В КУСХП «Ореховно» одними из первых среди хозяйств Ушачского района приступили к закладке сенажа

Сельское хозяйство

На поле за Лабанямі, дзе працаваў механізаваны атрад КУСГП “Арэхаўна” па нарыхтоўцы кармоў, я прыехаў у кабіне МТЗ-3022 Мікалая Магеркі, бо рэдакцыйная “Ніва” не змагла прабіцца праз нізіну, разбітую коламі занятай на адвозцы зялёнай масы тэхнікі. На скошаных участках сярод падвяленых валкоў калегу ўжо чакаў Аляксандр Гусёнак, які зусім нядаўна перасеў з кабіны такога ж трактара за руль КВК-800 – нарыхтоўка кармоў у гаспадарцы набірае абароты. Здаецца, і недалёка ад гэтага поля да фермы ў Ціханятах, але аб’язджаць прыходзіцца па кругу праз Сарочына, вось і спяшаюцца вадзіцелі, каб не прастойваў КВК. На адвозцы зялёнай масы акрамя М.Магеркі заняты і Аляксандр Ясюк на МАЗе-555. Хоць і меншая ўмяшчальнасць кузава яго аўтамабіля, чым прычэпа энерганасычанага МТЗ, але сваё бярэ хуткасцю перавозкі, колькасцю рэйсаў. Таму і трымаецца з першых дзён корманарыхтоўкі Аляксандр Аляксандравіч у ліку лідараў сярод механізатараў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы зялёнай масы.

Зноў, як і на пасяўной, побач з работнікамі гаспадаркі працуюць прыкамандзіраваныя механізатары і тэхніка. Косяць першыя травы тры дыскавыя касілкі: арэхаўскім механізатарам Сямёну Первянёнку на МТЗ-1221 і Аляксандру Каваленку на МТЗ-82 дапамагае Віктар Шчэрбік з прадпрыемства меліярацыйных сістэм. З граблямі працуе трактар ПУП “Сарочына”, якім кіруе Дзмітрый Прашкевіч.

Слупок тэрмометра ў сераду апоўдні ўзняўся да 30 градусаў. У механізатараў невялікі перапынак, бо якраз у гэтыя хвіліны сабраліся ўдзельнікі касавіцы ў цяньку ля ГАЗ-53 Сяргея Жарнасека, які прывёз ім гарачыя абеды. Але і за стравай – размовы аб справе.

– Сёння вільготнасць нармальная, – кажа М.Магерка, паказваючы рукой на запоўнены здробненай травой прычэп. – Тон 8 будзе, а бывае і 12.

“Перадыхнуць” жа паміж сяўбой і пачаткам касавіцы ў мясцовых механізатараў не атрымалася. Праца гэта наслойваецца адна на адну – поле за Лабанямі пасля ўборкі траў будзе пераарана і засеяна кукурузай, якая таксама пойдзе ўвосень на патрэбы жывёлагадоўлі. Усяго ў “Арэхаўне” запланавана закласці звыш 8 тысяч тон сенажу і амаль 7 тысяч тон сіласу, 349 тон сена. Калі атрымаецца, то статак гаспадаркі будзе забяспечаны травянымі кармамі ў разліку 39 умоўных кармавых адзінак на адну галаву жывёлы.

Надвор’е на пачатку тыдня стаяла не вельмі спрыяльнае, таму ўдзельнікі касавіцы стараюцца выкарыстаць кожную гадзіну. На бліжэйшы час у іх адзін, галоўны зараз маршрут: з поля – на ферму, і наадварот. Выязджаюць на світанку, а дадому А.Гусёнак і механізатары, занятыя на адвозцы, вяртаюцца позна ўвечары. Работы ж на закладцы кармоў наогул вядуцца кругласутачна і спыняюцца хіба што ў выпадку паломак тэхнікі. Траншэю ля фермы ў Ціханятах трамбуюць Сяргей Дуброўскі на “Амкадоры”, уначы яго змяняе Андрэй Бародзіч на МТЗ-1221.

Для таго, каб правесці першы ўкос і закласці паўнацэнны сянаж і сілас, у гаспадарцы ў хуткім часе задзейнічаюць яшчэ некалькі адзінак тэхнікі, якая, на жаль, мае ўласцівасць ламацца. І калі надвор’е не паднясе непрыемных сюрпрызаў, то пры граматнай арганізацыі работ намечаныя планы па нарыхтоўцы кармоў уяўляюцца цалкам здзяйсняльнымі.

Д.РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *