і “Міёрскія навіны”.

Ва ўрачыстай абстаноўцы Мікалай Шарснёў уручыў узнагароды пераможцам абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. У намінацыі “Лепшае друкаванае СМІ Віцебскай вобласці” перамаглі калектывы гарадской газеты “Віцьбічы” і “Патрыёта” (на здымку). Лепшым тэлевізійным СМІ вобласці прызнана Наваполацкая рэдакцыя тэлепраграмы “Вектар ТВ”, а лепшы інтэрнэт-рэсурс СМІ стварае калектыў рэдакцыі “Браслаўская звязда”.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання кіраўнік вобласці правёў прэс-канферэнцыю. Журналісты закраналі тэмы розных галін эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёну. Напрыклад, аб рабоце буйных сельскагаспадарчых холдынгаў, створаных па указе №70 “Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці”. “Сёння малыя гаспадаркі няздольны ўкладваць сродкі ў сваю мадэрнізацыю, бо ў іх для гэтага не назапашаны капітал. Нават купля трактара можа “з’есці” амаль увесь бюджэт прадпрыемства. А таму зліццё гаспадарак у адну буйную і жыццяздольную – перспектыва развіцця. Колькасць занятых у сельскай гаспадарцы складае ўсяго каля 30 тыс. чалавек. Праз 5-6 гадоў каля 24 тысяч з іх пойдуць на пенсію, і на вёсцы застануцца працаваць зноў жа людзі перадпенсійнага ўзросту. Таму варта рабіць стаўку на прыцягненне моладзі ў агракомплексы, а таксама ўкараненне новых тэхналогій, напрыклад, дакладнага земляробства, калі шыроказахопную тэхніку па палях вядзе спадарожнік. Гэта дазваляе ў поўным аб’ёме апрацоўваць наяўныя землі, эканоміць паліва і павялічваць ураджай. Падобныя тэхналогіі ўжо выкарыстоўваюцца ў сельгаспрадпрыемстве “Мазалавагаз” Віцебскага раёна. Да канца пяцігодкі яны будуць укаранёны па ўсёй вобласці”, – адзначыў старшыня аблвыканкама.

На пытанне аб інвестыцыях М.М.Шарснёў адказаў, што пандэмія моцна паўплывала на іх аб’ём. Каб нарасціць тэмпы, на месцах неабходна вырашаць пытанні больш аператыўна. Падаткі, што паступаюць у бюджэт вобласці ад інвестпраектаў, у далейшым будуць вяртацца ў рэгіён і пераразмяркоўвацца на сацыяльную сферу. Таму мясцовыя ўлады павінны быць зацікаўлены ў павелічэнні інвестпатэнцыялу сваіх раёнаў.

Прагучала пытанне і наконт сітуацыі, звязанай з негатыўнай шуміхай вакол юбілейнага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. М.М.Шарснёў запэўніў, што форуму быць і ніякія адмоўныя рэакцыі і ўздзеянні звонку не паўплываюць на яго правядзенне. Гэта не толькі брэнд Віцебска і вобласці, але і прэстыж усёй краіны. Форум пройдзе ў пазначаны прэзідэнтам тэрмін.

Мы ж адрасавалі старшыні аблвыканкама пытанне, ці можа багаты літаратурны ўшацкі край прэтэндаваць на правядзенне Дня беларускага пісьменства. “Ушачы, несумненна, у ліку першых прэтэндэнтаў на званне сталіцы рэспубліканскага свята. Аднак, выбіраючы базу для правядзення трохдзённага форуму, трэба ўлічваць не толькі творчую спадчыну, а і развітую інфраструктуру. Таму пакуль вылучылі для правядзення мерапрыемства Гарадок, які некалькі гадоў таму прымаў абласныя “Дажынкі” і мае ўсё неабходнае для гэтага”, – зазначыў М.М.Шарснёў.

Былі абмеркаваны таксама пытанні дарожнай сферы, развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі. На ўсе журналісты атрымалі грунтоўныя адказы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *