На базе ФОК «Юность-Ушачи» провели проект для одарённых детей «Олимпийский талант»

Cпорт

Сапраўдны спартыўны талент падобны залатым крупінкам у тонах горнай пароды. Адшукаць яго няпроста – асабліва не маючы эфектыўнай і навукова абгрунтаванай сістэмы. Прэзідэнцкі спартыўны клуб сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму, аб’яднаўшы намаганні, стварылі эксперыментальны праект па адборы адораных дзяцей “Алімпійскі талент”.

Для яго старту былі абраны тры раёны Віцебскай вобласці – Глыбоцкі, Докшыцкі і Ушацкі. На першым этапе па тэстах, прадугледжаных праграмай дысцыпліны “Фізічная культура і здароўе”, настаўнікі фізкультуры пратэсціравалі каля паўтысячы 9-10-гадовых школьнікаў – адпаведна даследаванням, менавіта гэты ўзрост перад пачаткам палавога выспявання найбольш аптымальны для ацэнкі патэнцыялу дзяцей.

Для другога этапу тэсціравання, які праходзіў на мінулым тыдні ў форме міжраённых спаборніцтваў на базе спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”, былі адабраны 60 школьнікаў з прыгаданых раёнаў – па 10 хлопчыкаў і дзяўчынак з кожнага.

“На гэтым этапе патэнцыял дзіцяці мы выяўляем з дапамогай 6 тэстаў, галоўны крытэрый якіх – здольнасць дакладна кіраваць сваімі рухамі”, – тлумачыць навуковы кіраўнік галіновай лабараторыі спартыўнай біямеханікі Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ “Палітэхнік” Валерый Еўстаф’евіч Васюк.

Пра тое, якія практыкаванні давядзецца выконваць, дзеці не ведаюць – а таму павінны хутка зарыентавацца. Так, з заданнем некалькімі скачкамі пераадолець пэўную дыстанцыю і прызямліцца як мага бліжэй да нанесенай на падлогу лініі амаль усе хлопчыкі і дзяўчынкі спраўляюцца няблага. Але задача ўскладняецца: у другі раз зрабіць гэта трэба з заплюшчанымі вачыма, а пасля кожнага скачка павярнуцца на 360 градусаў. Тут поспех чакае ўжо толькі тых, хто добра каардынаваны, здольны запомніць і дакладна ўзнавіць рухі.

«Лічу гэты праект слушным і цікавым, асабліва ў тым плане, што пад яго ўвагу трапяць вясковыя дзеці, якім звычайна не так проста пра сябе заявіць, – адзначае настаўнік фізкультуры Ільюшынскай СШ В.І.Акулёнак. – А сярод сельскіх школьнікаў шмат здольных: мяркуйце самі – у першым этапе адбору ўдзельнічалі 10 маіх вучняў, 5 з іх прайшлі ў другі, мяркую, што хтосьці апынецца і ў трэцім”.

Па выніках спаборніцтваў спецыялісты лабараторыі спартыўнай біямеханікі адабралі 18 школьнікаў для трэцяга этапу праекта: хлопчыкі і дзяўчынкі з самым высокім патэнцыялам накіруюцца ў Мінск на двухдзённы збор, дзе іх чакае паглыбленае тэсціраванне з серыі заданняў, звязаных з комплексным праяўленнем рухальных, кагнітыўна-каардынацыйных і псіхаматорных здольнасцяў у штучна змяняемых умовах знешняга асяроддзя.

У складзе брыгады спецыялістаў, якая абслугоўвала спаборніцтвы другога этапу, прыемна было ўбачыць выпускніка Ушацкай школы Мікіту Галая. Наш зямляк скончыў спартыўна-тэхнічны факультэт БНТУ, магістратуру, а зараз прымае ўдзел у ажыццяўленні праекта “Алімпійскі талент”.

Ну а ўшацкі спартыўны комплекс у бліжэйшым будучым можа стаць галоўнай пляцоўкай для далейшай рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Алімпійскі талент”. Свой выбар арганізатары тлумачаць тым, што гэта адна з лепшых спартыўных баз рэгіёну, дзе створаны ўсе ўмовы для плённага вучэбна-трэніровачнага працэсу. Разглядаецца ідэя сабраць ва Ушачах таленавітых дзяцей прыкладна з дзевяці бліжэйшых раёнаў, якія будуць атрымліваць адукацыю, трэніравацца па спецыяльнай праграме, мэтанакіравана і гарманічна развівацца, пасля чаго зробяць выбар на карысць пэўнага віду спорту і працягнуць навучанне ва ўчылішчах алімпійскага рэзерву. Калі эксперымент будзе прызнаны паспяховым, гэты вопыт распаўсюдзяць на іншыя рэгіёны краіны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *