Нестабильная погода усложнила посевную кампанию в «Глыбочанах»

Сельское хозяйство

Сёлетняя позняя пасяўная складваецца няпроста ва ўсім раёне, у “Глыбачанах” жа сітуацыя аказалася самай напружанай: гэта ілюструе і зводка палявых работ, дзе ў графе пасеяных яравых зерневых толькі названая гаспадарка на пачатак тыдня не дасягнула стапрацэнтнай лічбы.

С.Плоскін.

“Такія спадзяванні былі на сённяшні дзень – аднак зноў задажджыла і на нашы нізкія палеткі проста не заехаць! – засмучаўся дырэктар Аляксей Віктаравіч Ладноў, з якім мы гутарылі ў суботу на мехдвары. – Паспрабуем хаця б адправіць “Кіравец” на падрыхтоўку глебы, можа апоўдні крыху падсохне… Нам бы літаральна дні тры сонечныя – і справіліся б…”

У.Смаляк.

Загваздка, канечне, не толькі ў вільготнасці палёў – на прадпрыемстве вялікі дэфіцыт работнікаў і тэхнікі. Магутныя трактары тут ужо немаладыя і зношаныя. Так, з-за складанай паломкі не змаглі падрыхтаваць да старту пасяўной МТЗ-3022 Андрэя Літвіна, і гэтай вясной перадавы механізатар працуе на Амкадоры: грузіць зерне, кармы, – але разлічвае далучыцца да сейбітаў на кукурузе. Літаральна ў першы выезд з плугамі паляцеў рухавік у ашчэ адным энерганасычаным трактары. Тэхніку, вядома ж, усімі сіламі стараюцца вярнуць у строй, аднак даводзіцца звяртацца за дапамогай – тым больш што і ўласных механізатараў у гаспадарцы зараз толькі восем. Сярод самых адказных і старанных – Мікалай Лях, які заняты на ўзворванні. Як заўсёды прыйшлі на выручку камунгасаўцы: Аляксандр Малахаў, Уладзімір Кішчанка і Васіль Камовіч селі ў трактары, а Артур Новікаў выконвае зварачныя работы. А вось за рулём прыгаданага вышэй “Кіраўца” выязджаў у суботу на палеткі памочнік з Полацкага малочнага камбіната Аляксей Гарбаценка. На даволі нязвыклым для нашых палеткаў нямецкім трактары CLAAS прыбыў у гэты дзень у Глыбачку механізатар з ААТ “Гараны-Агра” Міхаіл Быліна. “Са сваімі зерневымі мы ўжо справіліся, ахвотна дапаможам і суседзям!” – з аптымізмам зазначыў малады перадавік аднаго з аграрных флагманаў вобласці, які, прынамсі, родам з Ушацкага раёна. Разлічваюцца ж глыбачанцы з гаспадаркай лішкамі кармоў.

А.Гарбаценка.

Вылучыць лідара на сяўбе А.В.Ладнову было складана, бо на гэтым працэсе работнікі мяняліся. Значную лепту, напрыклад, унёс Сяргей Плоскін, якога дырэктар з задавальненнем назваў “ужо таксама нашым”: полацкі трактарыст з нядаўняга часу перасяліўся ў аграгарадок. Папоўніў штат механізатараў і Алег Міхайлавіч Сурынаў: пасля заканчэння службы ў МНС ён пэўны час працаваў у гаспадарцы на пасадзе вартаўніка, але, бачачы напружаную сітуацыю з кадрамі, сеў за руль трактара і шчыруе на падвозцы зерня. “А вось наш старанны практыкант Улад Смаляк, навучэнец Ульскага ліцэя”, – знаёміць нас кіраўнік з яшчэ адным удзельнікам работ. Адзначае і плённую працу Уладзіміра Мікалаевіча Тараканава, які займаўся падкормкай азімых на адрамантаванай сёлета “Дзвіне”.

З гэтымі культурамі, прынамсі, у “Глыбачанах” звязваюць асаблівыя надзеі: з зімоўкі і рапс, і зерневыя выйшлі няблага, чакаюць першых грошай ад свірэпіцы, якой сёлета занята каля 100 гектараў. Даюць падставу для спадзяванняў 24 тоны “эліты” насення яравой пшаніцы і 8 – ячменю, якое прывезлі з Лепельскага і Талачынскага раёнаў. 500 гектараў будзе адведзена пад кукурузу.

“Гэта вясна стала для “Глыбачан” вялікім выпрабаваннем, – адзначае А.В.Ладноў. – Давялося сканцэнтраваць усе сілы і рэсурсы, і я хачу выказаць падзяку ўсім работнікам, спецыялістам, арганізацыям, кіраўніцтву нашага раёна і Полацкага аграрнага аб’яднання, якія не пакінулі нас сам-насам з праблемамі”. Зрэшты, у такім стратэгічным пытанні, як вырошчванне хлеба, інакш быць і не магло. Ну а глыбачанцам зычым наступныя этапы гадавога аграрнага цыкла правесці больш паспяхова і зладжана.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *