В Ушачской ДШИ прошло масштабное театрализованное музыкальное представление «У природы нет плохой погоды»

Культура

Справаздачныя канцэрты навучэнцаў дзіцячай школы мастацтваў заўсёды маюць асаблівую аўру шчырага пазітыву – магчыма, справа ў імкненні юных артыстаў выкласціся на сцэне па-максімуме і ўразіць самых важных гледачоў – сваіх родных і сяброў.

Выхаванцы эстраднага і харэаграфічнага аддзяленняў рэпетыравалі нумары сёлетняй сумеснай праграмы некалькі месяцаў, а педагогі Алена Анатольеўна Сазонава і Наталля Веньямінаўна Корнева ледзь не начавалі ў зале. У выніку атрымалася маштабнае тэатралізаванае музычнае прадстаўленне “У природы нет плохой погоды” – з адзіным сюжэтам, які раскрываецца ў чатырох блоках, адпавядаючых розным порам года, увасаблялі якія чароўныя вядучыя Вара Ларчанка, Віка Глінская, Дарына Шыкштэла і Лера Акулёнак. Гумар чаргаваўся з лірыкай, салісты – з ансамблямі, а зусім маленькія танцоры і спевакі – з ужо вопытнымі выканаўцамі. Пры гэтым кожны нумар быў асобным шоу: у залу ляцелі снежкі, якія на вачах ператвараліся ў красавіцкія ручайкі, а забаўныя песенькі пра летнія кветкі і гарэзлівых поні перацякалі ў настальгічныя ноткі асенняга джазу.

Усе вобразы былі дакладна прадуманы, а стварыць іх дапамаглі трапныя аксесуары (напрыклад, каляровыя парасоны ў восеньскім танцавальным нумары і празрыстыя зялёныя накідкі – у вясеннім), а таксама касцюмы, спецыяльна пашытыя для выступлення. Бацькі ў час падрыхтоўкі не толькі клапаціліся пра антураж. “Наша Ліза штодня дома адточвала танцавальныя рухі, так што мы, здаецца, таксама вывучылі ўвесь рэпертуар!” – з усмешкай адзначала мама Таццяна Іванюта. А тата Олі Цімафеевай Дзмітрый Пятровіч прызнаўся, што ў іх доме пастаянна праходзілі практыкаванні па вакале. Цэлая дэлегацыя прыйшла падтрымаць спявачку Алісу Бандарэнка, а яе бабулі Наталля Іванаўна і Валянціна Міхайлаўна, якія дзеля такога выпадку адклалі ўбок усе справы, прызналіся, што вельмі ганарацца ўнучкай.

Канцэрт быў платны, але квіткі на яго разляцеліся літаральна за два дні – мерапрыемства ж перасягнула школьны і нават раённы ўзровень і цалкам апраўдала намаганні, патрачаныя на яго падрыхтоўку.

Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы імпрэзы прынялі і навучэнцы мастацкага аддзялення. Падапечныя Айгуль Аразалаўны Смык разгарнулі ў фае дзве конкурсныя выставы, а падчас канцэрту юныя мастакі атрымалі ўзнагароды: самым дасканалым быў прызнаны малюнак Аляксандры Урбан, дыплом ІІ ступені – у Ані Скарабагатай, ІІІ – у Насці Дукмасавай і Веры Хамёнак, у экспазіцыі дэкаратыўна-прыкладных вырабаў перамагла Аня Рэут, другой стала Ліза Шыла, трэція месцы ў Насці Армонік і Насці Лёлі, ну а прэстыжны прыз глядацкіх сімпатый атрымаў Арцём Пашута.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *