Участники Всебелорусского собрания

Общество

Першыя два дні гэтага тыдня былі азнаменаваны важнай для краіны падзеяй – адбыўся чацвёрты Усебеларускі народны сход. У ім прыняло ўдзел дзве з паловай тысячы чалавек з усіх абласцей і сталіцы. Якія ўражанні склаліся ад гэтага маштабнага мерапрыемства, мы пацікавіліся ў аднаго з дэлегатаў ад Ушацкага раёна старшыні раённага Савета дэпутатаў Алены Васільеўны ПАШКОВІЧ.

– Я ўпершыню прымала ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу, а таму, безумоўна, перапаўняюць уражанні. Адбылася шчырая дзелавая размова пра важнейшыя пытанні жыцця дзяржавы і грамадства, вызначаны прыярытэтныя задачы і аптымальныя шляхі іх вырашэння. Упэўнена, што кожны дэлегат, і я ў тым ліку, вярталіся са сходу натхнёныя на стваральную актыўную дзейнасць на карысць людзей і краіны.

Гэтыя два дні сталі вельмі знакавымі і насычанымі для краіны. Беларусь заявіла аб сваім намеры ў бліжэйшым пяцігоддзі ўвайсці ў лік 50 краін с найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні падкрэсліў, што ўзровень і якасць жыцця чалавека вызначаюць пяць важнейшых складаемых: паўнацэнная сям’я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Гэта сведчыць пра тое, што дабрабыт чалавека з’яўляецца ў беларускай дзяржаве галоўнай мэтай. Прыярытэтамі краіны на 2011-2015 гады аб’яўлены ахова здароўя, адукацыя, інавацыйны шлях развіцця эканомікі і падтрымка сям’і з дзецьмі.

Удзельнікі сходу пабывалі на буйных прадпрыемствах, дзе атрымаўся прадукцыйны і карысны дыялог, выказаны шматлікія прапановы па ўдасканаленні работы ў розных сферах. Наведалі мы і “Мінск-арэну”, дзе прайшоў канцэрт у рамках грандыёзнай акцыі “Беларусь – гэта мы!”

Дыскусія ў заключны дзень форуму дазволіла выявіць найбольш праблемныя кропкі і акрэсліць шлях развіцця.

Лічу, што Усебеларускі народны сход – найважнейшы элемент улады ў краіне. Дэлегаты адобрылі асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады і замацавалі гэта рашэнне ў рэзалюцыі форуму. Стратэгія дзяржаўнага будаўніцтва на бліжэйшую перспектыву засталася нязменнай – клопат пра кожнага чалавека, які жыве ў краіне. Для гэтага неабходны намаганні ўсяго грамадства. Гэта шлях да моцнай і квітнеючай Беларусі.

На наступным тыдні нас чакае яшчэ адна важная палітычная падзея – прэзідэнцкія выбары. І як сказаў Прэзідэнт, воля беларускага народа – адзіная сіла, якая можа і павінна выбіраць лёс дзяржавы. А.Лукашэнка заявіў, што адна з прычын, якая ўтрымлівае яго на гэтай пасадзе, – імкненне абараніць суверэнітэт Беларусі. А што можа быць высакародней?

Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *