Коллектив управления сельского хозяйства и продовольствия Ушаччины проявил инициативу обновить памятник в Матырино

Общество

Практычна ў кожным населеным пункце можна ўбачыць помнікі, што нагадваюць пра загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны земляках. Усе яны замацаваны за пэўнай арганізацыяй, супрацоўнікі якой наводзяць парадак на тэрыторыі, абнаўляюць “сталыя” ўжо абеліскі. Да Дня Перамогі зрабілі гэта ўсе шэфы, ну а калектыў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання праявіў ініцыятыву і, можна сказаць, надаў абеліску ў Матырыне новае аблічча.

Помнік узвышаецца на гары над возерам. Хоць і на самай высокай кропцы, стэла з імёнамі загінуўшых землякоў тым не менш паднята на некалькі бетонных прыступак. З цягам часу нават гэты трывалы матэрыял крышыцца. Вось і зараз шэфы тынкавалі шчыліны, узмацнялі падмурак, які потым наноў пафарбавалі. Перыметр вакол помніка засыпалі шчэбнем, шэры колер якога аздабляюць зараз маладыя зялёненькія туі. Уявіце, што да гэтага там быў трывалы дзірван, які ўвесь паднялі, а каб не прабіваўся наноў, заслалі плёнку і засыпалі гравіем.

Ідэя так аднавіць помнік належыла начальніку райсельгасхарча С.С.Садоўскаму. Хоць малады і немясцовы, аднак да догляду за замацаваным за калектывам аб’ектам ставіцца нефармальна. “Магілы з чырвонымі зоркамі стаяць па ўсёй еўрапейскай тэрыторыі былога Савецкага Саюза. І рэдка сем’і загінуўшых маюць магчымасць пакланіцца родным вызваленцам. Аднак, калі ведаеш, што месца іх пахавання дагледжана, то на душы спакайней. Такія аб’екты нельга дзяліць па асабістай прыналежнасці, яны ўсе нашы. І мне вельмі прыемна, што так лічаць усе супрацоўнікі нашага калектыву. Хоць давялося чатыры дні актыўна папрацаваць, самым складаным было выдаліць каранёвую сістэму старых кустоў і дзірван вакол помніка, ніхто не сказаў, што займаемся нечым непатрэбным. Наадварот, гэта справа нас больш згуртавала, а значыць і ў астатнім мы будзем калектывам. Вялікі дзякуй, канечне, і нашым спонсарам ААТ “Агра-Селішча” (кіраўнік С.А.Плігаўка), Ушацкі лясгас (С.А.Даніловіч), ДРБУ-105 (А.У.Пячкоўскі)”, без якіх немагчыма было б выканаць задуманае. Індывідуальны прадпрымальнік І.Ф.Казачонак спілаваў старую алею з вялізнымі аварыйнымі таполямі. Фарбу і транспарт выдзеліла.

А 8 мая адбылося ўрачыстае адкрыццё абноўленага помніка. Старшыня Ушацкага сельвыканкама М.П.Хоміч нагадаў матырынцам пра спробы перапісаць гісторыю і ўмаліць подзвіг нашага народа, расказаў, дзякуючы каму так велічна выглядае гэтае святое месца, усклаў вянок, да якога далучыліся шматлікія кветкі. Літаральна кожны школьнік прынёс з дому прыгожыя нарцысы, а сам мітынг атрымаўся вельмі кранальным. Калі бачыла, як крочыць з веткамі чаромхі пажылы чалавек, была пераканана, што на абеліску абавязкова ёсць імёны яго родных. “Не, пахаваны ў іншых месцах, аднак у нашай сям’і вайна адняла чатыры чалавекі, таму не мог не прыйсці сюды сёння”, – казаў Уладзімір Фёдаравіч Кісялёў. Хоць мерапрыемства праходзіла ў мясцовым фармаце, аднак загадчыца клуба Валерыя Лягчыліна і бібліятэкар Людміла Змітрачэнка падрыхтавалі яго ад душы. Пранікнёна чыталі вершы школьнікі, сярод іх без цяжкасці пазнала нядаўняга ўдзельніка раённага конкурсу чытальнікаў Кірыла Лягчыліна. А для спецыяліста райсельгасхарча А.І.Папко гэты помнік не проста замацаваны аб’ект – тут ёсць імёны яе родных. “Максім Коршун – мой дзед па бацьку, які загінуў у партызанах. Таксама памятаю, як бабуля расказвала пра розныя лёсы сваіх братоў. Уладзімір Рудзёнак дайшоў да Берліна і вярнуўся, а Іван партызаніў і загінуў”.

А на наступны год райсельгасхарч мяркуе аднавіць у золаце нанесеныя імёны, зрабіць новую бетонную сцяжку, закласці алею і працягнуць добраўпарадкаванне.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *