Дом-музей Петруся Бровки в Путилковичах ознакомит с жизнью и творчеством народного поэта

Общество

Першы месяц лета багаты на адметныя даты, звязаныя са славутымі ўшацкімі літаратарамі. У іх шэрагу і Народны пісьменнік Беларусі Пятрусь Усцінавіч Броўка, 116 год з дня нараджэння якога адзначаецца 25 чэрвеня.

Нядаўна мы пабывалі ў Пуцілкавічах і наведалі дом-музей знакамітага паэта. Мяркуем, што далёка не ўсе ўшачане былі ў гэтым месцы, а таму хочам падказаць, куды зладзіць вандроўку, каб узбагаціцца новымі ведамі і ўражаннямі. Дарэчы, славу гэтаму краю стварыў не толькі вядомы паэт. Пуцілкавічы захоўваюць шмат таямніц, бо ў гэтым маляўнічым месцы спрадвеку актыўна сяліліся людзі. Напрыканцы ХІХ стагоддзя беларускі краязнаўца і археолаг Францішак Вярэнька выявіў у тутэйшых месцах 9 гарадзішчаў Жалезнага веку, раскапаў 36 курганоў, а складзеныя ім карты і знойдзеныя на Ушаччыне рэчы дагэтуль зберагаюцца ў Кракаўскім музеі.

Пра ўсё гэта з цікавымі падрабязнасцямі расказвае дазорца дома-музея П.У.Броўкі М.Л.Сыс (на здымку). Дарэчы, тых, хто чакаў убачыць тут сціплую вясковую экспазіцыю, чакае сюрпрыз: музей настолькі велічны і абшырны, што дасць фору многім сталічным. Для ўсіх гасцей Міхаіл Леанідавіч праводзіць захапляльную экскурсію па яго залах: у першай з дапамогай старажытных рэчаў сялянскага побыту створаны антураж хаты, дзе жыла сям’я будучага паэта, ну а ў другой аформлена асноўная экспазіцыя, у якой прасочваецца жыццёвы шлях нашага земляка ад дзяцінства і маладосці, калі ён працаваў сакратаром і старшынёй Маладолецкага сельсавета, да часоў, калі стаў асобай сусветнага маштабу. У музеі прадстаўлены кнігі, узнагароды, унікальныя фотаздымкі: на адным, зробленым у 50-я, Пётр Усцінавіч сядзіць на лавачцы разам з Якубам Коласам і Міхасём Лыньковым, на другім, датаваным 1972-м, першы сакратар ЦК КПБ Пётр Міронавіч Машэраў уручае паэту залатую зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Маюцца ў экспазіцыі ўласныя рэчы Петруся Броўкі: стол, стул, лямпа, акуляры, чарнільніца, попельніца. Кранае за жывое ўстаноўленая ля хаты стэла памяці маці паэта Алены Сцяпанаўны, якая загінула ў Асвенцыме…

Пераказваць усё не мае сэнсу: гэта проста трэба ўбачыць. Прыязджайце ў Пуцілкавічы самі, прывозьце сяброў і родных – і вы ў чарговы раз упэўніцеся, наколькі цікавая наша Ушаччына.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *