На профилактических мероприятиях в Кубличском сельсовете был представитель церкви

Профилактика и безопасность

Тое, што алкаголь – першы спадарожнік на шляху да бяды, ведае кожны. Як паўплываць на людзей, што злоўжываюць спіртным, зарабляюць “рэпутацыю” прагуламі і не хочуць жыць у камфорце? У справе станаўлення такіх асоб на правільны шлях, як кажуць, усе метады добрыя. У гэтым у чарговы раз упэўніліся на пасяджэнні Савета грамадскага пункта аховы правапарадку і сельскім сходзе, які нядаўна прайшоў у Кубліцкім сельсавеце.

Акрамя ўжо знаёмых прадстаўнікоў міліцыі, супрацоўнікаў МНС, сельвыканкама запрошаныя да разгляду 8 нядобранадзейных асоб і жыхары Селішча не чакалі ўбачыць на такой сустрэчы свяшчэннаслужыцеля. Між тым, благачынны Ушацкага раёна іерэй Аляксандар Таляронак змог пабудаваць з прысутнымі цікавую і карысную размову ў духу хрысціянства, заклікаў задумацца аб сваіх паводзінах.

Для кожнага не навіна, што п’янства лічыцца адным з грахоў. Часта чалавек не задумваецца аб няшчасцях, якія прыносіць алкаголь. Ён непрыкметна развівае залежнасць і цягне за сабой шэраг іншых заган. П’янства з’яўляецца прамой прычынай разладу ў сям’і, прыносіць пакуты родным і блізкім, падштурхоўвае да парушэнняў і злачынстваў. Цвярозы чалавек знаходзіцца пад заступніцтвам уласнага сумлення, якое засцерагае і перашкаджае ад здзяйснення непатрэбных дзеянняў, ап’яненне ж прытупляе розум. Праблемы неабходна вырашаць цвярозым шляхам, не хаваючыся за ўяўную заслонку алкагольнай эйфарыі.

Шмат прагучала і прафілактычнай інфармацыі на тэму бяспекі. Як адзначыў начальнік РАНС І.В.Кошкін, сёлета ў краіне на пажарах загінула ўжо больш трох соцень чалавек, каля 80 працэнтаў з іх на момант здарэння знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Рызыка ўзнікнення пажару рэзка ўзрастае і там, дзе ў доме ёсць месца цыгарэтам. Аб тым, што нялішнім у жыллі будзе пажарны апавяшчальнік, было даказана на канкрэтных прыкладах. Зрэшты, наяўнасці прыбораў, іх спраўнасці аглядавыя камісіі Кубліцкага сельсавета ўдзяляюць вялікую ўвагу. Ажыўлена абмяркоўвалі вяскоўцы і выкананне правіл бяспекі падчас навядзення парадку на сядзібах: пры спальванні смецця, галін і іншага нельга забываць пра “дыстанцыю” ад пабудоў.

– З суб’ектамі прафілактыкі мы працуем у адной счэпцы, а вось запрасіць на сустрэчу з вяскоўцамі благачыннага Ушацкага раёна вырашана ўпершыню. Айцец Аляксандр адразу адгукнуўся на такую прапанову, за што яму вялікі дзякуй. Было бачна, як прысутныя ўважліва слухалі і задумваліся аб сказаным. Такую сустрэчу плануем правесці і ў Кублічах, а таксама ў маленькіх вёсках, – зазначыла старшыня Кубліцкага сельвыканкама М.В.Ярмош.

Чарговы ўклад у прафілактычную скарбонку пакладзены, і хочацца спадзявацца, што вяскоўцы зробяць правільныя вывады.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *